• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Напішыце палітвязням. Гісторыя Ігара Банцара

    08 сакавіка, 2021

    Святлана Ціханоўская: «Ігара Банцара добра ведаюць у Гродне. Ён вельмі яркі і незвычайны чалавек. Гэта не проста мастак і музыка – гэта беларус, які абараняе правы чалавека і займаецца грамадскай дзейнасцю. Але з кастрычніка 2020 году Ігар знаходзіцца ў СІЗА.

    Ігар вывучаў міжнародныя адносіны ў Варшаўскім універсітэце, а пасля гэтага вярнуўся ў Беларусь і працаваў журналістам. Зараз Ігар – дырэктар гродзенскага рок-клуба і лідар гурта Mister X. «Гэтыя песні пра тое, што я хачу з гонарам ісці па вуліцы, а не азірацца, як нейкая гіена. Калі б я жыў у заходнім свеце, гэта прымушала б людзей усміхацца, а ў Беларусі мяне лічаць гарадскім вар'ятам. Усё жыццё – гэта барацьба».

    З пачатку выбарчай кампаніі Ігар нязменна выходзіў на акцыі пратэсту. Цяпер яго вінавацяць у хуліганстве: 5 верасня ён станцаваў перад міліцэйскім аўтамабілем без штаноў. Па словах Ігара, гэта быў «арт-перформанс», і так ён выказваў свае палітычныя погляды. «Пацярпелы» міліцыянт ніякіх прэтэнзій да Ігара не мае і на месцы яму нічога не прад'явіў: «Я не думаў, што гэта крымінальна трэба караць».

    Але 20 кастрычніка Ігара арыштавалі, а ў яго кватэры правялі ператрус. Пасля затрымання яго адправілі ў адзіночную камеру гродзенскай турмы. Пасля гэтага яго везлі на псіхічнае абследаванне ў Навінкі, а, вярнуўшы ў Гродна, адправілі на два тыдні ў карцар. І пазбавілі любой сувязі з роднымі і блізкімі.

    Яго жонка Анжаліка ўпэўненая, што Ігара затрымалі, таму што ён увесь час выказваўся пра тое, што адбываецца ў краіне: хадзіў на вулічныя пратэсты, ладзіў перформансы, крытыкаваў уладу.

    3 сакавіка Ігар абвясціў сухую галадоўку, адмовіўшыся ад ежы і вады. На свой судовы працэс ён прыйшоў з плакатамі «Галадоўка» і «Справядлівасці няма». Ігар таксама адмовіўся ад адваката са словамі: «Канстытуцыя мяне абароніць». Доўгі час ён правёў у карцары, а нядаўна папрасіў натарыуса скласці тастамент.

    За Ігара моцна перажывае ўся яго сям'я, асабліва, пажылая маці: «Ён вельмі свабодны, у нашай краіне гэтага нельга», – казала яна, пасля суда. Дома ў Ігара засталася жонка і двое дзяцей: «Дзеці ўсё ведаюць. Яны спалі, калі міліцыя прыйшла за ім і калі быў ператрус дома. Усе сумуюць і чакаюць хутчэйшага вяртання таты дадому».

    Ігар галадае ўжо 5 дзён. Яму пагражае да трох гадоў турмы толькі за тое, што ён смелы і нічога не баіцца. Як і іншыя палітвязні, у новай Беларусі Ігар будзе рэабілітаваны. Але пакуль што яму патрэбная вашая падтрымка. Людзей у турмах спрабуюць пераконваць, што яны нікому не патрэбныя і пра іх усе забыліся. Не забывайцеся пісаць нашым героям – гэта сапраўды важна.

    У гэтым вам дапаможа сайт https://politzek.me, дзе вы знойдзеце ўсе патрэбныя дадзеныя. Сайт https://vkletochku.org дапаможа адправіць ліст ананімна або з іншай краіны.
    Вы таксама можаце падтрымаць палітвязняў з дапамогай фонду «Краіна для жыцця» і фонду BySol.

    Апошнія навіны