• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская літоўскаму Сейму: «Заўсёды ёсць выбар паміж карысным і правільным»

    24 мая, 2022

    Тэкст выступу Святланы Ціханоўскай у Сейме Літоўскай Рэспублікі:

    «Шаноўная спадарыня спікерка Вікторыя Чмілітэ-Нільсан, дэпутаты Сейма і раднікі Урада Літвы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці;

    Дарагія сябры вольнай Беларусі,

    Вялікі гонар выступаць сёння тут, перад вамі. І я хацела б пачаць свой выступ са словаў удзячнасці Літве і літоўскаму народу. 

    Літва стала для нас вельмі блізкай. Ведаеце, часам здаецца, нібыта ўдзячнасць сама сабой зразумелая. Але дазвольце скарыстацца нагодай і выказаць вялікую падзяку ад імя ўсіх беларусаў. Мы кожны дзень адчуваем вашую падтрымку, вельмі яе цэнім, хаця бывае, што забываемся пра гэта гаварыць. Вашая дапамога не абмяжоўвалася фармальнымі заявамі ці словамі заклапочанасці.  Уцякаючы ад рэпрэсіяў, у Літве знайшлі часовы прытулак шмат тысячаў беларускіх сем’яў.

    Вільня стала прытулкам і для мяне, і для маіх дзяцей. У 2020 годзе, калі пачалі пагражаць маім дзецям, я прыняла рашэнне вывезці іх у Літву, а потым і сама далучылася, калі давялося выбіраць: дзеці ці турма. Чаму менавіта ў Літву? Таму што Літва – гэта бяспека. Таму што Літва – гэта сябры. За паўтары гады тут я ні разу не сустрэла негатыўнага стаўлення да беларусаў, толькі словы падтрымкі і салідарнасць. 

    Як і многія беларусы, да 2020 года я мала цікавілася палітыкай ці гісторыяй. І многае для мяне было адкрыццём. Адкрыццём для мяне стала і нашая супольная гісторыя. Прагульваючыся па Вільні моцна адчуваеш гэтую сувязь: вось у гэтым будынку працавала адна з першых беларускіх газетаў «Наша Ніва», а вось тут наш зямляк Францішак Скарына 500 год таму выдаў першую друкаваную кнігу ў ВКЛ. Дарэчы, хачу таксама падзякаваць Сейму за тое, што ён абвясціў гэты год Годам Скарыны. На жаль, у маёй краіне на дадзены момант няма парламента, у якога была б легітымнасць або маральная смеласць прыняць такое ж рашэнне. Таму я ўдзячная Сейму за тое, што высока трымае гэты сцяг для нас, для беларускага народа.

    Час ад часу я таксама бываю на могілках Росы, якія сталі месцам паломніцтва для беларусаў. На жаль, я не была на пахаванні Кастуся Каліноўскага ў 2019 годзе, але ведаю, што прыехалі тысячы беларусаў. І гэта стала прадвеснікам нашай рэвалюцыі 2020 году. Зараз імя Каліноўскага мае беларускі полк, які абараняе Украіну. 

    Літва стала хабам для шматлікіх арганізацый беларускай грамадзянскай супольнасці, беларускага студэнцтва, беларускай культуры і беларускага бізнеса. Літва прыняла Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які мусіць рыхтаваць эліту для новай Беларусі, а таксама дала падтрымку беларускім студэнтам, які вучацца у Віленскім Універсітэце, Універсітэце Вітаўта Вялікага ды іншых. Літва таксама рэгулярна падтрымлівае беларускія акадэмічныя падзеі і канфэрэнцыі, як, напрыклад, міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі.

    Многія гады менавіта з Вільні працуе Беларускі Дом правоў чалавека, Беларуская гімназія імя Скарыны, віленскі беларускі музей імя Луцкевіча, беларускі касцёл Святога Барталамея на Зарэччы, таварыства беларускай культуры ў Літве, і я магу яшчэ доўга працягваць гэты пачэсны спіс. Ад нядаўна ў Вільні таксама пачаў працу Цэнтр беларускай супольнасці і культуры на вуліцы Вільняус, 20, а таксама беларуская служба Радыё Свабода і іншыя беларускія выданні. Літва гасцінна прыняла і шматлікія беларускія IT-кампаніі, уключна з такімі гігантамі як EPAM ці Wargaming. Гэта не толькі прыклад добрасуседства, але і гіганцкі ўнёсак у будучыя двухбаковыя адносіны паміж нашымі краінамі.

