• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Роля Рады Еўропы ў тым, каб ужо зараз стаць бліжэй да Беларусі. Выступ Святланы Ціханоўскай на пленарным пасяджэнні ПАРЕ, 2022

    21 чэрвеня, 2022

    «Паважаны прэзідэнт Кокс,
    генеральны сакратар Бурыч,
    міністр Коўні,
    міністр Хаавіста,
    паважаныя чальцы Асамблеі

    Сёння мы абмяркоўваем справаздачу сенатара Кліха аб ролі Рады Еўропы. Ён нагадаў мне пра таго, хто першым адкрыта высунуў прапанову пра стварэнне гэтай арганізацыі з мэтай згуртаваць еўрапейцаў вакол іх дэмакратычных каштоўнасцяў – пра сэра Уінстана Чэрчыля.

    Некалькі дзён таму я глядзела яго выступ у Цюрыху неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. У сваёй прамове Чэрчыль казаў пра «Трагедыю Еўропы». Пра тое, як наш вялікі кантынент, нягледзячы на ​​ўсе свае бліскучыя дасягненні, апынуўся няздольны прадухіліць шэраг жахлівых, спусташальных войнаў.

    Але ў ягонай прамове не было безвыходнасці. Наадварот, Чэрчыль казаў пра надзею – пра тое, што былыя агрэсары і ахвяры могуць стаць новай еўрапейскай сям'ёй, адзінай у сваім імкненні да міру, свабоды і росквіту. Трагедыя магла перарасці ў надзею з дапамогай міжнародных структураў, якія арганізуюць супрацоўніцтва на падставе высокіх маральных прынцыпаў. Да адной з такіх структураў я звяртаюся сёньня.

    Амаль праз восемдзесят гадоў мы разумеем, наколькі ён меў рацыю. Аднак, нягледзячы на значны прагрэс, Трагедыя Еўропы яшчэ не скончылася.

    Наш кантынент зноў ахоплены полымем вайны. І зноў гучаць галасы, якія заклікаюць нас не супрацьстаяць, а патураць тым, чые дзеянні цалкам супярэчаць усяму, за што выступае дадзеная арганізацыя.

    Спадарыні і спадары, мы павінны раз і назаўжды скончыць Трагедыю Еўропы.

    У Беларусі гэта неправамерныя арышты, катаванні і смяротнае пакаранне.

    Дыктатарскі рэжым і цэнзура.

    Карупцыя і разрабаванне нашых нацыянальных рэсурсаў.

    Продаж нашага суверэнітэту дзеля ўтрымання ўлады.

    Угон самалёта, які здзяйсняе міжнародны рэйс, для захопу людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

    Выкарыстанне мігрантаў як інструмент для стварэння хаосу на нашых межах.

    А таксама выкарыстанне нашай краіны ў якасці плацдарму для нападаў і пагрозаў у бок нашых суседзяў.

    Гэта ня тое, чаго мы, беларусы, хочам для сваёй краіны… ці для Еўропы. Нашая перамога на выбарах 2020 г. была гучным і выразным пасланнем: мы еўрапейцы. Мы хочам вярнуць сабе сваю краіну.

    Вярнуць яе беларусам і вярнуцца ў Еўропу.

    Летась, звяртаючыся тут, у Страсбургу, да Еўрапарламента, я выступіла з перасцярогай пра тое, што Трагедыя Беларусі стане новай Трагедыяй Еўропы, калі не будзе рашучых, прынцыповых і дзейсных мераў у адказ. У святле наступных падзей я мела рацыю. Толькі перасцярога сёння гучыць яшчэ мацней. Ці будзе Трагедыя Еўропы доўжыцца далей з-за таго, што прагрэсіўныя ўрады адступяцца ад сваіх каштоўнасцяў і страцяць час для актыўных дзеянняў?

    Украінцы сваімі каштоўнасцямі не паступіліся. І на справе даказалі сваю мужнасць. Яны ведаюць, што замах на іх суверэнітэт – гэта замах на суверэнітэт усіх астатніх. Яны ведаюць, што смак крыві толькі раздражніць драпежніка.

    Украінцы працягваюць змагацца і верыць, а Трагедыя Еўропы ўсё бліжэй.

