21 верасня ў Хельсінкскай камісіі Кангрэса ЗША прайшлі слуханні па Беларусі. Яны сталі працягам палітыкі ЗША па падтрымцы беларусаў услед за візітам Святланы Ціханоўскай. Спікеры Кангрэса і запрошаныя спікеры пагаварылі пра павелічэнне фінансавання незалежных СМІ, дапамогу блогерам, падтрымку палітвязняў. У дакладах былі агучаныя і праблемы інфармацыйнай бяспекі – да прыкладу, тэндэнцыю YouTube выводзіць у трэнды прапагандысцкія ролікі рэжыму, якія распальваюць нянавісць і парушаюць правілы платформы.
З боку дэмакратычных сілаў Беларусі на слуханнях выступілі сястра Марыі Калеснікавай, прадстаўніца Каардынацыйнай рады па пытаннях палітвязняў Таццяна Хоміч, аналітык iSANS Сяргей Харытонаў, а таксама прадстаўнік Ціханоўскай па прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі.
Прыводзім фрагмент выступу Сяргея Зікрацкага – пра забойства інстытута адвакатуры і сумленных судоў, а таксама пра дзеянні, якімі ЗША і іншыя краіны могуць дапамагчы Беларусі вярнуць законнасць:
«Папраўкі да закона аб адвакатуры былі прынятыя вясной 2021 года. Яны накіраваныя на пазбаўленне адвакатуры сваёй незалежнасці і ўсталяванне поўнага кантролю Міністэрствам юстыцыі за дзейнасцю адвакатаў.
Вось толькі 3 асноўныя змены ў законе:
1) Кандыдаты на пасаду чальцоў калегіі адвакатаў павінны быць загадзя зацверджаныя Міністэрствам юстыцыі.
2) Кандыдат на пазіцыю адваката павінен прайсці стажыроўку ў калегіі. Пры гэтым спіс стажораў узгадняецца ў Мінюсце. Відавочна, што ўжо на стадыі стажыроўкі Мінюст будзе адсяваць няўгодных кандыдатаў.
3) Адзінай формай працы адвакатаў з'яўляюцца «кансультацыі», якія ствараюцца Радамі калегій адвакатаў – яны кiруюцца не адвакатамі, а прызначанымі Мінюстам людзьмі.
Раней былі таксама іншыя формы працы адвакатаў – незалежныя адвакацкія бюро, якія ствараліся самімі адвакатамі. Акрамя таго, адвакаты мелі права на індывідуальную практыку. Я таксама апісваў у сваім пісьмовым сведчанні факты дыскрымінацыі ў дачыненні да грамадзян з-за іх палітычных поглядаў.
Цяпер я назаву тры галоўныя крокі, якія можа зрабіць міжнародная супольнасць, каб дапамагчы аднавіць правасуддзе і свабоду ў Беларусі:
1) Паколькі Лукашэнка не выйграў апошнія выбары, ён не можа быць прызнаны прэзідэнтам Беларусі. Лукашэнка і прадстаўнікі афіцыйных дзяржаўных органаў не могуць быць запрошаныя ў любым афіцыйным статусе на любыя мерапрыемствы. Сувязь з імі магчымая толькі для ўсталявання патэнцыйнага дыялогу.
2) Трэба выкарыстоўваць міжнародныя прававыя механізмы для абароны правоў чалавека. Неабходна выкарыстоўваць скаргі ад краінаў, якія прадугледжаныя шэрагам канвенцый. У прыватнасці, можа быць выкарыстаны артыкул 30 Канвенцыі супраць катаванняў і артыкул 41 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
3) Неабходна сабраць інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, рэкордныя доказы злачынстваў рэжыму і запусціць расследаванні крымінальных злачынстваў па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі».
Поўны тэкст выступу Сяргея Зікрацкага на англійскай – тут.
Поўны тэкст выступу Таццяны Хоміч – тут.
Падобныя слуханні ў Кангрэсе важныя для беларусаў, паколькі на іх выпрацоўваюцца пазіцыі, па якіх вырашаецца далейшая палітыка і дзеянні ЗША і іншых краін у дачыненні да крызісу ў Беларусі.