27-28 кастрычніка Асацыяцыя Беларускага Бізнесу за Мяжой (ABBA) сумесна з даследчым цэнтрам CASE Belarus пад патранажам Святланы Ціханоўскай правядуць у Варшаве Belarus Business Forum, каб адказаць на гэтае пытанне. Мерапрыемства пройдзе ў Варшаўскай фондавай біржы, самай буйной фінансавай біржы ў рэгіёне.
Цяпер дзень за днём рэжым пагаршае палітычны, эканамічны і гуманітарны крызіс у Беларусі. Ён пазбавіўся даверу прадпрымальнікаў, дзеля бяспекі камандаў і працы шматлікія кампаніі вымушана пакідаюць краіну. Сам рэжым ужо не ў стане забяспечыць паўнавартасную працу дзяржавы: стварыць годныя ўмовы для працы, прыстойныя заробкі і пенсіі.
Але ў дэмакратычных сілаў у асобе палітычных лідараў, незалежных эканамістаў, аналітыкаў і прадстаўнікоў бізнесу ёсць магчымасць дапамагчы тым, хто вымушаны быў з'ехаць, і ёсць бачанне, як будзе развівацца бізнес у новай Беларусі. Прама зараз для будучага хуткага аднаўлення эканомікі трэба:
– Дапамагчы выратаваць бізнесы і іх супрацоўнікаў, у тым ліку тыя, якія вымушаныя з'ехаць у іншыя краіны, напрыклад, у Польшчу.
– Распрацаваць і ўзмацніць планы падтрымкі, якія атрымае Беларусь пасля змены ўлады – як План дапамогі ЕС на 3 мільярды еўра.
На анлайн-форуме 27-28 кастрычніка беларускія лідары, міжнародныя дыпламаты і эксперты збяруцца разам і абмяркуюць практычныя рашэнні гэтых задач. Прадпрымальнікі падзеляцца тым, з якімі праблемамі сутыкаюцца бізнесы ў Беларусі і пасля рэлакацыі – і як можна дапамагчы.
Поўная праграма форуму па-руску – тут.
Па-англійску – тут.
Ціханоўская выступіць на адкрыцці форуму. Таксама выступяць чальцы яе эканамічнай каманды Алесь Аляхновіч, Яўген Буры, Ірына Сазановіч і Мікалай Пракоф'еў.
Сярод беларускіх спікераў і гасцей будуць прадпрымальнікі і менеджары Кірыл Валошын, Павел Лібер, Вадзім Пракоп'еў, Наталля Красько, эканамісты Сяргей Чалы, Павел Данейка, Серж Наўродскі, адвакат Ілля Салей і іншыя.
Сярод дыпламатаў, прадстаўнікоў уладаў і бізнесу будуць кіраўнік Варшаўскай фондавай біржы Марэк Дзітль, камісар Еўракамісіі па добрасуседстве і пашырэнні Мацей Папоўскі, кіраўнік дыпламатычнай місіі ЕС у Беларусі Дзірк Шубель, віцэ-прэзідэнт Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы Марцін Навацкі і іншыя.
Зарэгістравацца на форум можна па спасылцы abbacaseforum.com.