    Беларусы заўжды адчувалі падтрымку сярод літоўскіх палітыкаў, якія разумеюць, што толькі незалежная, дэмакратычная і еўрапейская Беларусь можа быць надзейным сябрам і суседам. Яшчэ дзесяць год таму тут, у Літоўскім Сейме была створаная група «За Дэмакратычную Беларусь». І з гэтай трыбуны я хачу сказаць «ačiu» дэпутатам, якія кіравалі міжфракцыйнай дэпутацкай групай цягам апошнім гадоў. Літва была першай, цяпер мы ствараем такія групы ў парламентах іншых краінаў. 

    Ačiu таксама мінуламу Літоўскаму Сейму і Ураду, якія прызналі нашую перамогу ў 2020 годзе, прынялі першых уцекачоў. Ačiu цяперашняму ўраду, які моцна падтрымлівае беларусаў зараз. Ačiu Літоўскаму народу. Мы ніколі не забудземся тую беспрэцэдэнтную акцыю салідарнасці, якую вы арганізавалі ў жніўні 2020 года, на гадавіну Балтыйскага шляху. Тысячы людзей сталі ў ланцуг ад Вільні да Меднікаў. Калі многія ў Еўропе толькі спрабавалі зразумець, што ж адбываецца ў Беларусі, вы збіралі падтрымку на рэпрэсаваных у межах кампаніі Go Belarus.

    Літва была першай краінай, якая адкрыла гуманітарны калідор для пацярпелых беларусаў і пачала выдаваць нацыянальныя гуманітарныя візы, нягледзячы на пандэмію. Каб дапамагчы нам, вы, дэпутаты Сейма, збіраліся на пазачарговыя паседжанні і мянялі законы. Я часта бываю ў замежных паездках і пастаянна прыводжу Літву ў прыклад. Вашая гасціннасць і чалавечнасць сапраўды не мае межаў.

    Mes Niekada to nepamiršime, Lietuva».  

    ***

    «Дарагія сябры, 

    Сёння я б хацела нагадаць, як пачыналася нашая рэвалюцыя. Палітычны крызіс у Беларусі выкліканы найперш тым, што Лукашэнка прайграў выбары, адмовіўся прыняць волю народа ў 2020-м годзе. 

    Лукашэнка ў чарговы раз растаптаў Канстытуцыю. Артыкул нумар тры Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сцвярджае, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту з’яўляецца беларускі народ. А народ сказаў вельмі ясна: «Сыходзь!». Мірныя шматтысячныя пратэсты прайшлі ў больш чым 40 гарадах. Мы ведаем, што ўдзел у акцыях бралі да паўтара мільёна чалавек. 

    Але дыктатар вырашыў заставацца ва ўладзе любымі магчымымі спосабамі і любым коштам. Правёў патаемную інаўгурацыю. Беларусь зведала беспрэцэдэнтную хвалю тэрору. У людзей стралялі, кідалі гранаты. Першым застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага. Потым былі іншыя ахвяры. Многія страцілі канечнасці, сталі інвалідамі на ўсё жыццё. Дзясяткі тысячаў трапілі ў турмы, дзе задыхаліся ў камерах. Інтэрнэт быў адключаны, таму мы даведваліся праўду па абрыўках інфармацыі. 

    З 2020 года больш за 50000 чалавек былі затрыманыя. Тысячы ўсё яшчэ чакаюць на прысуд, тысячы ўжо адбываюць турэмныя тэрміны. Агульны тэрмін зняволення палітычных вязняў – гэта 4623 гады. Толькі ўявіце – 4623 гадоў скрадзенага жыцця. 