    Мы, беларусы, таксама не здрадзілі сваім каштоўнасцям. Наш народ працягвае супраціўляцца нават пасля маштабных рэпрэсіяў апошніх двух гадоў. Каля 2 000 чалавек былі затрыманыя за пратэсты супраць вайны ва Украіне. Больш за 80 дыверсій супраць расійскіх войскаў учыненыя партызанамі на тэрыторыі Беларусі. Амаль 1 500 беларускіх валанцёраў уступілі ва ўкраінскую армію.

    Адзін з іх – Цімур Міцкевіч. Яму было 17 гадоў, калі сілавікі збілі яго да страты прытомнасці ў першыя дні нашых мірных пратэстаў 2020 года. Тыдзень ён праляжаў у коме. Яго маці памерла, не вытрымаўшы нервовай напругі. Нашыя людзі дапамаглі Цімуру збегчы ў Чэхію, дзе лекары паставілі яго на ногі. Гэтай вясной ён накіраваўся абараняць Украіну. Цімур разумее, што пагроза, з якой сёння сутыкнулася Украіна, большая, чым пагроза адной краіне. Што баявыя дзеянні ва Украіне – гэта бой «за вашу і нашу свабоду».

    Цімур, як і многія беларусы, працягвае змагацца і спадзявацца, а Трагедыя Еўропы да гэтага часу не спыненая.

    Калі агрэсарам дазволяць дабіцца свайго, перспектываў для свабоды і бяспекі ў Еўропы стане значна менш. Асмялелая імперыя ўжо пераступіла парог еўрапейскага дома. Па ўсім рэгіёне ўзнікаюць новыя пагрозы. Новыя крыніцы для маніпуляцый.

    І ўсё ж, калі цяперашнюю пагрозу атрымаецца стрымаць, калі мы ўсе разам пакажам, што свабода і захаванне правоў чалавека ляжаць у аснове міру і працвітання, мы яшчэ зможам пераадолець Трагедыю Еўропы.

    Каб дамагчыся гэтага, мы павінны прымаць меры ў адказ супраць краінаў-агрэсараў, якія нам пагражаюць. Адначасова з гэтым мы павінны працягнуць руку сяброўства і дапамогі людзям гэтых краінаў. Ёсць важнае адрозненне: рэжымы, якія робяць злачынствы, павінны быць пакараныя. У той жа час звычайныя людзі, якія выступаюць за справядлівасць, заслугоўваюць падтрымкі.

    Заслугоўваюць падтрымкі па адной простай прычыне: мы частка Еўропы.

    Паважаныя спадарыні і спадары, Радзе Еўропы неабходна заняць больш прыкметнае месца ў жыцці беларусаў, а Беларусі – больш прыкметнае месца ў Радзе Еўропы.

    Гэтае супрацоўніцтва варта выбудоўваць па двух асноўных кірунках – стварэнне інстытутаў і развіццё грамадства. Я звяртаюся да Рады Еўропы з просьбай заснаваць працоўны камітэт па стасунках з Беларуссю. У яго склад неабходна ўключыць сяброў розных органаў Рады Еўропы і прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Удзельнікі створанай групы сумесна вызначаць прыярытэтныя галіны супрацоўніцтва. Камітэт будзе прапаноўваць, распрацоўваць і запускаць праграмы і праекты для аказання дапамогі, а таксама кантраляваць іх рэалізацыю.

    Гэта адзін, але вельмі канкрэтны і практычны крок, а яшчэ гэта мой просты адказ на пытанне сённяшняй позвы пра тое «якая роля Рады Еўропы». Роля Рады Еўропы ў тым, каб ужо зараз стаць бліжэй да Беларусі.

    Спадарыні і спадары, гісторыя нашага кантынента паказвае нам шлях. Нашая сіла ў нашых каштоўнасцях. І сёння мы павінны выкарыстоўваць усе нашыя магчымасці для абароны гэтых каштоўнасцяў – дзеля ўсёй Еўропы.

    Мы можам спыніць Трагедыю Еўропы раз і назаўжды. І прапанаваць Надзею Еўропы ўсім, хто імкнецца жыць разам у свабодзе, міры і росквіце.

    Давайце зробім гэта.

    Дзякуй! Жыве Беларусь, Слава Украіне, Long Live Europe!» 

    Апошнія навіны