• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Беларуская культура ў выгнанні і перспектывы вольнай Беларусі». Выступ Святланы Ціханоўскай на мерапрыемстве «Культура ў эміграцыі» у Кракаве, 2023

    04 чэрвеня, 2023

    «Ваша эксцэленцыя пан амбасадар Артур Міхальскі, 
    Пан Аркады Жэгоцкі,
    Віцэ-дырэктарка Ёана Вайда,
    Шаноўная пані дырэктарка Дамініка Каспровіч,
    Шаноўны пан старшыня Ян Пекла,

    Дарагія беларусы,
    Дарагія польскія і ўкраінскія сябры!

    Дазвольце мне пачаць свой зварот цытатай нашага з вамі супольнага класіка. Гэтыя словы Адама Міцкевіч напісаў у выгнанні. У Польшчы, Літве і Беларусі іх ведаюць бадай усе:

    «Літва! Ты як здароўе ў нас, мая Айчына!… 
    Што варта ты, ацэніць той належным чынам, 
    Хто цябе ўтраціў».

    У 1829-м годзе Міцкевіч страціў айчыну – але ў выніку сусветная літаратура набыла «Пана Тадэвуша».

    Я ўпэўненая, што апісанае паэтам пачуццё вялікай страты знаёмае ўсім беларусам. І тым, хто выехалі даўно, і тым, якія вымушана пакінулі радзіму пасля 2020-га года. Але я веру, што для нас, беларусаў нічога не страчана. Мы, як і Міцкевіч, у выгнанні навучыліся толькі больш цаніць Беларусь. І я не сумняваюся, што Беларусь зноў будзе вольнай і дэмакратычнай, і мы абавязкова туды вернемся.

    Гісторыя нашай краіны склалася так, што значная частка беларускай культуры была створаная ў замежжы. Пералік знакамітых беларускіх культурных дзеячоў-эмігрантаў некаторыя пачынаюць з самога Францыска Скарыны. 

    Дарэчы, прыўкрасная віла Дэцюша, у якой мы знаходзімся – ягоная сучасніца, сведка эпохі Рэнесансу. За трыццаць гадоў да таго, як віла была пабудаваная, Скарына навучаўся тут у Кракаве, потым у італьянскай Падуі, а ў 1517-м годзе ў чэшскай Празе выдаў на старабеларускай мове першую друкаваную кірылічную кнігу, свой пераклад Бібліі.

    І хаця ў родны Полацак ён не вярнуўся, але ж працягваў сваю асветніцкую дзейнасць у Вільні. І вольна падарожнічаў у межах нашай супольнай цывілізацыйнай прасторы – па Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, па землях Кароны Чэскай, Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага.

    Талерантнасць тагачаснай польскай і літоўскай дзяржавы дазваляла Скарыну вольна папулярызаваць нашу мову і культуру. І толькі на Ўсходзе, у Маскве, новую вынаходку – друкарскі станок – палічылі ерэтычнай. Гэтая «еўрапейская зараза» супярэчыла «скрэпам» тагачаснага «русского мира».

    І сёння гэтым скрэпам супярэчыць такая элементарная, базавая для дэмакратычных краінаў рэч як свабода слова. Асабліва ў часы злачыннай вайны супраць Украіны мы бачым, наколькі хлусня і бяздушнасць апанавалі расейскае грамадства, і ў тым ліку значную частку дзеячаў расейскай культуры.

    Натуральна, што без свабоды слова не можа быць свабоды творчасці. 

    У палітычным, эканамічным, інфармацыйным, а таксама ў культурным сэнсе Беларусь сёння ператвараецца рэжымам у калонію Расеі. Фактычна, любая згадка пра нацыянальнае прыроўніваецца да экстрэмізму. Нават калі чалавек проста гутарыць на вуліцы па-беларуску, гэта ўжо лічыцца падазроным і можа прывесці яго за краты.

    Зліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Арт-сядзіба, шэраг выдавецтваў і іншых арганізацый. Выбітныя дзеячы нашай культуры і навукі знаходзяцца ў лукашэнкаўскіх турмах. Гэта і мастак Алесь Пушкін, і літаратуразнавец Аляксандр Фядута, і паліталагіня Валерыя Касцюгова, і філосаф Уладзімір Мацкевіч, і лінгвістка Наталля Дуліна, і паэт Мікіта Найдзёнаў, і музыканты гурта «Тор Бэнд». Як нядаўна паведаміў Беларускі ПЭН, усяго за кратамі ня менш за 132 дзеячы культуры і прынамсі 31 чалавек, які працуе са Словам.

