Падтрымка беларусаў у ААН, рэабілітацыя дзяцей палітвязняў: Ціханоўская завяршыла працоўны візіт у Албанію

Учора, 29 верасня, Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм'ер-міністрам Эдзі Рамам, прэзідэнтам Ілірам Метам і дзяржаўнай міністаркай па сувязях з парламентам Элізай Спірапалі. Ціханоўскую ў Албаніі сустракалі як лідарку дзяржавы.

Албанія – чалец Тройкі АБСЕ, а са студзеня 2022 года далучаецца да Рады бяспекі ААН у якасці непастаяннага чальца. Гэта значыць, што яна можа актыўна прасоўваць беларускае пытанне ў міжнародных арганізацыях і ўтрымліваць яго на парадку дня.

На перамовах у Албаніі Ціханоўская:

– абмеркавала запуск праграмы рэабілітацыі для дзяцей і родных палітвязняў, каб яны маглі прыязджаць у Албанію.
– прапанавала падтрымаць рэзалюцыю па Беларусі на Генасамблеі ААН, якая прысвечаная масавым парушэнням правоў чалавека і гвалту з боку рэжыму.
– узняла пытанне Маскоўскага механізму АБСЕ, які быў запушчаны год таму.
– абмеркавала магчымую забарону на ўезд у Албанію для сілавікоў і чыноўнікаў рэжыму, для якіх Албанія з'яўляецца бязвізавай краінай і курортным напрамкам.
– падзякавала Албаніі за падтрымку ўсіх рашэнняў і пакетаў санкцый ЕС, але адзначыла, што патрэбны больш рашучыя дзеянні. «Каб спыніць тэрор, неабходная каардынацыя міжнароднага ціску, і падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці».

30 верасня 2021 в 13:03