• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская: «Сёння міжнародны дзень людзей з інваліднасцю»

    03 снежня, 2022

    «Нядаўна на рэгулярныя асабістыя размовы зарэгістраваўся мужчына, у якога двое дзяцей – і ў аднаго з іх вельмі рэдкае захворванне. Яго жонка была вымушаная пайсці з працы, каб увесь свой час надаваць клопату пра дзіця. Паводле яго словаў, у беларускіх бальніцах не хочуць ці, хутчэй, не ведаюць, як займацца адаптацыяй яго дзіцяці да нармальнага жыцця. Ён кажа, замест гэтага там проста «шпігуюць дзіця заспакойлівымі».

    Чым больш я яго слухала, тым больш захаплялася гэтым чалавекам, бо нягледзячы на ​​ўсе перашкоды – а іх вельмі шмат – ён дамагаецца аказання сапраўднай дапамогі для свайго дзіцяці. Я яго выдатна разумею, бо немалая частка майго жыцця пайшла на тое, каб забяспечыць нашых з Сяргеем дзяцей усім неабходным – і каб яны не думалі, быццам іх магчымасці абмежаваныя.

    За апошнія два гады я пазнаёмілася з мноствам беларусаў, якія былі на маршах людзей з (не)абмежаванымі магчымасцямі. Гэта цудоўныя і таленавітыя людзі. Памятаю, як у адным з візітаў мы сустрэлі Сашу Аўдзевіча – ён актывіст, які ўжо шмат гадоў у вазку і адкрывае кавярні «Інклюзіўны барыста» – каб сацыялізаваць людзей, якіх у старой беларускай сістэме было прынята не заўважаць гадамі.

    Такія людзі, такія гісторыі навучылі мяне галоўнаму: мы павінны ўмець бачыць і чуць адно аднога, заўважаць не толькі тыя праблемы, якія адчуваем самі, але і тыя, з якімі сутыкаюцца іншыя людзі. Важна не абясцэньваць чужыя праблемы, нават калі ты сам не можаш іх адчуць.

    У здаровых, па-сапраўднаму сацыяльна арыентаваных дзяржавах, дзе ўрад памятае, што атрымлівае заробак ад усіх грамадзянаў, – увага і надаецца ўсім. Беларусь можа быць такой краінай, я ведаю гэта. Бо я бачу, як беларусы клапоцяцца адно пра аднаго – і дапамагаюць там, дзе маглі б проста прайсці міма. І, мабыць, зараз нашая галоўная задача – не даць забіць у нас, беларусах, гэтае пачуццё ўзаемнага клопату і салідарнасці, якое існуе ў кожным».

    Апошнія навіны