• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай у Вене

    21 лістапада, 2021

    Сёння Святлана Ціханоўская пачала рабочы візіт у Аўстрыю з сустрэчы з беларусамі. На сустрэчы Ціханоўская адказала на пытанні аб адзінстве дэмакратычных сіл, міграцыйным крызісе, а таксама агучыла пазіцыю наконт рэферэндуму.

    Прамова Святланы Ціханоўскай:

    «Добры дзень, мае дарагія беларусы!

    Я вельмі рада вас усіх бачыць тут, у Вене. Як вы ведаеце, я прыехала сюды па запрашэнні канцлера Шалянберга на канферэнцыю высокага ўзроўня, дзе мы будзем гаварыць пра Беларусь. Мы будзем казаць, што толькі адзінства заяваў і рашэнняў можа супрацьстаяць рэжыму. Будзем паўтараць, што стала прычынай крызісу ў Беларусі і як важна выпраўляць гэтую прычыну, а не вынікі. Мы ні разу не паступіліся пазіцыяй усіх беларусаў: спачатку павінны выйсці на волю ўсе нявінныя людзі, і толькі потым можа пачацца дыялог паміж народам і ўрадам – пра новыя выбары.

    Але я прыехала сюды, безумоўна, і каб сустрэцца з вамі. Я ведаю, што зараз у Аўстрыі складаная сітуацыя – праз кавід і нізкі ўзровень вакцынацыі пачынаецца лакдаўн. Я ведаю, што грамадства падзеленае з-за розных меркаванняў наконт крызісу пандэміі. І вы самі разумееце, наколькі важна, каб падчас складаных сітуацый народ аб’ядноўваўся, выступаў адзінай сілай – бо як інакш супрацьстаяць выклікам? Крытычная сітуацыя з кавідам і ў Беларусі, і зараз мы працуем над тым, как беларусы ў краіне не былі пакінутыя сам-насам у гэтай бядзе.

    Мы часта гаворым, што дыяспара вельмі дапамагае нам у нашай працы. Але насамрэч гэта мы дапамагаем вам. Палітыкі могуць толькі адчыняць дзверы, у якія заходзяць актывісты і ініцыятывы, групы дыяспары, фонды салідарнасці і аб'яднанні. Вы звяртаеце ўвагу на праблемы беларусаў аўстрыйскіх і еўрапейскіх палітыкаў, міжнародных арганізацый, аўстрыйскіх бізнэсаў, якія працуюць з Беларуссю, – пікетуеце, дасылаеце лісты, звяртаецеся да медыяў.

    Я дзякую вам за вашу актыўнасць і сілу салідарнасці. Як вы бачыце, зараз сітуацыя вакол Беларусі вельмі абвостраная – таму нам трэба быць яшчэ мацнейшымі і яшчэ гучнейшымі.

    І мы заўжды павінны памятаць пра наш галоўны прыярытэт. Ужо больш за дзесяць сутак Вольга Гарбунова – дзяўчына, якая стварала прытулкі для жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту – трымае галадоўку. Яна знаходзіцца на Акрэсціна, але працягвае выказваць пратэст нават у такіх умовах. Калі я чытаю такія навіны, я адчуваю неймаверны гонар за сілу беларусак і беларусаў.

    Але калі я чытаю такія навіны, я адчуваю і вялізную злосць, таму што ніхто не заслугоўвае бесчалавечнага стаўлення. Я ведаю, што вы таксама злуецеся. Але гэтая злосць толькі ўзмацняе жаданне працаваць яшчэ больш старанна. Нядаўна мой муж, Сяргей Ціханоўскі, падзяліўся вершам, дзе былі такія радкі: «Той, хто не шукае, не знойдзе! Не зможа, хто не чакае, дачакацца. Хто не гарыць, той не запаліць. Той, хто не верыць, можа здацца!».

    Сяргей нагадвае нам, як важна ні на секунду не пераставаць верыць у свае сілы і рабіць тое, што ў нашых сілах – і нават тое, што пакуль здаецца немагчымым. Бо з аднаго боку, гэты год паказаў, што наш шлях да свабоды будзе не такім хуткім, як мы ўяўлялі ў жніўні 2020-га. Але з іншага боку, за гэты год кожны, хто зараз тут, стаў больш моцным, устойлівым і толькі ўмацаваўся ў сваіх перакананнях.

    Палітзняволены спартовы журналіст Саша Івулін неяк напісаў: «Галоўнае – гэта мець мужнасць працягваць». Пагадзіцеся, ён мае рацыю. Але я ведаю, што ў вас і ва ўсіх нас, беларусах, дастаткова мужнасці.

    Дзякуй вам вялікі, Жыве Беларусь!»

     

    Апошнія навіны