Па запрашэнні прэзідэнта Байдэна Святлана Ціханоўская разам з Наталляй Пінчук – жонкай лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага – прыняла ўдзел у Саміце за дэмакратыю 2023, арганізаваным Белым домам. Ціханоўская і Пінчук выступілі ў асноўнай праграме Саміту перад прамовай прэзідэнта Байдэна.
- Поўны тэкст выступу:
Святлана Ціханоўская: Мы з Беларусі – краіны, дзе няма свабоды. Краіны, якая ўжо 28 гадоў жыве пад жорсткай тыраніяй. Краіны, дзе ў людзей няма базавых правоў чалавека. Краіны, дзе кіруе страх, дзе нават за шэпт слова «свабода» вас могуць адправіць у турму.
Самы цяжкі ўрок, які мы засвоілі за апошнія гады, палягае ў тым, што свабода ніколі не даецца проста так, а прыходзіць, калі людзі яе патрабуюць. Незалежнасць таксама не даецца назаўжды. Гэтыя каштоўнасці патрабуюць мужнасці, адказнасці і самаахвярнасці. Іх не будзе без людзей, гатовых паставіць інтарэсы іншых вышэй за свае.
Наталля – прыклад такога чалавека. Я сустрэла яе нядаўна, але ўжо даўно захаплялася яе адвагай. Пра справу яе мужа, вядомага змагара за дэмакратыю і палітычнага зняволенага Алеся Бяляцкага, ведаюць усе беларусы.
35 гадоў Наталля падтрымлівала Алеся, калі ён мірнымі спосабамі змагаўся за незалежнасць Беларусі, рызыкуючы нават у часы камуністычнай дыктатуры. Калі ён абараняў беларусаў ад пераследу рэжымам. Год таму, калі Алеся затрымалі, яна стала ягоным галоўным абаронцам. На цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру яму летась яна выступіла ад яго імя, заклікаючы свет да рашучых дзеянняў.
Многія называюць нашую рэвалюцыю жаночай менавіта дзякуючы такім бясстрашным асобам як Наталля.
Наталля Пінчук: Шмат гадоў, нягледзячы на мірную барацьбу супраць дыктатуры многіх адважных людзей, у тым ліку майго мужа, Беларусь была белай плямай на мапе Еўропы.
Але ў 2020 годзе вобраз Беларусі змяніўся. На здзіўленне многіх, выклік аднаасобнай уладзе кінула жанчына. Святлана Ціханоўская не збіралася ісці ў палітыку. Але калі арыштавалі яе мужа Сяргея, які вырашыў ісці ў прэзідэнты, яна зарэгістравалася замест яго. Улада не ўспрыняла яе сур'ёзна. І заплаціла высокую цану. Святлана перамагла на выбарах.
Але рэжым не прыняў волю народа і пры падтрымцы Масквы пачаў тэрор супраць беларусаў. Святлана ж працуе на карысць свайго народа, яна стала сапраўдным лідарам у вачах беларусаў і свету. Яна стварае будучыню для дэмакратычнай Беларусі, пераадольваючы страх і траўмы.
Я ведаю, як цяжка быць моцнай, калі твой муж у турме. Я сумую па мужу Алесю і адчуваю ўвесь боль Святланы.
Святлана Ціханоўская: Калі вы бярэце шлюб, вы клянецеся ў вернасці адно аднаму. Мы хацелі жыць простым жыццём і выхоўваць дзяцей у каханні. Але жыццё не заўсёды складаецца так, як нам хацелася б. У такія моманты важна заставацца вернымі сваім клятвам. Сітуацыя ў Беларусі і Украіне сёння таксама з'яўляецца выпрабаваннем вернасці для ўсяго свету. Наколькі моцны шлюб паміж дэмакратыямі і свабодай? Наколькі моцная клятва дзейнічаць рашуча? Мы, жанчыны, застаемся вернымі нашым мужам, якіх трымае ў закладніках і катуе дыктатар. Нашая краіна і наш народ таксама знаходзяцца ў закладніках. Аднак людзі Беларусі застаюцца адданымі ідэалам дэмакратыі. Мы хочам, каб нашыя мужы былі вольныя. Мы хочам, каб свабоднай была нашая краіна.
Наталля Пінчук: Мы звяртаемся да вас не толькі як маці, жонкі, ці таму што ў нас ёсць дзеці, якіх мы любім і хочам абараніць. Мы тут, бо мы беларусы. Мы тут, таму што ад гэтага рэжыму церпіць кожны. Ён садзіць у турмы ўсіх, хто не згодны, і руйнуе нашыя надзеі. А праз гэта Беларусь можа страціць сваю незалежнасць.
Святлана Ціханоўская: Дыктатура падобная да рак – яна не спыніцца, пакуль яе цалкам не выдаляць. Калі не выдаліць хаця б адну ракавую клетку, будуць наступствы разбуральнай сілы. З ракам тыраніі нельга мірыцца – з ім трэба змагацца. Пасля пачатку рэпрэсій у 2020 годзе рэжым адчуваў поўную беспакаранасць і стаў пагрозай усяму рэгіёну: скраў самалёт Ryanair, арганізаваў мігранцкі крызіс і, нарэшце, уцягнуў нашую краіну ў крывавую вайну Расіі супраць Украіны.
Наталля Пінчук: Калі пачалася вайна, у Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі. Тысячы людзей былі кінутыя за краты не толькі за пратэсты супраць рэжыму, але і за антываенную пазіцыю. Асабліва рэпрэсуюць тых, хто выступае за незалежнасць Беларусі ад Расіі, абараняе беларускую ідэнтычнасць, мову і культуру.
Святлана Ціханоўская: Справа ў тым, што незалежнасць, свабода і мір узаемазвязаныя. Вайна Расіі супраць Украіны відавочна паказала, што барацьба за незалежнасць ад імперскай Расіі – гэта барацьба і за свабоды і правы чалавека. І барацьба супраць прарасійскай дыктатуры ў Беларусі дапаможа свабоднай Украіне перамагчы.
Таму што лёсы Украіны і Беларусі пераплеценыя. Вайна ў Еўропе скончыцца толькі тады, калі наш агульны вораг, тыраны ў Маскве і Мінску, будзе пераможаны – не прыміраны.
Наталля Пінчук: Канечне, перамены ў Беларусі – гэта справа саміх беларусаў. Мы пачалі гэтую барацьбу – і мы яе скончым. Але шлях мірнага негвалтоўнага пратэсту, які мы выбралі, можа прывесці да поспеху толькі пры моцнай міжнароднай падтрымцы і салідарнасці.
Я веру, што і Алесь Бяляцкі, і Сяргей Ціханоўскі, і тысячы іншых беларусаў выйдуць з турмаў. Я веру, што беларусы перамогуць, бо мы змагаемся за справядлівасьць. Мы адбудуем нашую краіну і аб'яднаем свой народ вакол ідэі свабоды.
Святлана Ціханоўская: Дэмакратыя можа здавацца крохкай, а тыранія – непераможнай. Але мы ўсе ведаем, што дыктатура вядзе да хаосу, а дэмакратыя – да росквіту і міру.
Беларусы ўжо зрабілі свой выбар – выбар на карысць свабоднай, еўрапейскай, дэмакратычнай і стабільнай будучыні. Дапамажыце нам абараніць гэты выбар. Дапамажыце нам вярнуць нашую краіну.
Жыве Беларусь!
Выступ Святланы Ціханоўскай і Наталлі Пінчук пачынаецца ў ~1:40:30.