Падчас візіту ў Германію прайшлі сустрэчы з прэзідэнтам Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаерам і мэрам Берліна Францыскай Гіфай. Разам з Таццянай Хоміч і Веранікай Цапкала Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай нямецкага Бундэстага Бербель Бас, лідарамі парламенцкіх фракцый Рольфам Мютцэніхам (СДПГ), Фрыдрыхам Мерцам (ХДС), Катарынай Дрэге і Брытай Хасельман («Зялёныя»), Крысціянам Дзюрам (СвДП), прадстаўніцай канцылярыі Шольца Клаўдзіяй Рот.
Вось асноўныя вынікі візіту:
– У найбліжэйшы час Германія прэзентуе пакет дапамогі беларускім студэнтам, медыя, праваабарончым і іншым ініцыятывам. Фінансаванне беларускай праграмы Deutsche Welle будзе працягнутае. Асобна будзе аказаная дапамога беларускім незалежным прафсаюзам, якія зараз трапілі пад рэпрэсіі.
– Германія працягне палітыку непрызнання рэжыму Лукашэнкі і не прыме новага амбасадара Беларусі.
– У Бундэстагу разгледзяць стварэнне групы сяброў Беларусі замест беларуска-нямецкай парламенцкай групы, якая камунікавала з рэжымам. Дэлегацыя рэжыму не будзе запрошаная на гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны.
– Распрацоўваецца праграма рэабілітацыі для дзяцей палітвязняў, каб яны маглі наведаць Берлін. Таксама Германія аптымізуе працэс прыняцця беларускіх уцекачоў з Беларусі і Украіны.
– Германія працягвае выдаваць візы беларусам, у першую чаргу тым, хто рэпрэсаваны рэжымам Лукашэнкі. Многія сем'і, якія трапілі пад рэпрэсіі, змаглі рэлакавацца з Беларусі ў Германію.
– Германія працягне падтрымліваць праект збору доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі (IAPB). Платформа супрацоўнічае з беларускімі праваабаронцамі. Ужо сабраныя 10000 файлаў доказаў, якія будуць перададзеныя ў ААН.
– Пытанне Беларусі і яе ролі ў вайне ва Украіне будзе ўздымацца на бліжэйшых міжнародных форумах і шматбаковых сустрэчах. Германія выразна падзяляе дзеянні Лукашэнкі і беларускі народ. На канец траўня запланаваны наступны візіт дэмакратычных сілаў у Германію з шэрагам сустрэчаў на высокім узроўні.
– Дэпутаты Бундэстага ўздымуць пытанне прыцягнення Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці ў межах міжнародных інстытуцый і міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе.
– На сустрэчы з прэзідэнтам Штайнмаерам абмеркавалі магчымасць прадастаўлення гарантый бяспекі для новай Беларусі і ўдзел Беларусі ў перамовах аб бяспецы ў рэгіёне, калі такія адбудуцца. Таксама казалі пра арышты лідараў незалежных прафсаюзаў Ярашука і Антусевіча і дапамогу для палітвязняў. Штайнмаер адзначыў, што Германія працягне падтрымліваць незалежныя прафсаюзы і СМІ Беларусі.
Таксама Ціханоўская, Цапкала, Хоміч дзякуючы дыяспаральнаму аб'яднанню Razam у Германіі разам правялі адкрытую сустрэчу з беларусамі і ўкраінцамі Берліна. Яны наведалі склад Razam, дзе збіраюць дапамогу для ўкраінскіх уцекачоў і гуманітарную дапамогу для Украіны.