• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Зварот да кіраўнікоў органаў пракуратуры, МУС, Следчага камітэта, КДБ, суддзяў

    05 снежня, 2020

    Зварот Гары Паганяйлы, прадстаўніка Святланы Ціханоўскай у правах чалавека, да кіраўнікоў органаў пракуратуры, МУС, Следчага камітэта, КДБ, суддзяў:

    «Як чалавек, які мае дастатковы жыццёвы досвед, як спецыяліст, што доўгі час працаваў паводле спецыяльнасці юрыста ў дзяржаўнай сістэме і па-за ёй, лічу магчымым выказаць сваё сціплае меркаванне пра тое, што адбываецца ў Беларусі, вашую ролю ў гэтым і вашыя перспектывы. Пакінем развагі пра прычыны крызісу ў краіне. Яны могуць быць палярнымі, і не час даказваць, хто мае рацыю. Важна зразумець, куды рухацца і што рабіць.

    Давайце замацуем і спынімся на тым, што для ўсіх з'яўляецца відавочным, тое, што ніхто не можа адмаўляць.

    Першае: у краіне адбываецца востры палітычны крызіс. Падкрэслю – палітычны.

    Другое: монанацыянальная краіна (населеная на 82% беларусамі) падзеленая на два варожыя процілеглыя лагеры: адны, са зброяй, уладай і паўнамоцтвамі, падтрымліваюць захаванне ўлады Лукашэнкі, іншыя, мірныя і бяззбройныя, настойваюць на неабходнасці новых выбараў без яго ўдзелу.

    Трэцяе: улада абрала супраць іншай пратэставай часткі беларусаў адзін, як ёй падаецца, найбольш слушны метад уціску іншадумства – сілавы. Тое, што адбываецца на вуліцах гарадоў, з якім імпэтам і брутальнасцю дзейнічаюць сілавыя структуры на працягу больш чым трох месяцаў, бачым мы і ўвесь свет.

    Удзельнікі супрацьстаяння як на адным баку, так і на другім пакуль не хочуць саступаць адно аднаму. Многія, хто раней не ўдзельнічаў у супрацьстаянні, у яго залучаюцца.

    Чацвёртае: абодва бакі прызнаюць, прынамсі, пра гэта кажуць, што ідзе працэс радыкалізацыі: гвалт і ў фізічных, і ў колькасных параметрах, і ва ўжыванні сродкаў і спосабаў барацьбы пашыраецца, а раскол паглыбляецца. Аб'ектыўным і вельмі важным фактам з'яўляецца непрызнанне легітымнасці Лукашэнкі пратэставым бокам і заходнімі краінамі, што занялі кансалідаваную і цвёрдую пазіцыю падтрымкі часткі народа Беларусі. Расія ж, заяўляючы ў публічнай прасторы сваю падтрымку Лукашэнку, заняла на практыцы асцярожную, чакальную пазіцыю, але не з'яўляецца назіральніцай.

    Вам, людзям ваенным, са стратэгічным і аператыўным мысленнем, час спыніцца, ацверазець ад таго, што адбываецца, узяцца за галаву і зразумець: у барацьбе з уласным народам, з нязгоднымі, якіх ужо ніхто не зможа загнаць у ранейшае таталітарнае стойла, вы, безумоўна, пацерпіце паразу. Заўтра ці ў блізкай перспектыве. Гэта непазбежна. Нікому яшчэ не ўдавалася спыніць кола гісторыі.

    Калі вы маеце намер прадаўжаць у тым жа духу, падкідваючы дроўцы, нагнятаючы ціск пары ў катле, то ён выбухне. Ахвяр будзе больш як з аднаго, так і з другога боку. «Тыя, хто сядзіць ціхусенька на прызбе» і хто назірае, таксама пацерпяць у не меншай ступені.

    Што нас чакае ў такім выпадку: павелічэнне колькасці загінулых, яшчэ тысячы змушаных да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, плынь уцекачоў у іншыя краіны, гуманітарная катастрофа, эканамічны калапс.

    Немалаважным з'яўляецца і іншае. Як паказвае практыка, кожная ахвяра гвалту і несправядлівасці павялічвае ў геаметрычнай прагрэсіі актыўнае падключэнне да пратэсту тых, хто раней не быў гатовы да гэтага. У кожнай ахвяры ёсць родныя, блізкія, сябры, ды і проста неабыякавыя людзі, якія бяруць, як правіла, бок ахвяры. І гэтыя людзі ўжо дакладна становяцца ненавіснікамі рэжыму – дзяржавы, заснаванай на гвалце, і поўныя нянавісці да тых, хто непасрэдна гэты гвалт ажыццяўляе.