    Мы будзем дабівацца вызвалення кожнага. Многія з палітвязняў у цяжкім стане. Многіх трымаюць у карцары, працягваюцца катаванні. 21 траўня, роўна год таму, у турме быў забіты Вітольд Ашурак, які збіраў за мяне подпісы ў Лідзе, а потым удзельнічаў і ў акцыях пратэсту. Смерць Вітольда, на жаль, далёка не адзіная падчас беларускіх падзеяў. 

    Сярод палітвязняў і мой муж Сяргей. У нядзелю, 29 траўня, будзе роўна 2 гады са дня, калі яго пасадзілі. Яго асудзілі на 18 гадоў турмы, паўтара гады з іх ён правёў у камеры-адзіночцы. Сяргей вёў блог на ютубе, ездзіў па краіне, збіраў гісторыі людзей пра жыццё ў дыктатуры. Гэта натхніла яго балатавацца і кінуць выклік Лукашэнку. Адзінае, чаго хацеў Сяргей – зрабіць Беларусь свабоднай краінай. Краінай для жыцця для кожнага беларуса і беларускі. 

    У Сяргея, як і ў многіх палітвязняў, ёсць свае апекуны сярод дэпутатаў розных парламентаў. Я б хацела падзякаваць дэпутатам Сейма, якія ўзялі апякунства. Aciu, draugai! Палітвязням ствараюць умовы, каб яны думалі, што забытыя, што ніхто не займаецца іх вызваленнем. Вашыя лісты надаюць ім сілаў і энергіі. На жаль, колькасць афіцыйна прызнаных палітвязняў зараз амаль у 9 разоў большая, чым сяброў літоўскага Сейма. Таму я заклікаю дэпутатаў Cейма працягваць браць апякунства над  беларусамі ў зняволенні. Вашая падтрымка надзвычай важная для іх, іх сем’яў і для беларусаў па ўсім свеце. 

    Шаноўнае спадарства,

    • Сёння пагроза беларускай незалежнасці стаіць як ніколі сур’ёзна. 

    Лукашэнка ўтрымаўся ў 2020 годзе, дзякуючы падтрымцы Расіі. У самы разгар пратэстаў Крэмль дапамог рэжыму прапагандыстамі і грашыма. Крэмль быў гатовы ратаваць Лукашэнку і вайскоўцамі. Сёння Лукашэнка расплачваецца з Пуціным нашым суверэнітэтам. Пад выглядам вучэнняў на тэрыторыю Беларусі былі ўведзеныя чужыя войскі, а потым з нашай тэрыторыі пачаўся напад на Украіну. І ўсё гэта адбывалася са згоды рэжыму, з персанальнай згоды Лукашэнкі.

    Лукашэнка і Пуцін уцягнулі Беларусь у злачынную вайну. Яны спадзяваліся на бліцкрыг, узяць Кіеў за 3-4 дні. Але ім гэта не ўдалося дзякуючы мужнасці ўкраінскага народа. І я ганаруся, што беларусы таксама спрычыніліся да таго, каб перашкодзіць планам расійскай арміі.

    У адрозненне ад Расіі, у беларускім грамадстве няма падтрымкі вайны.  86% беларусаў супраць удзелу ў ёй беларускіх войскаў. У першыя ж дні вайны па ўсёй краіне пранеслася хваля антываенных акцыяў, быў запушчаны Антываенны Рух. 

    1) недапушчэнне ўдзелу беларускай арміі у расійскай вайне з Украінай; 
    2) спыненне расійскай агрэсіі супраць Украіны, у першую чаргу – з беларускай тэрыторыі; 
    3) вывад расійскіх войскаў з Беларусі; 
    4) абарона незалежнасці Беларусі ад Расіі. 

