• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Крысціна Рыхтэр: «З чэрвеня беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы, змогуць атрымаць праязны дакумент бясплатна»

    27 сакавіка, 2023

    Нагадаем, 18 студзеня гэтага года адбылася чарговая сустрэча працоўнай групы МУС Польшчы з удзелам дарадцы Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціны Рыхтэр, прадстаўніцы Цэнтра беларускай салідарнасці Вольгі Дабравольскай і юрыста НАУ Арцёма Праскаловіча. На сустрэчы абмяркоўвалася пытанне спрашчэння працэдураў легалізацыі ў Польшчы беларусам, якія пацярпелі ад палітычна матываванага пераследу на Радзіме. А 24 студзеня Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета сустрэліся з Міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім, дзе сярод іншага таксама абмяркоўвалася пытанне спрашчэння легалізацыі і міграцыйных працэдураў, каб яны сталі больш аператыўнымі і нескладанымі.

    Вынікам гэтых сустрэчаў стала ўнясенне зменаў у заканадаўства Польшчы аб выдачы праязнога дакумента гэтай краіны. У прыватнасці, Закон аб іншаземцах дапоўнены палажэннем, згодна з якім пашыраны пералік падставаў для выдачы праязнога дакумента. Фактычна, пасля набыцця моцы зменаў і падпісання Міністрам унутраных справаў адпаведнага загада, беларусы, якія маюць часовы або пастаянны від на жыхарства ў Польшчы, змогуць атрымаць праязны дакумент без выплаты адпаведных пошлінаў і збораў.

    Такі намер Міністэрства ўнутраных справаў падтрымаць беларусаў, якія не маюць магчымасці абмяняць свае праязныя дакументы на Радзіме, таксама пацвердзіў намеснік міністра Барташ Гарадзецкі. «Міністр Марыюш Каміньскі пасля перамоваў з беларускай суполкай у Польшчы, а таксама са Святланай Ціханоўскай, вырашыў, што гэты дакумент будзе выдавацца бясплатна. Такое рашэнне міністр прыняў улічваючы асаблівае становішча беларускай супольнасці, і тую падтрымку, якую мы надаем дэмакратычнай Беларусі. Гэтыя людзі вядуць нармальны лад жыцця ў Польшчы, хочуць падарожнічаць, але ў іх могуць быць абгрунтаваныя перасцярогі звяртацца ў дыпламатычную консульскую ўстанову сваёй краіны ці вяртацца ў Мінск для атрымання адпаведнага дакумента».

    Крысціна Рыхтэр: «Плённая супраца з Міністэрствам унутраных справаў Польшчы ў межах працоўнай групы па вырашэнні міграцыйных пытанняў беларусаў, а таксама сустрэчы Святланы Ціханоўскай з кіраўніцтвам гэтай установы, даюць свае вынікі. Мы вельмі ўдзячныя нашым партнёрам за тое, што яны гатовыя ўглыбіцца ў сутнасць праблемаў беларусаў і адгукаюцца на іх канкрэтнымі крокамі для іх вырашэння».

    Апошнія навіны