• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на канферэнцыі Каліноўскага ў Вашынгтоне, 2023

    23 сакавіка, 2023

    «Паважаная спікерка Эмерыта Пелосі,
    Жыгімантас Павілёніс,

    Паважаныя госці і спікеры,
    Змагары за свабоду з усяго свету,
    Дарагія сябры свабоднай Беларусі,

    Сёння сапраўды знакавы і гістарычны дзень. Канферэнцыя Каліноўскага праходзіць тут, у Вашынгтоне, у будынку Кангрэса ЗША, дзе б'ецца сэрца амерыканскай дэмакратыі.

    Калі вы скажаце імя Каліноўскага беларусу, то ўбачыце, як у ягоных вачах разгарыцца полымя. Гэта таму, што Каліноўскі – герой Беларусі. Ён – сімвал нашай барацьбы за свабоду.

    Каліноўскаму было ўсяго 25 гадоў, калі ён узначаліў паўстанне супраць Расіі. Беларусы змагаліся адважна і з гонарам. Але яны былі ў меншасці. Каліноўскі быў схоплены і пакараны смерцю ў Вільні. Перад тым як яго забілі, ён вымавіў такія словы:

    «…ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю радную. Бо я табе з-пад шeбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе».

    Мы захоўваем Каліноўскага ў нашых сэрцах. Заўсёды. Ён вучыў нас, што незалежнасць, свабода і мір ніколі не могуць быць падзеленыя. Толькі незалежныя дзяржавы могуць быць па-сапраўднаму дэмакратычнымі.

    Праз 160 гадоў, у 2020 годзе, беларусы зноў паўсталі. Гэта быў мірны, негвалтоўны пратэст супраць тыраніі дыктатара Лукашэнкі. Мы ўсе памятаем цудоўныя кадры масавых пратэстаў у Беларусі, калі сотні тысячаў людзей выходзілі на вуліцы. Мы памятаем бясстрашных жанчынаў на перадавой, на нашым шляху да перамогі.

    Але зноў наш крык пра свабоду і дэмакратыю быў заглушаны. Менавіта Пуцін дапамог Лукашэнку задушыць нашае паўстанне. Бо Расія не хоча, каб Беларусь была свабоднай і дэмакратычнай. З дапамогай Пуціна Лукашэнка пасадзіў дзясяткі тысячаў людзей у турмы. Сотні тысячаў былі вымушаныя пакінуць краіну. Многія загінулі. Многія пайшлі ў падполле…

    Дарагія сябры,

    Барацьбу за дэмакратыю часта рамантызуюць. Але ёсць і іншая, больш змрочная карціна нашай барацьбы – шлях да дэмакратыі выбрукаваны болем, слязамі і пакутамі.

    Цяжка быць аптымістам, калі ведаеш, што ў адзіночнай турэмнай камеры аднаго з тваіх сяброў катуе КДБ, а іншаму пагражае смяротнае пакаранне.

    Цяжка захоўваць аптымізм, калі твае сябры ўцякаюць з краіны, якую яны любяць. І цяжка захоўваць аптымізм, калі даводзіцца тлумачыць дзецям, што іх тата асуджаны да 18 гадоў турмы толькі за тое, што кінуў выклік дыктатару.

    Так, гэта цяжка. Але гэтыя цяжкасці не перашкодзяць нам дзейнічаць правільна.

    Гэтыя цяжкасці – мая матывацыя. Кожную раніцу, прачынаючыся, я думаю пра тых, хто знаходзіцца ў турме, і пытаюся ў сябе: што я магу зрабіць сёння, каб дапамагчы вызваліць іх? Што я магу зрабіць, каб спыніць тыранію і зрабіць мой народ свабодным?

    Сёння я хачу падзяліцца некаторымі ўрокамі, якія я засвоіла за апошнія два гады:

    • Урок нумар адзін. Дыктатура заразная. Яна падобная на рак – калі не выразаць усё да апошняй клеткі, яна вернецца і заб'е ўсё і ўсіх. Тыраны вучацца адзін у аднаго. Рэжым Лукашэнкі быў лабараторыяй для пуцінскай Расіі. Яны выпрабавалі свае д'ябальскія рэпрэсіі на нас, простых людзях.
    • Урок нумар два: тыранаў нельга ўлагодзіць або перавыхаваць. Калі мы спрабуем дамовіцца з імі, яны смяюцца нам у твар і ціснуць яшчэ мацней. Яны разумеюць толькі мову сілы. Дэмакратыі павінны паказаць зубы.
    • Урок нумар тры. Нашая барацьба – гэта глабальная барацьба. Мы не можам перамагчы ў адзіночку. Дэмакратыя перамагае, калі мы прыкрываем адно аднаму спіну і разам супрацьстаім тыраніі. Калі мы дазволім дыктатарам тэрарызаваць свой народ, яны пачнуць пагражаць сваім суседзям, а неўзабаве і ўсяму свету.

