22-23 красавіка ў Вільні адбудзецца Канферэнцыя беларусаў свету II для арганізацый, суполак і ініцыятываў беларусаў замежжа, ініцыяваная Святланай Ціханоўскай. Першая Канферэнцыя такога фармату прайшла ў верасні 2021 года і сабрала прадстаўнікоў 40 арганізацый беларускай дыяспары з 26 краінаў. Чакаецца, што ў красавіцкай двухдзённай Канферэнцыі прымуць удзел больш за 100 беларусаў і беларусак ад дыяспараў, а таксама прадстаўнікі структураў дэмакратычных сілаў.
Каардынатар Офіса Святланы Ціханоўскай па працы з дыяспарамі і кантактная асоба Канферэнцыі Данііл Гаркавы распавядае падрабязнасці:
«Канферэнцыя – гэта адказ на агучаную нам дыяспарай неабходнасць абмеркаваць набалелыя пытанні. Мы і самі заўважаем, што не хапае каардынацыі паміж палітычнымі структурамі і грамадзянскімі ініцыятывамі. Нам усім важна вучыцца слухаць і чуць адно аднаго.
У сакавіку каманда арганізатараў Канферэнцыі, якая складаецца з прадстаўнікоў Офіса, Аб'яднанага пераходнага кабінета і Каардынацыйнай Рады, збірала зваротную сувязь ад прадстаўнікоў дыяспары. Самай важнай тэмай, якая трапіла ў праграму менавіта з ініцыятывы дыяспары, стала пытанне спосабаў інстытуцыйнай падтрымкі дыяспаральных арганізацый, многія з якіх, па сутнасці, да гэтага часу існуюць на валанцёрскіх асновах. Мы сфармавалі 4 тэматычныя напрамкі, якія цяпер удакладняем і дапрацоўваем. Падрабязная праграма канферэнцыі будзе паведамленая пазней. Сачыце за абнаўленнямі на сайце bydiaspora.net».
Нагадваем, каб узяць удзел у Канферэнцыі, вы як прадстаўнік ці прадстаўніца арганізацыі беларускай дыяспары павінны даслаць заяўку да 9 красавіка ўключна па гэтай спасылцы: https://forms.gle/WCL9zo4Eo63NhejY8. Калі заяўка будзе ўхваленая, вам прыйдзе пацверджанне. Таксама вы можаце задаць пытанні наконт Канферэнцыі тут: @conf_bel_diaspora
Будзем радыя бачыць беларусаў і беларусак замежжа!