Вячорка: «Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Еўрасаюз і Польшча падключыліся ў справу вакцынаў для Беларусі. Тры важныя аспекты ў гэтай ініцыятыве:
1) Вакцыны павінны быць вырабленыя і ў наяўнасці, вытворца павінен даць згоду на іх рэалізацыю ў Беларусі. Пакуль гаворым пра 400 тысяч доз.
2) Павінна быць трэцяя арганізацыя (Caritas, Чырвоны крыж ці любое з агенцтваў ААН у Беларусі), якая б узяла на сябе рэалізацыю на тэрыторыі Беларусі.
3) Рэжым павінен прапусціць гэтыя вакцыны праз мяжу, і не замінаць вакцынацыі.
Першыя два пункты вырашаюцца. Наконт трэцяга – з Беларусі паступаюць супярэчлівыя сігналы: адныя кажуць, што ў Беларусі гатовыя прыняць, але пасля слоў Лукашэнкі далі назад. Вось неяк так справа завісла ў няпэўнасці.
На мінулым тыдні Святлана Ціханоўская правяла сазвон з Фондам медыцынскай салідарнасці, еўракамісарам Варгеліем, мы кансультаваліся з Польшчай і прадстаўнікамі COVAX. Чакаем апдэйту ад САЗ. На наступным тыдні Святлана Ціханоўская сустракаецца з міністрам здароўя Германіі па гэтым жа пытанні».
Офіс Святланы Ціханоўскай просіць вас насіць маскі, прышчапляцца даступнымі вакцынамі, захоўваць дыстанцыю і, па магчымасці, працаваць з дому. Беражыце сябе і сваіх блізкіх!