• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Не даць паўтарыць катастрофу. Ціханоўская – у памяць пра Чарнобыль

    26 красавіка, 2022

    «36 гадоў таму адбылася Чарнобыльская катастрофа, якая забрала дзясяткі тысячаў жыццяў. З-за патурання і хлусні ўладаў сотні тысячаў людзей пацярпелі ад радыяцыі, мільёны хварэюць зараз і яшчэ будуць хварэць у будучыні. На сотні гадоў забруджаныя радыеактыўнымі рэчывамі вялікія часткі тэрыторыі Беларусі і Украіны. Святлана Алексіевіч у кнізе «Чарнобыльская малітва» распавяла сотні такіх гісторый беларусаў – якія пацярпелі з-за неразважлівасці дзяржавы.

    Здавалася, што ядзерная катастрофа не можа паўтарыцца – бо людзі, якія на сабе адчулі гэты кашмар, не дазволяць зноў яму адбыцца. Але паглядзіце: праз 36 гадоў ёсць цэлыя тры прычыны, чаму з-за двух дыктатараў ядзерная катастрофа можа паўтарыцца.

    • Першая прычына – вайна ва Украіне. Мы бачым, як расійскія войскі атакуюць Запарожскую АЭС. Упершыню ў гісторыі прайшлі баі на ядзерным аб'екце. Салдаты капаюць акопы ў радыеактыўным Рыжым Лесе каля Прыпяці, апраменьваюцца самі, а потым вяртаюцца ў Беларусь разам з тэхнікай, ад якой ідзе небяспечнае выпраменьванне.
    • Другая прычына – у Беларусі ёсць БелАЭС, якая пабудавана за расійскія сродкі і пры расійскай падтрымцы фактычна таемна ад народа, са шматлікімі праблемамі на ўсіх этапах ад будоўлі да запуску. А галоўнае – электраэнергія не толькі не стала танней для беларусаў, але наадварот падаражэла. Электрастанцыя, пра якую ні ў саміх беларусаў, ні ў суседніх краінаў не пыталіся меркавання, прыводзіць да яшчэ большай залежнасці ад Расіі – ад яе ядзернага паліва, тэхнічных спецыялістаў і неабходнасці дзесьці захоўваць ядзерныя адкіды.
    • Трэцяя прычына, якая толькі павялічвае рызыку трагедыі, – тое, што ў сваім нелегітымным «рэферэндуме» Лукашэнка вырашыў выкрасліць з Канстытуцыі Беларусі нейтральны і бяз'ядзерны статус. Гэта значыць, у Беларусі, дзе ўжо знаходзяцца расійскія войскі і танкі, могуць размясціць яшчэ і чужую ядзерную зброю – і тым самым радыкальна павялічыць рызыку, што нашая краіна можа стаць мішэнню на мапе.

    Распавядзіце ўсім сваім сябрам, калегам і сваякам (асабліва тым, хто глядзіць тэлевізар), пра гэтыя тры прычыны – бо ім трэба ведаць, што пазбаўляе іх бяспекі і як мы можам яе вярнуць.

    І каб не дапусціць новай трагедыі, мы мусім зрабіць усё, каб спыніць вайну ва Украіне і пазбавіцца ад дыктатуры. Тады легітымная, абраная народам улада, зможа вярнуць у краіну мір, закон і бяз'ядзерны статус».


    На здымку: Святлана Ціханоўская з амбасадарамі Францыі, ЗША і Літвы ўсклала кветкі да помніка «Маці Чарнобыля»
    Апошнія навіны