• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Абмеркавалі транзіт збожжа і пазбаўленне беларусаў грамадзянства: вынікі візіта Святланы Ціханоўскай у Фінляндыю

    15 снежня, 2022

    Святлана Ціханоўская скончыла візіт у Фінляндыю на запрашэнне міністраў замежных справаў. 

    Прэзідэнт Саўлі Нііністо прыняў беларускую лідарку ў сваёй прэзідэнцкай рэзідэнцыі. Святлана Ціханоўская распавяла, што ў беларускім грамадстве ёсць кансэнсус пра недапушчальнасць удзелу беларускіх вайскоўцаў у агрэсіі супраць Украіны, а таксама адзначыла, што прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі сведчыць пра замах на беларускі суверэнітэт. Лідэры абмеркавалі магчымыя сцэнары транзіту і неабходнасць прынцыповай пазіцыі Захаду ў абарону беларускай незалежнасці. Паводле Ціханоўскай, расійскія войскі павінны быць выведзеныя не толькі з Украіны, але і з Беларусі.

    На сустрэчы з міністрам замежных справаў Пеккай Хаавісто Святлана Ціханоўская падзякавала яму за запрашэнне і рашэнне падтрымаць Міжнародную платформу доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Разам з міністрам абмеркавалі апошнія рэпрэсіўныя законы аб пазбаўленні беларусаў грамадзянства, прынятыя Палатай прадстаўнікоў. Ціханоўская заклікала міністра падтрымаць прымяненне 33 артыкулу Міжнароднай арганізацыі працы бліжэйшай вясной пры ўмове, калі да гэтага часу не будуць вызваленыя палітвязні, а таксама падтрымаць запуск Маскоўскага механізму АБСЕ. Падчас сустрэчы абмеркавалі магчымасць прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку праз Міжнародны крымінальны суд, выдзяленне падтрымкі для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў, а таксамадапамогу для беларускіх добраахвотнікаў. Таксама Святлана Ціханоўская абазначыла недапушчальнасць саступак і зняцця санкцыяў узамен на транзіт збожжа.

    Святлана Ціханоўская наведала фінскі Парламент, дзе правяла сустрэчы з камітэтам па замежных адносінах і фінскай дэлегацыяй у Паўночнай радзе, куды ўваходзяць прадстаўнікі пяці скандынаўскіх краінаў. Дэпутаты упэўнілі, што цалкам спынілі любую камунікацыю з рэжымным парламентам. Ціханоўская заклікала дэпутатаў браць шэфства над палівтязнямі, падтрымліваць іх сем’і, пісаць лісты і стварыць парламенцкую групу «За дэмакратычную Беларусь». Да сустрэчы дэпутаты падрыхтавалі заканадаўчую ініцыятыву аб змене афіцыйнай назвы нашай краіны на Беларусь замест «Белай Расіі».


    На фота: Святлана Ціханоўская і камітэт па замежных адносінах

    На фота: Святлана Ціханоўская і фінская дэлегацыя ў Паўночнай радзе

    На сустрэчы са спікерам Ма‌ці Ва‌нханенам абмеркавалі апошнюю хвалю рэпрэсіяў. Святлана Ціханоўская прапанавала аказаць дапамогу праваабарончым арганізацыям, якія працуюць з палітвязнямі, а таксама правесці слуханні па Беларусі ў фінскім парламенце.

    Апошнія навіны