У сераду, 2 лютага, Святлана Ціханоўская правяла адкрытае тэлефанаванне з беларусамі на тэму аховы здароўя ў краіне. Рэгістрацыя на Zoom была адкрытая, далучыцца мог любы ахвочы.
Некалькі назіранняў, якімі падзяліліся беларусы – і пацыенты, і лекары:
- Шмат хто спадзяваўся, што ў краіне з'явяцца адобраныя ЕС вакцыны, але з-за рэжыму ў іх не было выбару. Таму шмат хто прывіваўся «Спутником».
- Назіраюць чэргі не толькі ў паліклінікі, але і на замову паніхід.
- Пасля адмены масачнага рэжыму ў многіх установах вялікі адсотак нават лекараў не носіць маскі.
- «Да кастрычніка быў план па вакцынацыі – яго завалілі. Спрабавалі загнаць нават тых, хто перахварэў нядаўна, проста для галачкі».
- «Некаторыя калегі-тэрапеўты, прыйшоўшы на працу, даведаліся, што па паперах яны ўжо «прышчэпленыя».
- «У паліклініцы за гадзіну было прынята 24 чалавекі. 2,5 хвіліны на пацыента – гэта ў 5 разоў менш за нарматыў. І для лекара такія нагрузкі – пякельная праца».
- Вялікая праблема Беларусі – сістэма дзяржзакупак, калі ўстановы аховы здароўя не атрымліваюць неабходнага абсталявання, лекаў і медыцынскіх рэагентаў своечасова.
Таксама ўзнялі тэму рэформаў у ахове здароўя новай Беларусі – напрыклад, у пытанні дзяржаўнай і страхавой медыцыны.
Прадстаўнік Фонду медыцынскай салідарнасці Андрэй Ткачоў нагадаў пра праект тэлемедыцыны okdoc.me, дзе кожны беларус можа атрымаць анлайн-кансультацыю ад сумленнага лекара, а лекар можа знайсці працу. Сервіс бяспечны, у Беларусі сайт працуе праз VPN.
У канцы тэлефанавання Святлана Ціханоўская падзякавала суразмоўцам за размову, лекарам за іх працу і папрасіла беларусаў насіць маскі, прышчапляцца даступнымі вакцынамі, захоўваць бяспечную дыстанцыю і, па магчымасці, працаваць з дому.
На наступным тыдні пройдзе чарговае адкрытае тэлефанаванне, пазней мы апублікуем спасылку для рэгістрацыі.