• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю / 29 траўня 2022

    20 мая, 2022

    29 траўня – міжнародны Дзень салідарнасці з беларусамі. Нягледзячы на ​​2 гады бесперапынных рэпрэсій у краіне, якія пачаліся з затрыманняў Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, беларусы знаходзяць у сабе сілы штодня дапамагаць Украіне ў барацьбе з расійскім ваенным нападам.

    Дарагія сябры Беларусі,

    Святлана Ціханоўская запрашае вас далучыцца да акцый і мерапрыемстваў 29 траўня 2022 года. Увесь тыдзень з 23 траўня – гэта тыдзень салідарнасці з беларусамі, якія, нягледзячы на ​​гвалт і рэпрэсіі рэжыму, не толькі працягваюць пратэставаць, але і дапамагаюць Украіне.

    Сёння беларусам патрэбная вашая падтрымка – і вось чаму.

    29 траўня 2020 года ў Гродне затрымалі Сяргея Ціханоўскага, папулярнага кандыдата ў прэзідэнты, які мог бы перамагчы на ​​выбарах 9 жніўня. 18 чэрвеня ў Мінску арыштавалі Віктара Бабарыку – бізнесмена, які першым адважыўся кінуць выклік прэзідэнцтву Лукашэнкі. Гэта стала пачаткам самых масавых пратэстаў па палітычных прычынах у гісторыі сучаснай Беларусі. Дзякуючы гэтым пратэстам Лукашэнка не змог беспраблемна сфальсіфікаваць чарговыя выбары. Ён да гэтага часу ўтрымлівае ўладу толькі гвалтам і ігнараваннем законаў. Беларусь і беларусы сталі вядомыя ўсяму свету як самы гучны ў XXI стагоддзі прыклад унутранай барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці.

    24 лютага 2022 года Расія пачала вайну супраць Украіны, якая ўжо стала самым маштабным ваенным канфліктам XXI стагоддзя на тэрыторыі Еўропы. Для нападу расійскія войскі выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі, што стала магчымым толькі з персанальнай ухвалы Лукашэнкі.

    Рэжым Лукашэнкі сістэматычна парушаў правы чалавека, арыштоўваў, катаваў і забіваў беларусаў. Ён разграміў грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыя. Рэжым здзейсніў акт дзяржаўнага тэрарызму, у траўні 2021 года прымусова пасадзіўшы грамадзянскі авіялайнер з выкарыстаннем баявой авіяцыі – дзеля затрымання журналіста Рамана Пратасевіча. Рэжым стварыў міграцыйны крызіс на межах Еўрасаюза і сфальсіфікаваў вынікі «рэферэндуму». У лютым 2022 года Лукашэнка пашырыў сферу сваіх злачынстваў на суседнюю краіну і народ: Украіну і ўкраінцаў.

    Лукашэнка, які не мае легітымнасці ў Беларусі і дзейнічае насуперак волі беларусаў, прапусціў праз межы расійскую ваенную тэхніку. Ён даў для іх патрэбаў транспартную і грамадзянскую інфраструктуру краіны, дазволіў выпусціць не менш як 700 ракетаў па тэрыторыі Украіны. Фактычна з яго адабрэння адбыўся напад на Кіеў і такія жахлівыя эпізоды бесчалавечнай жорсткасці, як разня ў Бучы.

    Быць беларусам стала небяспечна не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Унутры краіны людзям пагражаюць узмоцненыя фармаванні элітнай паліцыі і ўнутраныя войскі. Кожную раніцу перад выхадам з кватэры беларус правярае дзвярное вочка – ці не чакаюць яго сілавікі. За мяжой беларусам пагражае абуранае грамадства. Беларуса могуць выгнаць з арэнднай кватэры, адмовіць у адкрыцці банкаўскага рахунку, нахаміць, а ўначы – разбіць шкло ў прыпаркаваным аўтамабілі з беларускімі нумарамі.

    Але беларусы, вымушаныя дзесяцігоддзямі вучыцца стойкасці і цярпенню, змаглі знайсці ў сабе сілы і правільна ацаніць прыярытэты. І засяродзілі свае думкі, сілы і дзеянні не на шкадаванні сваёй цяжкай долі, а на рэальных дзеяннях у дапамогу Украіне.

    Унутры Беларусі людзі, якія два гады знаходзяцца пад самымі моцнымі рэпрэсіямі ў Еўропе за апошнія 30 гадоў, выходзяць на антываенныя акцыі пратэсту. Больш за тысячу чалавек за гэта трапілі ў сцены Акрэсціна і іншых турмаў. Беларусы выводзяць з ладу чыгуначную інфраструктуру, не толькі затрымліваючы расійскія эшалоны з тэхнікай і гаручым, але пры гэтым і не ствараючы ўмоваў для чыгуначных катастрофаў. Сілавікі Лукашэнкі ўжо пасля затрымання людзей прастрэльвалі ім калені і публічна выхваляліся сваімі зверствамі.

    Беларусы штодзень паведамляюць звесткі пра перамяшчэнне расійскіх салдатаў і тэхнікі па ўсёй краіне. Для гэтага беларусы стварылі інструмент грамадзянскай разведкі, што не мае прыкладаў раней у свеце – праект «Беларускі Гаюн», які стаў найкаштоўнейшай крыніцай дадзеных для Узброеных сілаў Украіны. За адпраўку дадзеных у яго людзей арыштоўваюць. Настаўнік матэматыкі, які хацеў спыніць вайну, можа апынуцца ў турме на 6 гадоў.