    Беларусы разумеюць, што перамога Украіны наблізіць і нашую перамогу. І робяць усё, каб ёй дапамагчы. Вы, мабыць, чулі пра беларускіх партызанаў. Яны зладзілі больш за 80 дыверсій на чыгунцы, каб перашкодзіць руху расійскай ваеннай тэхнікі. Кіберактывісты здзейснілі некалькі буйных атак у кіберпрасторы. Маці і жонкі запусцілі кампанію, каб спыніць беларускіх мужчынаў ад удзелу ў вайне. Фонды салідарнасці і дабрачынныя ініцыятывы, якія з’явіліся ў 2020 годзе,  цяпер дапамагаюць украінскім уцекачам. Беларуская дыяспара і бізнесмены перадалі каля 30 аўтамабіляў на патрэбы ўкраінскіх медыкаў і вайскоўцаў. 

    Каля паўтары тысячы хлапцоў і дзяўчат далучыліся да беларускіх батальёнаў ва ўкраінскай арміі. Адзін з іх – 19-гадовы Цімур, які ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Пасля выбараў ён быў збіты лукашэнкаўскімі бандытамі і тыдні правёў у коме. Яго маці не вытрымала шоку і памерла. Аднак Цімур выжыў і здолеў уцякчы ў Еўропу. Калі пачалася вайна, ён уступіў у беларускі батальён Кастуся Каліноўскага і цяпер разам з украінскімі салдатамі абараняе Украіну. Ён лічыць, што ўкраінская перамога можа даць яму шанец вярнуцца ў Беларусь.

    Без свабоднай Украіны не будзе свабоднай Беларусі. А без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Украіны і бяспечнай Еўропы. Нам вельмі важна, каб Захад заставаўся адзіным у падтрымцы Украіны і Беларусі. Сёння дыктатары спрабуюць раскалоць гэтае адзінства, паміж ЗША і Еўрасаюзам, убіць клін паміж асобнымі краінамі Еўрасаюза.  Зараз яны ўзялі на ўзбраенне тэму харчовай бяспекі, маўляў, калі не здымеце санкцыі — будзе голад. Мы падтрымліваем заклікі Літвы правесці дэблакаду ўкраінскіх партоў. Мы катэгарычна супраць любых угодаў, якія прадугледжваюць транзіт праз Беларусь. Нельга дапусціць зняцця санкцыяў з рэжыму. Давайце не забывацца, за што яны ўведзеныя. Пакуль не вызваленыя палітвязні, а на тэрыторыі нашай Беларусі прысутнічаюць расійскія войскі – зняцце санкцыяў прывядзе да яшчэ большай беспакаранасці рэжыму. 

    Я хачу падзякаваць Літоўскаму МЗСу і Літоўскаму Ураду за паслядоўную палітыку ў дачыненні да рэжыму. Літва стала сапраўдным прыкладам для ўсёй Еўропы. І гэта не перабольшванне. Гэта сапраўды так. Калі ласка, працягвайце закрываць шчыліны ў санкцыях супраць рэжыму. Я буду працягваць заклікаць іншыя краіны свету браць з Літвы прыклад прынцыповасці. 

    Прашу разглядзець таксама санкцыі супраць так званых «дэпутатаў» Парламента Лукашэнкі, якія з’яўляюцца саўдзельнікамі як агрэсіі супраць Украіны, так і злачынстваў супраць беларускага народа. Яны адзінагалосна падтрымалі закон, паводле якога смяротнае пакаранне можа быць ужытае за «замах за здзяйсненне акту тэрарызму». Паводле беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна», абвінавачанні ў «замаху на тэрарызм»  прызначаныя ўжо дзясяткам актывістаў, у тым ліку мне асабіста. Фактычна, кожны беларус ці беларуска, які выказваецца супраць існай нелігітымнай улады, сутыкаецца з рызыкай быць забітым. 

    Я таксама прашу вас даводзіць да прадстаўнікоў бізнес-супольнасці Літвы, што неабходна прыпыніць эканамічныя стасункі з дзяржпрадпрыемствамі Беларусі, бо такім чынам, на жаль, забяспечваецца фінансаванне рэжыму Лукашэнкі.