    Бадай, самы вядомы сёння ў свеце беларускі літаратурны крытык – гэта палітвязень і Нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, праваабаронца і літаратуразнавец, які доўгі час быў дырэктарам літаратурнага музею Багдановіча. У адной са сваіх кніг, «Асьвечаныя беларушчынай», Алесь Бяляцкі піша:

    «Беларускія тэксты, напісаныя ў турме, на зоне, у лагерах, на высылцы, пасля іх, паводле перажытага, маюць даўнюю і багатую гісторыю. Я нават бяру пад увагу вымушаную эміграцыю, якая шмат кім з творцаў успрымалася не менш трагічна за зняволенне. Адзіны верш Кастуся Каліноўскага, які дайшоў да нас, напісаны ў турэмных кляшторных мурах Вільні. (…) Магутны падмурак нашай літаратуры – паэма «Новая зямля» Якуба Коласа – была задуманая і пачала стварацца ў Пішчалаўскім замку, дзе месціцца сёння СІЗА на Валадарскага ў Менску. Затым былі сенсацыйныя на той час салавецкія ўспаміны Францішка Аляхновіча «Ў кіпцюрох ГПУ»… і лаканічная геніяльная проза Максіма Гарэцкага, створаная ў безнадзейнай высылцы, удалечыні ад Беларусі. (…) У ГУЛАГу, на абгортачнай паперы, быў створаны пераклад “Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча – ён належыць Пятру БітЭлю, праваслаўнаму святару і настаўніку, які сядзеў быў пасля вайны, за Сталіным…»

    Дадам, што і гэты свой кароткі агляд беларускай турэмнай літаратуры сам Алесь Бяляцкі напісаў у 2012-м годзе ў бабруйскай турме, падчас свайго першага зняволення… 

    Сёння, у 2023 годзе, гісторыя, на жаль, паўтараецца. Як і «за Сталіным», турма па-ранейшаму застаецца месцам катавання і гартавання будучых беларускіх класікаў. Нават тыя, хто дагэтуль не меў творчых амбіцый, шукаюць за кратамі выйсце сваім перажыванням і думкам у малюнках ці вершах. 

    Я упэўненая, што гэтыя творы трапяць у падручнікі, стануць сведчаннем цэлай эпохі і помнікам подзвігу беларусаў. Але сёння наша задача – зрабіць так, каб іхнія аўтары разам з усімі палітвязнямі былі вызваленыя як мага хутчэй. Каб яны вярнуліся да нас жывымі і здаровымі. Трагедыі за кратамі, такія як смерць Вітальда Ашурка і смерць Мікалая Клімовіча, не павінны больш паўтарыцца.

    Вядома ж, людзі моцнага духу не могуць стаяць убаку ад выпрабаванняў свайго народа. Яскравы прыклад гэтага – былы палітвязень, былы прэзідэнцкі кандыдат, лаўрэат прэміі Ежы Гедройца за прозу, гонар нашай паэзіі Уладзімір Пракопавіч Някляеў, які тут сёння разам з намі. Ён лепей за іншых мог бы апавесці пра тое, як жыве і выжывае паэзія ў турме. Зрэшты, ён ужо гэта зрабіў у сваіх «Лістах да Волі»:

    «Праз крáты, праз калючыя драты´
    Апоўначы ўсміхнулася мне ты,
    І я заснуў — і праз драты´, праз крáты
    З тваёй усмешкай паляцеў дахаты».

    Нам, жонкам палітвязняў, якіх турма разлучыла з нашымі каханымі, таксама знаёмыя гэтыя пачуцці.

    Мой муж Сяргей Ціханоўскі ніколі не пісаў вершаў. Але ў турме ён пачаў іх пісаць. Я ганаруся тым, што час ад часу магу падзяліцца імі з беларусамі. Я ўпэўненая, што Сяргея грэе думка пра тое, што ягоныя словы гэтак даносяцца да суайчыннікаў. Я не крытык, але для мяне гэта самая чыстая і сапраўдная паэзія, напісаная сэрцам.

    «Ты там, я тут – часы идут,
    Года летят… ты там, я тут.
    Сидеть в тюрьме – тебе и мне.
    Кричать во сне – тебе и мне.
    Мы не живем. Лишь сны живут.
    Твои все там. Мои все тут.
    Хотя бы знать – тебе и мне,
    Как долго ждать – тебе и мне.
    А дни не ждут. Ты там, я тут.
    Года плывут. Ты там, я тут…»

    Вельмі сумна чытаць гэтыя шчымлівыя словы. Я не ведаю, што адбываецца цяпер з Сяргеем. Мы не маем ад яго вестак ужо некалькі месяцаў. Хутчэй за ўсё, яго трымаюць у штрафным ізалятары. Нашыя з дзецьмі лісты і малюнкі не прапускаюць да яго. Але я веру, што Сяргей жывы, і што абавязкова прыйдзе дзень, калі ён да нас вернецца. Веру, што на волі ён напіша яшчэ не адзін верш і выдасць не адну кнігу.

    Згадваючы нашых палітвязняў, я хацела б асабліва падзякаваць беларускаму ПЭН-цэнтру і Беларускай асацыяцыі журналістаў, якія разам з «Вясной 96» працягваюць сачыць за сітуацыяй палітзняволеных, а таксама дапамагаць беларускім творцам у замежжы. Ваша дзейнасць вельмі важная, і мы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце зробім усё ад нас залежнае, каб яна магла працягвацца.