    Вы – камандзіры і кіраўнікі, не можаце не ведаць, што доўгі нематываваны гвалт і жорсткае абыходжанне нават з жывёламі, я ўжо не кажу пра гвалт у дачыненні да людзей, разбурае псіхалагічна, маральна і фізічна тых, хто ажыццяўляе гэты гвалт. Калі ж такія паводзіны заахвочваюцца вамі, вашымі загадамі, у выканаўцаў руйнуюцца паняцці законнасці і справядлівасці. Яны дэградуюць як прафесіяналы, страчваюць сваю чалавечую сутнасць, становяцца небяспечнымі для грамадства і не могуць быць у далейшым задзейнічаныя ў праваахоўных органах. Вы не можаце гэта падтрымліваць (калі, вядома, вы свядома не выбудоўваеце сістэму фашысцкай дзяржавы, заснаванай на прыгнечанні). Але ў 21-м стагоддзі ні нацыянальныя здаровыя сілы, ні міжнародная супольнасць з падобным не змірацца і будуць дзейнічаць яшчэ больш рашуча. Гэта значыць, вы, спадары, разбураеце сістэму, дзяржаву і сваю будучыню. Не паўтарайце ў Беларусі чылійскі варыянт 1973 г. Фашызм не пройдзе!

    Таму пачуйце мой заклік: спыніце гвалт, перайдзіце на бок дабра. Думаю, гонар і сумленне, калі яны ў вас яшчэ засталіся, падкажуць вам правільнае рашэнне (злучнік «калі» часта ўжываю для таго, каб не навязваць сваё меркаванне, каб размова будавалася на даверы).

    І яшчэ пра адну важную акалічнасць. Спадзяюся, многія з вас чыталі, што пасля Нюрнбергскага працэсу над ваеннымі злачынцамі ў Германіі прайшлі суды і над чыноўнікамі высокага рангу, пракурорамі, следчымі, суддзямі, якія абвінавачваюцца ў масавых рэпрэсіях. Яны і іх абаронцы-адвакаты спасылаліся на прамое і безумоўнае выкананне iмi загадаў, прадпісанняў, дзейных тады законаў фашысцкай Германіі. Аднак трыбуналамі было прызнана, што гэтыя законы не адпавядалі дэмакратычным прынцыпам прававой цывілізаванай дзяржавы, што яны былі накіраваныя супраць чалавечнасці і выканаўцы павінны былі ўсведамляць гэта. Менавіта тады з'явілася паняцце «злачынны закон». А выканаўцы былі прызнаныя вінаватымі і асуджаныя. Іншыя пазбавіліся званняў і прывілеяў – кожнаму аддалося паводле заслугаў.

    Спадзяюся, вам знаёмае і такое паняцце, як «універсальная крымінальная юрысдыкцыя». Хто забыўся, зазірніце і прачытайце ўважліва арт. 6 КК Рэспублікі Беларусь. У частцы трэцяй дадзенага артыкула апісаны правілы ўжывання ўніверсальнай юрысдыкцыі. Аналагічныя законы прынятыя і дзейнічаюць у многіх краінах ААН, што змагаюцца з міжнароднай злачыннасцю, якая накіравана супраць міру і бяспекі чалавецтва. Склады злачынстваў пазначаны ў частцы сямнаццатай Асаблівай часткі КК Беларусі, у прыватнасці ў арт. 128. Правілы адказнасці паводле ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі дзейнічаюць і адпавядаюць асноўным прынцыпам міжнароднага публічнага права: «ці выдай злачынцу, ці пакарай яго сам».