    Лукашэнку вельмі патрэбныя грошы. Лукашэнка зрабіў так званы «бязвіз» да канца году. Я хачу звярнуцца да літоўцаў не купляцца без крайняй неабходнасці на гэты танны трук, бо едучы ў турыстычную забаўляльную паездку, вы едзеце ў краіну, дзе пакутуе больш за 1200 палітзняволенных і іх сем’яў. Туды, дзе існуе пагроза небяспецы за любое вольнае слова. Нават літоўскі гістарычны герб з Віцісам станавіўся падставай для затрыманняў і штрафаў для беларусаў. Мы вельмі чакаем усіх літоўцаў, якія заўсёды былі і застаюцца нашымі добрымі суседзямі, у Беларусі, але ў Беларусі вольнай і дэмакратычнай, якую мы пабудуем. 

    Заўсёды ёсць выбар паміж карысным і правільным. Зараз жа замест таго, каб спрабаваць зэканоміць ці зарабіць пару еўра, што можа, вядома, быць карысным, няхай лепш кожны з нас ахвяруе некалькі еўра Украіне ці сем’ям палітвязняў. Гэта тое, што правільна рабіць; гэта тое, што варта рабіць у цяперашніх умовах.

    Ведаеце, рэжым Лукашэнкі – гэта як крэсла з трыма ножкамі, на якіх яно трымаецца: рэпрэсіі, грошы і Крэмль. Калі хоць адна з гэтых ножак абваліцца – абваліцца і ўвесь рэжым. Таму мы мусім працягваць пазбаўляць рэжым грошай, магчымасці ажыццяўляць тэрор, а таксама аслабляць Крэмль. 

    Mieli lietuviai, зараз Беларусь знаходзіцца на гістарычным перакрыжаванні. Беларусы разумеюць, што існуе толькі два шляхі – альбо Еўрапейская дэмакратычная Беларусь, альбо дэ-юрэ акупацыя Расіяй і шматгадовая ізаляцыя, рэгрэс і бяспраўе. На дадзены момант беларусам у Беларусі складана пачувацца дома: бясконцыя рэпрэсіі, чыя жорсткасць толькі павялічваецца, скоўваюць іхнія рукі кайданамі. Руйнуюцца жыцці – незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. Адным з найпапулярнейшых лозунгаў беларускіх пратэстаў стаў вокліч «Гэта наш горад!». Ідучы па гарадах Беларусі маршамі, хоць і рызыкуючы жыццём, мы адчувалі сваю моц змяніць нашую Радзіму да лепшага, бо мы – гаспадары на сваёй зямлі. Цяпер дыктатары ў Крамлі і Мінску намагаюцца адабраць у нас Радзіму. Але жорсткія рэпрэсіі ўладаў супраць свайго народа толькі пацвярджаюць, наколькі яны баяцца ўласнай паразы. Бо, нягледзячы на пагрозу свабодзе і жыццю, беларусы абараняюць свой дом, і працягваюць змагацца з рэжымам. 

    • Беларусы хочуць вызвалення, але не часовай палёгкі.

    Што для нас значыць вызваленне? Гэта жыццё ў Дэмакратычнай Беларусі, дзе людзі змогуць вольна абіраць сваіх прадстаўнікоў у дзяржаўных структурах, а аспрэчыць беларускі суверэнітэт будзе проста немагчыма. У Дэмакратычнай Беларусі, як пісаў наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі, будзе «не народ для ўрада, а ўрад для народа». Вызваленне – гэта пачувацца ўпэўнена ва ўласнай краіне. Гэта мець эканоміку, якая базуецца на ўласнай ініцыятыве, а не на яе падаўленні , як цяпер. Вызваленне – гэта вольна працаваць і не баяцца, што рэжым забярэ сабе твае дасягненні і пазбавіць цябе свабоды, у тым ліку таму, што цябе абароніць незалежны прафсаюз. У Дэмакратычнай Беларусі сілавыя структуры будуць служыць народу, а не саманазваным «гаспадарам»; міліцыя будзе змагацца са злачынцамі, а не з мірнымі грамадзянамі, якія адстойваюць свае правы. Вызваленне – гэта жыццё ў eўрапейскай Беларусі, якая будзе шукаць сяброў, а не ворагаў; і будзе сама абіраць лінію знешняй палітыкі. Мы марым пра краіну, якую паважаюць у свеце таму, што яна паважае сваіх грамадзянаў. 