    Па-за Беларуссю людзі, якія асабліва не ачунялі пасля незапланаванай эміграцыі, збіраюць грошы, медыкаменты, ахоўны рыштунак і нават абарончы на патрэбы ўкраінскай арміі. Яны фармуюць атрады добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, забяспечваюць гуманітарнай дапамогай уцекачоў незалежна ад іх нацыянальнасці. Беларусы пішуць песні, ствараюць карціны, распаўсюджваюць інфармацыю і падтрымліваюць Украіну ў тым ліку творчасцю пад хэштэгам #BelarusWithUkraine.

    Усё гэта – каб паскорыць перамогу Украіны і спыніць кровапраліцце. Усё гэта – на фоне выпаленай зямлі ва ўласнай краіне. Усё гэта – на фоне масавай дыскрымінацыі і атаясамлівання беларусаў з Лукашэнкам.

    Але бяда ва Украіне і бяда ў Беларусі – гэта не 2 гісторыі, якія існуюць асобна адна ад адной і ніяк не ўзаемазвязаныя. Магчымасць атакі расіянамі Украіны з тэрыторыі Беларусі – гэта наступствы недастатковых намаганняў беларусаў і ўсяго свету па звяржэнні рэжыму Лукашэнкі. І сёння беларусы маюць патрэбу ў вашай падтрымцы, салідарнасці і дапамозе!

    Дапамажыце нам у бітве супраць уласнага монстра, які трымае ў страху краіну, знаходзячыся ў самым яе цэнтры.

    Дапамажыце нам дапамагаць Украіне, нашым суседзям і сябрам, якія паміраюць з-за агрэсіі расійскага прэзідэнта Пуціна і дапамогі Лукашэнкі.

    Дапамажыце нам пачуць, што мы не адны і можам разлічваць на дапамогу нашых сяброў па ўсім свеце.

    Падтрымайце сапраўдных беларусаў у Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю 29 траўня 2022 года.

    Пра Дзень салідарнасці з Беларуссю чытайце на standwithbelarus.org. Акцыі салідарнасці пройдуць з 23 па 29 траўня. Матэрыялы для СМІ шукайце тут.

    Якая падтрымка патрэбная беларусам унутры краіны і за яе межамі?

    • Кампаніі ў СМІ, афлайн і анлайн: інфармаванне пра сітуацыю ў Беларусі, заявы пра тое, што беларусы не роўна рэжым Лукашэнкі, падтрымка суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Вы таксама можаце дапамагчы, падзяліўшыся навінамі пра Беларусь у сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы хэштэг #StandWithBelarus.
    • Падтрымайце афіцыйныя фармаванні ў шэрагах Узброеных сілаў Украіны, што складаюцца з беларусаў, якія добраахвотна бяруць удзел у вайне на баку Украіны: Батальён імя Кастуся Каліноўскага, Полк «Пагоня».
    • Данаты ў фонды, якія збіраюць сродкі і гуманітарную дапамогу, набываюць медыкаменты, абарончы рыштунак і транспарт для найхутчэйшай перамогі Украіны. Гэта фонды і ініцыятывы BySolByMedSolPragueSupportFree Belarus CenterБеларускі Моладзевы ХабЦэнтр Беларускай Салідарнасці, Беларускі дом у ВаршавеDARPartyzanka і FreeShop Partyzanka«Краіна для Жыцця» і іншыя на Платформе Саліданасці.
    • Салідарнасць з палітвязнямі і іх сем'ямі: пішыце лісты ці станьце «хроснымі» палітвязняў у Беларусі. Наведайце сайт праваабарончага цэнтра «Вясна», каб даведацца больш пра палітвязняў, ці дашліце ліст праз сайт ініцыятывы «Вклеточку» або письмо.бел. Падтрымайце беларусаў, ахвяраваўшы ў фонды дапамогі палітвязням і іх сям'і – «Краіна для жыцця», BySol, #BY_help.
    • Экстраная дапамога журналістам: юрыдычная і фінансавая падтрымка, дапамога ў пераездзе і знаходжанні за мяжой; падтрымка праз Медыя Салідарнасць Беларусь (MediaSol), Рэпарцёры без межаў (Адпачынак і прытулак), Міжнародная падтрымка СМІ (Фонд бяспекі).
    • Заплануйце арганізацыю публічных, віртуальных ці афлайн-мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі, абмеркаванню магчымых рашэнняў і таго, што можа зрабіць міжнародная супольнасць.
    • Арганізуйце з'яўленне візуальных сімвалаў падтрымкі Беларусі #StandWithBelarus і беларускай салідарнасці з Украінай #BelarusWithUkraine у ​​вашых гарадах. Гэта могуць быць графіці, банеры, плакаты, хэштэгі на інфатабло грамадскага транспарту ці размяшчэнне сцягоў на адміністрацыйных будынках.
    • Правядзіце дыскусіі пра важнасць афіцыйнага перайменавання назвы нашай краіны на вашай мове з «Белоруссия» і/або Белая Русь (Weissrussland, Baltarusija, Hviterussland) на «Беларусь».
    • Беларусы за мяжой могуць правесці ў гэтыя дні пікеты салідарнасці, запрасіўшы на іх дыяспары Украіны і аб'яднаўшыся ў Дзень салідарнасці з Беларуссю.

    Апошнія навіны