    У Беларусі ёсць дамовы пра экстрадыцыю з многімі краінамі. Аддзяленне Інтэрпола дзейнічае ў нашай дзяржаве пры МУС. У сувязі з гэтым павінен заявіць, што калі наша крымінальная юстыцыя ва ўпор не хоча бачыць і вырашаць у адпаведнасці з законам заявы і скаргі ахвяраў катаванняў на працягу многіх гадоў і, асабліва, тых, хто звярнуўся за апошнія тры месяцы, то ў шэрагу заходніх краін такія кейсы ўжо ў працы адпаведных кампетэнтных структур. Яны прынялі рашэнні пра расследаванні спраў паводле ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі, якімі валодаюць. На самым высокім узроўні палітычная воля ўрадаў адназначна праяўленая, гэтыя справы знаходзяцца на парадку дня і будуць расследаваныя. Можаце не сумнявацца, вынікам будуць ордары на арышт праз Інтэрпол, а значыць, і выдача. Падазраваныя асобы могуць быць арыштаваныя ў любой краіне свету, дзе дзейнічаюць законы пра выдачу злачынцаў. І першымі падазраванымі будуць асобы, якія трапілі ў санкцыйныя спісы заходніх краін. Сярод іх і кіраўнікі МУС, атрадаў спецыяльнага прызначэння, кіраўнікі УУС, месцаў утрымання затрыманых і пазбаўленых волі (ІЧУ, ЦІПаў, СІЗА), а таксама тыя, хто даўно знаходзіцца ў спісах у сувязі з палітычна матываванымі знікненнямі і, магчыма, пазасудовымі смяротнымі пакараннямі (Ю. Захаранка, В. Ганчар, А. Красоўскі, Д. Завадскі). Вядомы ўдзельнік дадзенага злачынства Ю. Гараўскі здаўся ўладам адной з еўрапейскіх краін і гатовы ў межах крымінальнай справы супрацоўнічаць са следствам. Яго прызнальныя паказанні з указаннем суўдзельнікаў ужо гуляюць у сетцы інтэрнэт.

    У санкцыйных спісах знаходзяцца таксама генеральны пракурор (цяперашні і былы), старшыні Следчага камітэта і КДБ, суддзі і іншыя. Усе, хто запляміў сябе злачыннай дзейнасцю, укрывальніцтвам і бяздзейнасцю, будуць разглядацца як суўдзельнікі. Правасуддзе павінна адбыцца. Яно разгортваецца, набірае свой ход на Захадзе. Але не выключана, што канчатковая кропка будзе пастаўленая паводле многіх справаў судамі Беларусі пры новай уладзе і з новымі складамі суддзяў, магчыма, з удзелам прысяжных.

    Спадзяюся, вельмі хутка мы прыйдзем да таго, за што змагаемся – да перамогі дэмакратыі ў Беларусі. За гэта адчулі гвалт, зазналі знявагу і несправядлівасць тысячы ахвяраў самавольства, за гэта загінулі нашы сябры і блізкія. Бог і цывілізаваны свет на нашым баку.  Але мы па-хрысціянску літасцівыя.

    Як удзельнік пратэсту і асоба, прызнаная і надзеленая грамадскасцю і Святланай Ціханоўскай паўнамоцтвамі народнага амбудсмена ў правах чалавека, я заклікаю ўсіх, ад каго гэта залежыць, прыбраць з вуліц узброеных людзей, спецыяльную тэхніку, спыніць гвалт і пераслед. Вызваліце ​​са следчых ізалятараў палітычных вязняў і ўдзельнікаў пратэставых акцый кампаніі-2020 ды аднавіце справядлівасць у дачыненні да ўсіх, хто зведаў незаконныя рэпрэсіі. Перагледзьце справы з незаконна асуджанымі паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў. Вярніце ў краіну закон і спакой.

    Знаходзячыся выключна ў прававым полі, прызнайце свае памылкі апошняга часу і мірна перадайце ўладу тым, хто перамог на мінулых выбарах. Прынамсі, адыдзіце ў бок і не перашкаджайце грамадзянам краіны правесці новыя, справядлівыя і сумленныя выбары паводле дэмакратычных стандартаў БДІПЧ АБСЕ і Судружнасці незалежных дзяржаў (СНД) пры ўдзеле нацыянальных і міжнародных назіральнікаў. І толькі ў такім выпадку вы можаце разлічваць на амністыю, на гуманнае да сябе стаўленне, на магчымасць прадоўжыць працу ў абранай прафесіі, без кадравай чысткі з выкарыстаннем метадаў люстрацыі. Многія, аднак, сцвярджаюць, што пункт незвароту вамі ўжо пройдзены. Я ж як філосаф ды юрыст-ідэаліст, як хрысціянін, веру ва ўсё чалавечае і цвёрда стаю на пазіцыі: пакаянную галаву меч не сячэ.  Што рабіць – вырашаць вам.  Думайце, спадары, пакуль яшчэ не позна».

    Апошнія навіны