    Вяртаючыся да маіх словаў пра вырашальны пункт у гісторыі Беларусі, я хачу нагадаць, што Беларусь – гэта ключавая для Усходняй Еўропы дзяржава і прастора. Для літоўцаў і палякаў гэта відавочна. 

    Хачу вас запэўніць: дзейнасць майго Офіса, дэмакратычных сілаў Беларусі і ўсіх грамадска-свядомых беларусаў эвалюцыянуе. Мы пашыраем свае магчымасці вырашэння практычных праблемаў: арганізоўваем працоўныя групы ў Польшчы, Чэхіі, Эстоніі; а таксама ладзім перамовы з Еўрапейскай Камісіяй наконт сумесных намаганняў па пытаннях мабільнасці беларусаў у краінах Еўрасаюза. 

    Рада Еўропы павялічыла ўзаемадзенне з людзьмі Беларусі. Сумесна мы выпрацоўваем фарматы і кірункі сістэмнай, інстытуцыяналізаванай працы ў Радзе Еўропы па двух галоўных напрамках –дзяржаўным будаўніцтве і грамадскім развіцці. Мы ўпэўненыя, што гэта будзе мець карысць для беларускага народа і нашай краіны. Менавіта таму майму Офісу патрэбныя дадатковыя інструменты для таго, каб рабіць больш для людзей.

    Нядаўна створанае прадстаўніцтва майго Офіса ў Кіеве скіраванае на рэпрэзентацыю інтарэсаў беларусаў ва Украіне і шчыльнейшую супрацу з украінскім урадам. Гэтае прадстаўніцтва з’яўляецца вялікай магчымасцю абмеркаваць з уладамі Украіны пасляваенны парадак, у тым ліку адносіны паміж нашымі краінамі і ва Усходняй Еўропе агулам. Зараз як ніколі важная размова, якая ўпершыню за некалькі стагоддзяў здолее зноў наблізіць адно да аднаго чатыры народы – Беларусаў, Літоўцаў, Палякаў і Украінцаў. 

    Гістарычна і ментальна Беларусь – гэта неад’емны складнік цэнтральнаеўрапейскай, а найперш – нашай балтыйска-чарнаморскай культурнай і гістарычнай прасторы. 

    Многія беларусы, якія два гады таму абудзіліся да барацьбы за свае палітычныя правы, яшчэ не ўсведамлялі, што выбар свабоды азначае і геапалітычны выбар. Сёння большасць сярод актыўных беларусаў усвядоміла, што мае права быць самім сабой, быць беларусам, што гэта наймацнейшая абарона ад замахаў звонку на нашую свабоду і што месца нашай незалежнай краіны – сярод свабодных краінаў Еўропы. 

    Мы ўдзячныя Літве за аператыўную, паслядоўную, аб’ёмную дапамогу беларусам, якія стаяць за дэмакратычную будучыню сваёй краіны. Мы захапляемся надзвычайнай мабілізацыяй літоўскага грамадства і Літоўскай дзяржавы дзеля дапамогі Украіне, якая адбівае замах Расіі і на сваю свабоду і незалежнасць, і на ўвесь еўрапейскі мірны лад. Перамога Украіны неабходная ўсім нашым народам, у тым ліку беларусам. Разам з тым будучая бяспека Украіны, Літвы і ўсяго кантынента будзе пад пагрозай, калі не будзе вольнай і свабоднай Беларусі. Менавіта таму Беларусь не павінна стаць разменнай манетай у магчымых дамовах з Пуціным і дзіўных клопатах некаторых еўрапейскіх палітыкаў, як дапамагчы яму зберагчы аблічча. Толькі разам сва Свабоднай і незалежнай еўрапейскай Беларуссю, поруч са свабоднай Украінай, мы зможам мець моцную і бяспечную Еўропу.

    Mielei draugai, гэтак жа як і стагоддзі таму, мы зараз змагаемся за супольныя мэты, за супольныя каштоўнасці, за супольную будучыню. 

    Uz musu ir jusu laisve! і Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны