• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская накіравала ліст у Раду Бяспекі ААН «Пра размяшчэнне расійскіх ядзерных сілаў на тэрыторыі Беларусі»

    31 сакавіка, 2023

    Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, лідарка Дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская накіравала ліст у Раду Бяспекі ААН «Пра размяшчэнне расійскіх ядзерных сілаў на тэрыторыі Беларусі».

    Упершыню ад пачатка палітычнага крызіса ў Беларусі, сапраўдны голас беларускага народа прагучаў на фармальным пасяджэнні Рады Бяспекі ААН – найгалоўнейшага шматбаковага органа па пытаннях міжнароднага міра і бяспекі. Гэта яшчэ адно падцвярджэнне, што прадстаўнікі рэжыма Лукашэнкі назаўсёды згубілі права выступаць ад імя беларусаў. Мы працягнем свае намаганні па давядзенні да міжнароднай супольнасці, у тым ліку ў ААН, пазіцыі беларускага народа аб сапраўднай сітуацыі ў нашай краіны.

    • Тэкст ліста: 

    «Спадар Прэзідэнт,
    Паважаныя чальцы Рады Бяспекі ААН,

    Я пішу Вам, у найважнейшы шматбаковы орган па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, каб данесці сапраўдны голас беларускага народа. Мая задача сёння – казаць пра сур'ёзную пагрозу, якая падрывае суверэнітэт Беларусі, падстаўляе пад небяспеку яе існаванне і стварае ўмовы для глабальнай гонкі ўзбраенняў.

    Як меркаваная пераможца на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, я павінна выказаць глыбокую занепакоенасць рашэннем прэзідэнта Расіі Пуціна размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі супраць волі нашага народа.

    Толькі расійскае ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі дазволіла Лукашэнку застацца ва ўладзе пасля жніўня 2020 года за кошт жорсткага задушэння пратэстаў і сістэматычных рэпрэсій, якія працягваюцца да гэтага часу. Гэта быў доўг, які Лукашэнка выплачвае [Пуціну].

    На так званым рэферэндуме 27 лютага 2022 года – усяго праз тры дні пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі – Лукашэнка навязаў прыняцце новай рэдакцыі Канстытуцыі, з якой быў выключаны пункт пра бяз'ядзерны статус Беларусі, абвешчаны на самым пачатковым этапе будаўніцтва нашай незалежнасці ў 1990 годзе.

    Пазней былі дадзеныя справаздачы, дзе паведамлялася, што Расія перадала беларускім вайскоўцам сродкі дастаўкі ядзернай зброі для 10 мадэрнізаваных самалётаў і мабільны балістычны ракетны комплекс «Іскандэр», здольны несці ядзерныя зарады.

    Мы глыбока занепакоеныя тым, што расійская дзяржава, якая неаднаразова праяўляла агрэсіўныя паводзіны ў дачыненні да нашых суседзяў і далёка за межамі рэгіёну, якая сістэматычна грэбуе сваімі абавязальніцтвамі па міжнародным праве і асаблівай адказнасцю як пастаянны чалец Рады бяспекі ААН, можа нанесці ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі, якая ўжо пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і не мае кантролю над гэтым узбраеннем.

    Пасля пачатку палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе, мы заклікалі да рашучых крокаў для яго ўрэгулявання, перш чым ён ператворыцца ў рэальную пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы. З таго часу Лукашэнка захапіў замежны камерцыйны самалёт, зладзіў міграцыйны крызіс на мяжы з Еўрапейскім Саюзам, стаў су-агрэсарам у вайне супраць Украіны і працягвае рэпрэсаваць тысячы беларусаў. Цяпер ён дазваляе Расіі выкарыстоўваць нашую зямлю для аднаўлення глабальнай гонкі ўзбраенняў.

    Гэтая негатыўная падзея пацвярджае абгрунтаванасць нашых шматлікіх папярэджанняў пра тое, што Лукашэнка з'яўляецца нарастальнай пагрозай міжнароднаму міру і бяспецы. Яна таксама пацвярджае, што Беларусь грае важную ролю і займае важнае месца ў рэгіянальнай бяспецы. На дадзены момант нашую краіну, якая кіруецца нелегітымным Лукашэнкам, кантралюе Пуцін. А ён злоўжывае гэтым для пагрозы Украіне і трансатлантычнай супольнасці. Але Беларусь варта разглядаць як адказнага партнёра ў сістэме міжнароднай бяспекі, калі беларусы перамогуць тыранію і выправадзяць расійскія войскі.

    Такім чынам, відавочна, што падыход «пачакаем і ўбачым» не працуе. Гэтае разгортванне [ядзернай зброі] павінна быць прадухіленае, і накіраваныя на гэта дзеянні павінны пачацца тут, у Радзе Бяспекі, у органе, які быў створаны Статутам ААН «каб выратаваць наступныя пакаленні ад бедстваў вайны».

    Мы настойліва заклікаем міжнародную супольнасць запатрабаваць ад Расіі спыніць гэтае пагрозлівае разгортванне і ўвесці адэкватныя і жорсткія санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна як супраць відавочнай пагрозы міжнароднаму міру і бяспецы.

    Мы таксама настойліва заклікаем свет запатрабаваць вываду расійскіх войскаў з Беларусі і спынення ўдзелу Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.
    Нарэшце, мы падтрымліваем патрабаванне Украіны пра пазбаўленне Расійскай Федэрацыі статуту сталага чальца Рады Бяспекі ААН. Гэта дзеянне павінна стаць толькі адным з многіх, накіраваных на прыцягненне Расіі да адказнасці за яе злачынствы агрэсіі і ваенныя злачынствы ва Украіне і за пастаяннае невыкананне ёю сваіх асаблівых абавязкаў у Радзе Бяспекі.

    Хачу таксама адзначыць, што Пуцін анансаваў размяшчэнне ядзернай зброі на замежнай тэрыторыі між іншым, быццам анансаваў адкрыццё новага трактарнага завода ў адной з расійскіх правінцый. Гэта відавочна адлюстроўвае яго ўспрыманне суверэннай Беларусі як свайго асабістага падворка. Больш за тое, ягонае інтэрв’ю было апублікаванае 25 сакавіка, калі беларусы адзначаюць Дзень Волі – пачатак існавання сучаснай Беларускай дзяржавы ў 1918 годзе. Але гэтае наўмыснае супадзенне – таксама далёкая прамашка Пуціна.

    Незалежнасць і суверэнітэт з'яўляюцца найвышэйшымі каштоўнасцямі для беларусаў, і мы не пацерпім няпрошаную ваенную прысутнасць на нашай зямлі».

    Апошнія навіны