    Падавіўшы дэмакратычныя пратэсты, Лукашэнка захапіў грамадзянскі авіялайнер. Потым ён арганізаваў мігранцкі крызіс на нашых межах з Польшчай і Літвой. Потым ён перадаў ключы ад нашай краіны, дазволіўшы Пуціну выкарыстоўваць Беларусь у якасці стартавай пляцоўкі для вайны супраць Украіны.
    Дарагія сябры,

    Лёсы Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя. Перамога Украіны дасць Беларусі магчымасць свабоды. Але і наадварот: дэмакратычныя перамены ў Беларусі дапамогуць Украіне. Гэта будзе наймацнейшай санкцыяй супраць Пуціна.

    У барацьбе з тыраніяй не існуе срэбнай кулі. Для перамогі патрэбны цэлы набор розных інструментаў. Дыктатура Лукашэнкі падобная да крэсла з трыма ножкамі: рэпрэсіі, грошы і Расія. Калі адна ножка адваліцца, крэсла ўпадзе.

    • Па-першае, мы мусім пазбавіць рэжым грошай і рэсурсаў. Санкцыі працуюць, але яны павінны кантралявацца і рэальна прымяняцца. Усе шчыліны павінны быць закрытыя. Мы павінны агучваць і сароміць усе міжнародныя кампаніі і ўрады, якія ўсё яшчэ вядуць справы з рэжымам. ЗША павінны вывучыць магчымасць выкарыстання другасных санкцый для выяўлення і блакавання актываў рэжыму за мяжой.
    • Па-другое, мы мусім падтрымліваць людзей, якія змагаюцца з рэжымам. Нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, супраціў па-ранейшаму ўнутры Беларусі. Нашыя партызаны здзяйсняюць дыверсіі супраць расійскіх цягнікоў, самалётаў і ваеннай тэхнікі. Кіберпартызаны ўзломваюць дзяржаўныя ўстановы і атакуюць прапагандысцкія рупары рэжыму. А беларускія добраахвотніцкія атрады ваююць на фронце ва Украіне. Мы хочам, каб яны перамаглі. Нам патрэбная іхняя перамога.
    • Па-трэцяе, мы павінны прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Мы вітаем рашэнне МУС выдаць ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Але давайце не будзем забывацца на Лукашэнку, які таксама нясе адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці і злачынствы агрэсіі. Мы павінны вызначыць працоўны механізм у межах міжнародных арганізацый і за іх межамі, які можа дапамагчы нам аднавіць справядлівасць у Беларусі і Украіне.
    • Па-чацвёртае, мы павінныя быць упэўненыя, што пасля падзення дыктатуры яна ніколі больш не падымецца. Нам патрэбны новы план Маршала. Як і ў 1945 годзе, вы можаце дапамагчы аднавіць нашую эканоміку і нашыя краіны. Выйграць вайну, не забяспечыўшы мір, значыць пакінуць дзверы адчыненымі для новага канфлікту. Беларусь, Грузія, Малдова разам з Украінай павінны стаць часткай гэтага рашэння, і гэтая праца павінна пачацца цяпер. Беларусь павінна далучыцца да еўрапейскай сям'і народаў, стаць надзейным сябрам і саюзнікам у дэмакратычным свеце.
    • Нарэшце, мы чакаем, што Кангрэс Злучаных Штатаў і прэзідэнт Байдэн стануць чэмпіёнамі ў глабальнай барацьбе супраць тыраніі. Мы бачым ролю Злучаных Штатаў у абароне незалежнасці Беларусі і Украіны і ў пабудове адзінства дэмакратычных дзяржаваў вакол гэтай справы. Для нас важна мець скаардынаваную стратэгію паміж ЕС, ЗША, Вялікабрытаніяй і Канадай.

    Спадары і спадарыні,

    Мы ведаем, што перамога Украіны ў гэтай вайне – гэта не пытанне, а дакладны факт, які адбудзецца неўзабаве. Калі гэтая перамога прыйдзе – гэта будзе перамога дэмакратый ва ўсім свеце. А пазбаўленне ад дыктатара ў Беларусі стане канчатковай перамогай дэмакратыі ў Еўропе.

    Беларусы ўжо зрабілі свой выбар і працягваюць кожны дзень праяўляць мужнасць у барацьбе за свабоду і дэмакратыю. Як і 160 гадоў таму Каліноўскі, мы павінны супрацьстаяць тыраніі нават тады, калі цяжка ўбачыць святло справядлівасці ў канцы тунэля.

    Мы павінны заставацца адданымі нашым каштоўнасцям свабоды і дэмакратыі. Мы павінны дзейнічаць мужна, каб выйграць гэтую вялікую барацьбу. Дапамажыце нам вярнуць нашыя краіны.

    Дзякуй».

    Апошнія навіны