    Дзякуй усім беларусам у краіне і за мяжой, якія не забываюцца падтрымліваць нашых палітвязняў. Паштоўка, дасланая ў турму, сама па сабе ўжо ёсць творам мастацтва. Мастацтва быць чалавекам.

    Дарагія сябры,

    Як вядома, у пару забароны беларускай мовы ў царскай Расеі кнігі і перыядычныя выданні на беларускай мове вымушана выходзілі па-за межамі Беларусі. Прыкладам, знакавая «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча была выдадзеная ў 1891-м годзе тут у Кракаве, а ягоны «Смык беларускі» – праз тры гады ў Познані.

    І сёння кнігі ў Беларусі зноў забараняюцца і абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі». Таму вельмі важна тое, што яны працягваюць друкавацца ў свабодным свеце, у прыватнасці ў Польшчы, але таксама ў Літве, Чэхіі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі і іншых краінах.

    Апрача таго, па ўсім свеце ладзяцца выставы беларускіх мастакоў і фатографаў. З вялікім поспехам ідуць спектаклі «Вольных купалаўцаў», «Вольнага тэатру», «Крылаў халопа» і іншых тэатральных калектываў. Выступае з гастролямі «Вольны хор». Беларускія фільмы атрымліваюць прызы прэстыжных кінафестываляў. У Варшаве працуе «Дом творцаў», яшчэ адзін мае адкрыцца ў Беластоку. Мы, беларусы, адчуваем, што мы ў свеце не адны. У тым ліку дзякуючы мастацтву.

    Мяркую, што пры ўсіх складанасцях нам не варта непакоіцца, што беларуская культура ў свабодным свеце знікне. Наадварот, найболей нас павінен непакоіць лёс беларускай культуры ў цяперашняй паднявольнай Беларусі. 

    Свабоднае і натуральнае развіццё нашай нацыянальнай культуры магчымае толькі ва ўмовах незалежнай і дэмакратычнай краіны. Такая Беларусь ёсць супольнай мэтай нашай з вамі дзейнасці, як палітычнай, так культурнай. І я веру, што кожны наш учынак, кожны акт салідарнасці, кожны твор, у якім мы апавядаем свету пра Беларусь, крышачку набліжае нашу перамогу.

    У сучасных абставінах, у якія наш народ трапіў віною дыктатара, мы не можам не падзякаваць нашым замежным сябрам за салідарнасць і тую ўсебаковую падтрымку, якую яны аказваюць нашай культуры. Яны прынялі нашых творцаў у сваіх краінах як роўных, як братоў і сясцёр, і далі ім магчымасць надалей развіваць свае таленты.

    Такія праграмы як гранты Беларускай Рады культуры былі б папросту немагчымыя без шчодрай дапамогі краін Еўразвязу. Мы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце, разам з прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні, прысутнай тут спадарыняй Алінай Коўшык, робім усё магчымае, каб нагадваць нашым еўрапейскім партнёрам пра неабходнасць далей падтрымліваць беларускую культуру шляхам стыпендый, творчых рэзідэнцый і іншых праграм для нашых творцаў.

    Дзеля таго, каб мы захавалі самі сябе як беларусы, вельмі важна, каб бурлівае і разнастайнае культурнае жыццё нашай дыяспары не заціхала. Свабодная творчасць беларускіх музыкаў, мастакоў, актораў, літаратараў павінна заставацца найлепшым доказам таго, што і ва ўмовах выгнання Беларусь жыве і будзе жыць. Як бы дыктатар і ягоныя паслугачы-русіфікатары ні спрабавалі вырваць сэрца беларушчыны з цела Беларусі, нічога ў іх не выйдзе.

    І завяршыць я хачу таксама цытатай з класіка – вядомымі словамі Францыска Скарыны з прадмовы да кнігі «Юдзіф», якія на сучасную беларускую мову пераклаў светлай памяці Алесь Разанаў: 

    «Як звяры,
    што блукаюць у пушчы,
    ад нараджэння
    ведаюць сховы свае,
    як птушкі,
    што лётаюць у паветры,
    помняць
    гнёзды свае,
    як рыбы,
    што плаваюць у моры і ў рэках,
    чуюць
    віры свае
    і як пчолы
    бароняць вуллі свае –
    гэтак і людзі
    да месца, дзе нарадзіліся
    і ўзгадаваны ў Бозе,
    вялікую ласку маюць».

    Я ўпэўненая, што прыйдзе час, калі нашы творцы вернуцца ў свае родныя гнёзды. Яны і надалей будуць вандраваць па свеце, і паўсюль іх будуць сустракаць з пашанай як сыноў вольнага, адукаванага, еўрапейскага народа – беларускага. Але ніхто ўжо болей не забароніць ім вярнуцца дамоў, каб свабодна прамаўляць, жыць і ствараць у сваёй краіне.

    Дзякуй вам за ўвагу.
    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны