Святлана Ціханоўская: «У Новай Баравой людзі зноў стаялі ў чэргах, але на гэты раз для таго, каб запісаць сваіх дзяцей у першы клас мясцовай школы. Такіх месцаў усяго 150, а ахвочых значна больш. І хоць па законе ў школу павінны ўзяць усіх, у каго ёсць мясцовая прапіска, па факце – месцаў папросту не хопіць.
Я не буду зараз казаць пра тое, што грошы, на якія можна было б пабудаваць больш школаў і бальніцаў, былі выдаткаваныя на падтрымку Пуціна ў вайне, рэпрэсіі і сілавікоў. Вы гэта і так ведаеце. Я не буду казаць пра тое, што чыноўнікі не хочуць вырашаць праблемы і ім не важныя людзі – вы і гэта шмат разоў чулі. Я хачу пагаварыць пра тое, што трэба рабіць у такой сітуацыі.
Самае важнае – чыноўнікі не павінны баяцца гаварыць з людзьмі адкрыта. Насамрэч, для настаўнікаў, завучаў і чыноўнікаў бацькі – гэта прыхільнікі, калі вы далі ім зразумець праблему. Асабліва ў такім раёне, як Новая Баравая, дзе столькі ініцыятывы і самаарганізацыі.
Варыянты вырашэння такіх праблемаў важна абмяркоўваць разам, каб выпрацаваць такі, на які ўсе пагодзяцца. Будзе гэта перавод у школы паблізу, павялічаныя класы ці дзве змены – любое сумеснае рашэнне будзе лепш, чым спроба збегчы ад адказу. А ў будучыні можна будзе дабіцца не толькі вырашэння гэтай праблемы, але і на мясцовым узроўні прасунуць пабудову яшчэ адной школы ў Новай Баравой.
Нашай краіне не трэба столькі міліцыі і сілавікоў, і вы гэта цудоўна ведаеце. Нашай краіне трэба больш школаў, у якія хочацца аддаць сваіх дзяцей. І ўплываць на гэта можна толькі сумеснымі намаганнямі».