У Вільні у Пасольстве Даніі, якая старшыню ў Еўрасаюзе, Святлана Ціханоўская разам з Сяргеем Ціханоўскім правялі закрыты брыфінг для дыпламатаў з больш як 20 краін.
У сустрэчы прынялі ўдзел амбасадары і прадстаўнікі дыпмісій Арменіі, Канады, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Італіі, Ізраіля, Паўднёвай Карэі, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Румыніі, Іспаніі, Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША, а таксама Еўракамісіі.
Ціханоўская павіншавала Данію з пачаткам старшынства ў Радзе ЕС і падзякавала Польшчы за Форум Касцюшкі і тое, што “на працягу паўгода Беларусь была ў фокусе Еўрасаюза”. Асобна яна выказала ўдзячнасць Літве:
“Дзякуй за вашую прынцыповую пазіцыю адносна рэжыму і за прытулак, які вы далі тысячам беларусаў — у тым ліку мне і Сяргею”.
Ціханоўская распавяла пра апошняе вызваленне палітвязняў пры ўдзеле ЗША, пра планы дэмакратычных сіл, а таксама пра ваенна-палітычную сітуацыю ў Беларусі. Сяргей Ціханоўскі падзяліўся падрабязнасцямі свайго вызвалення і бачаннем сваёй ролі ў руху.
Ціханоўская адзначыла, што вызваленне групы палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Наталлі Дулінай, журналістаў “Радыё Свабода” Ігара Карнея і Андрэя Кузнечыка, а таксама замежных грамадзян, стала магчымым дзякуючы агульным намаганням ЗША, ЕС, шэрагу еўрапейскіх краін, а таксама дзякуючы ціску, салідарнасці і дыпламатыі. Асобна яна падзякавала адміністрацыі Дональда Трампа, генералу Келогу і кангрэсмену Крысу Сміту.
“Гэта паказала: усё магчыма, калі мы скаардынаваныя, адзіныя і паслядоўныя. Але вызвалена толькі 1,5% палітвязняў. Больш за 1150 застаюцца за кратамі. Рэпрэсіі ўзмацняюцца. І мы павінны змагацца за кожнага”, — падкрэсліла яна.
Святлана адзначыла, што вызваленым не далі сапраўднай свабоды — іх дэпартавалі з краіны. І “на месца кожнага вызваленага з’яўляецца новы закладнік”. Яна прывяла прыклад брата Ігара Лосіка, які нядаўна атрымаў 3 гады “хіміі” за дапамогу праекту “Беларускі Гаюн”. Яна таксама нагадала пра Марыю Калеснікаву, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыку, Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча і іншых, хто ўсё яшчэ за кратамі.
“Лукашэнка хоча, каб санкцыі былі зняты без рэальных змен. Але змены павінны быць незваротныя. Спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў — першы крок да нацыянальнага дыялогу, якога так патрабуе беларускае грамадства”, — сказала Ціханоўская.
Яна падкрэсліла, што з вяртаннем Сяргея Ціханоўскага структура дэмсіл застаецца нязменнай. Ён будзе працаваць на інфармацыйным фронце, удзельнічаць у кампаніях, падтрымліваць беларусаў і спрыяць згуртаванасці:
“Мы будзем працаваць разам, змагацца за вызваленне людзей з турмаў і прасоўваць дэмакратычную, еўрапейскую будучыню Беларусі”.
Таксама Ціханоўская анансавала будучую Канферэнцыю Новая Беларусь ў Варшаве 9-10 жніўня, на якой будуць прадстаўлены новыя ініцыятывы, кампаніі і прызначэнні.
Пасля брыфінгу адбылася дыскусія з дыпламатамі, падчас якой выступілі 12 амбасадараў. Былі абмеркаваныя наступныя крокі дзеля вызвалення палітвязняў, інструменты падтрымкі грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і незалежных медыяў.