Святлана Ціханоўская: «Сёння роўна год як загінуў камандзір роты палка Каліноўскага Павел «Волат» Суслаў. Адзначаць такія даты вельмі балюча – але гэта дата памяці. Мы павінны памятаць і шанаваць нашых герояў. І Павел Суслаў, безумоўна, герой. Я паглядзела відэа, якое зрабілі пабрацімы Паўла і ведаю людзей, якія ваявалі побач з ім. Усе яны расказвалі, што Павел «Волат» сапраўдны лідар, ваяр і патрыёт Беларусі, які заўсёды прыйдзе па дапамогу. Менавіта прыклад такіх людзей, як Павел, дае ўсім нам сілы змагацца.
Мне цяжка ўявіць увесь боль страты, які адчувае Наталля – маці Паўла. Гераічная жанчына, якая пасля смерці сына далучылася да палка Каліноўскага і працягвае яго справу. Мы не можам вярнуць ёй сына, але мы можам дапамагчы Украіне скончыць гэтую вайну перамогай, а потым вызваліць нашую Беларусь. Кожны і кожная з нас можа рабіць свой уласны ўнёсак у нашую агульную справу.
Полк Каліноўскага ўжо назваў батальён у гонар Паўла. Але такія героі, як ён, павінны быць ушанаваныя і ў свабоднай Беларусі, як яны таго заслугоўваюць».