Сёння Святлана Ціханоўская накіравала ліст у Саюз глабальных прафсаюзаў і Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў з просьбай абараніць правы працоўных у Беларусі. Яна падкрэсліла, што прафсаюзы могуць падтрымаць працу Офіса Святланы Ціханоўскай па ўзаемадзеянні з замежнымі кампаніямі, якія супрацоўнічаюць з беларускімі прадпрыемствамі.
Сярод канкрэтных мер, якія можа распачаць бізнес:
– зрабіць публічную заяву супраць гвалту і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі;
– тлумачыць сваім беларускім пастаўшчыкам і партнёрам, што любыя дзеянні кіраўніцтва, якія парушаюць правы чалавека і стандарты вядзення бізнесу, непрымальныя. У тым ліку і пераслед за выказванне палітычных поглядаў;
– адмовіцца ад спонсарства любых спартовых або культурных мерапрыемстваў у Беларусі, якія праводзяцца рэжымам;
– настойваць, каб беларускія партнёры зрабілі публічнымі факты парушэння правоў чалавека на прадпрыемствах;
– узаемадзейнічаць з дэмакратычнымі прафсаюзамі і страйкамамі.
У лісце Святлана Ціханоўская таксама заклікала падняць праз прафсаюзы дадзеныя пытанні ў тых кампаніях, якія працуюць c Беларуссю і з якімі ў Саюза выбудаваныя ўзаемасувязі: Danone, Coca-Cola, Nestle, Yara International, Bosch, Siemens, Hilton і многія іншыя. Важна забяспечыць абарону працоўных, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху ў Беларусі на працы і па-за ёй.
Таксама абраная лідарка заклікала падтрымаць незалежныя прафсаюзы ў Беларусі, сярод якіх Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Свабодны прафсаюз Беларускі, Беларускі Незалежны прафсаюз. На сёння важна аказаць дапамогу настаўнікам і выкладчыкам ВНУ, мастакам і працаўнікам культуры, аб'яднанню медыкаў, працоўным-будаўнікам, прадстаўнікам IT-сектара і транспартных сфер.
Глабальны саюз IndustriALL прадстаўляе больш за 50 мільёнаў працоўных са 140 краін свету, занятых у горназдабыўной, энергетычнай і перапрацоўчай галінах. У сакавіку Святлана Ціханоўская ўжо сустракалася з кіраўніцтвам IndustriALL падчас працоўнага візіту ў Швейцарыю.