• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Брыфінг Святланы Ціханоўскай 9 жніўня 2021

    09 жніўня, 2021

    “Добры дзень.

    Роўна год таму на выбарах прэзідэнта Беларусі я прыйшла на свой участак галасавання – і атрымала бюлетэнь з імем Святлана Ціханоўская. Памятаю, я ўсё яшчэ не магла па-сапраўднаму паверыць, што гэта адбываецца са мной. Але без сумневу паставіла птушачку насупраць свайго імя, таму што насамрэч там былі напісаны імёны Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і ўсіх, хто мусіў стаць кандыдатам – але апынуўся пад пераследам ці ў турме.

    Роўна год таму ў Беларусі ўпершыню за многія гады на розных выбарчых участках пачалі вывешваць сапраўдныя пратаколы. З дапамогай альтэрнатыўнага падліку ў “Голасе” народ змог даказаць: ужо ў першым туры 56 адсоткаў выбарнікаў прагаласавалі за перамены. І ўсё, што адбываецца з таго часу, паказвае: ў свядомасці і ў сэрцах беларусаў гэтыя перамены ўжо адбыліся.

    Адзіны, хто гэтага не разумее, – чалавек, які прайграў выбары. Прайшоў год. Кошт таго, як ён гвалтам утрымлівае ўладу – велізарны. Больш за 36 000 беларусаў прайшлі праз затрыманні, 610 чалавек прызнаныя палітвязнямі, яшчэ тысячы знаходзяцца за кратамі без віны. Больш за дзесяць чалавек загінулі. Рэжым здзяйсняе злачынствы не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Захоп самалёта RyanAir, плыня нелегальных мігрантаў на мяжы з Літвой, спроба гвалтоўнай высылцы Крысціны Ціманоўскай з Алімпіяды ў Токіа… За адзін год рэжым прайшоў шлях ад нелегітымнага да тэрарыстычнага.

    Нягледзячы на ​​гэта, народ супрацьстаіць яму кожны дзень. Беларусы ствараюць і падтрымліваюць грамадскія ініцыятывы, медыя і фонды салідарнасці, якія дапамагаюць пратэсту і рэпрэсаваным. Беларусы запусцілі “Рабочы Рух” і “План Перамога”, каб узмацняць унутраны ціск – рыхтаваць агульны страйк і арганізаваныя акцыі непадпарадкавання. Беларусы засталіся непахіснымі ў сваіх мэтах: крызіс будзе вырашаны, калі ўсе зняволеныя па палітычных матывах выйдуць на свабоду і калі ў краіне адбудуцца новыя дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары пад міжнародным назіраннем.

    Для гэтага мы ўжо падрыхтавалі праэкт Акту аб рэабілітацыі, па якому бязвінныя людзі цягам двух дзён змогуць выйсці з турмы. Мы распрацавалі рашэнне, як хутка і празрыста правесці новыя выбары і зрабіць гэта па законе. У нас ёсць праэкт праграмы падтрымкі ўдзельнікаў стачачнага руху, а таксама людзей і бізнесаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Цяпер мы разам з беларусамі рыхтуем праект Канстытуцыі, бо асноўны закон грамадства мае права пісаць толькі народ.

    За гэты год у нас з'явілася мноства новых партнёраў. Нас падтрымала больш за 30 дзяржаў. Упершыню краіны ЕС, Вялікабрытанія і ЗША на ўсіх узроўнях – ад партый, да вышэйшага кіраўніцтва – маюць агульную пазіцыю ў дачыненні да крызісу ў Беларусі. Асобна я хачу выказаць вялікую падзяку Літве, бо яна стала першай краінай, якая так смела і рашуча падтрымала беларусаў. Без такіх сяброў, як вы, наш шлях да дэмакратыі быў б значна цяжэйшым і даўжэйшым. А зараз тэму Беларусі разглядаюць на Радзе Бяспекі ААН, АБСЕ гатовая быць пляцоўкай для дыялогу пра новыя выбары. У найбліжэйшы час мы чакаем ад ЗША, Вялікабрытаніі і Канады абвяшчэння скаардынаваных санкцый супраць рэжыму. У Сенаце і Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з'явіліся беларускія кокусы, краіны пашыраюць праграмы падтрымкі для грамадскай супольнасці. ЕС распрацаваў План дапамогі дэмакратычнай Беларусі. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека пачаў дакументацыю фактаў гвалту і катавання беларусаў. Гэта вельмі важна, бо зараз мы працуем, каб наблізіць міжнародны трыбунал па злачынствах рэжыму і правесці міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню па вырашэнні крызісу ў Беларусі.

    Усё гэта робіцца магчымым, бо год таму беларусы ўнутры краіны і ў абсалютна розных пунктах планеты аб'ядналіся дзеля агульнай мэты. І за гэты год беларусы аб'ядналі вакол сябе цэлы свет. Мяне часта пытаюцца, калі б тады, стоячы на ​​ўчастку для галасавання, я ведала, што ўсё адбудзецца менавіта так, што б я змяніла. Але ў гісторыі няма ўмоўнага ладу. Я ведаю, які выбар беларусы зрабілі год таму. Я таксама зрабіла гэты выбар і ўзяла на сябе адказнасць за яго. Таму колькі б часу і сіл ні запатрабаваў наш шлях да свабоды, я прайду яго разам з беларусамі.

    Дзякуй. Жыве Беларусь”.

    Апошнія навіны