• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Кантакты
  • Прэс-канферэнцыя Святланы Ціханоўскай і Кабінета прадстаўнікоў: вынікі года

    30 снежня, 2020

    30 снежня прайшла онлайн прэс-канферэнцыя Святланы Ціханоўскай і Кабінета прадстаўнікоў, дзе яны падвялі вынікі года.

    Удзельнікі прэс-канферэнцыі:
    Святлана Ціханоўская, лідар дэмакратычнай Беларусі ([email protected]);
    Алесь Аляхновіч, прадстаўнік у эканоміцы ([email protected]);
    Анатоль Лябедзька, прадстаўнік у пытаннях канстытуцыйнай рэформы ([email protected]);
    Гары Паганяйла, прадстаўнік у правах чалавека ([email protected]);
    Вольга Шпарага, прадстаўніца ў адукацыі ([email protected]);
    Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік у міжнародных справах ([email protected]);
    Франак Вячорка, дарадца ў міжнародных справах ([email protected]);
    Аляксандр Дабравольскі, дарадца ў палітычных пытаннях ([email protected]).

    Яшчэ адна прадстаўніца Святланы Ціханоўскай, Алана Гебрэмарыям (прадстаўніца ў справах моладзі і студэнтаў), знаходзіцца ў СІЗА з 12 лістапада 2020 года.

    Святлана Ціханоўская, лідар дэмакратычнай Беларусі

    30 снежня віншуем з Днём нараджэння «маці беларускага пратэсту» Ніну Багінскую і Паўла Севярынца, які з пачатку чэрвеня знаходзіцца ў турме. Спадзяемся на хуткае вызваленне палітычных зняволеных, пра якіх мы думаем кожны дзень.

    За што мы змагаемся? За спыненне гвалту, вызваленне палітычных зняволеных (на сёння іх 169), мірны трансфер улады, правядзенне новых выбараў. На гэта накіраваная і міжнародная, і ўнутраная дзейнасць. У тым ліку ўзмацненне кропкавых санкцый супраць памагатых рэжыму (уведзеных у Еўрасаюзе, ЗША, Канадзе, Брытаніі). Гэта і нашы дзеянні ўнутры краіны – кожны раз, калі мы выходзім на пратэст, у наш двор, вешаем бел-чырвона-белы сцяг ці адмаўляемся спансаваць рэжым, мы ціснем на яго.

    Мы працуем не толькі над дапамогай беларускаму грамадству, непрызнаннем Лукашэнкі, але і над аднаўленнем справядлівасці.

    • Пачаты працэс вяртання законнасці: запушчаная першая крымінальная справа – Максіма Харошына – у рамках універсальнай юрысдыкцыі і хутка чакаецца старт новых справаў. Запушчаная Адзіная Кніга Рэгістрацыі Злачынстваў.
    • У снежні мы перадалі віцэ-прэзідэнту Еўракамісіі па каштоўнасцях і празрыстасці Веры Юравай ліст у падтрымку прызнання АМАПу і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі. ЗША наклалі санкцыі на мінскі АМАП і ГУУС, а таксама на КДБ Альфа, якія ўдзельнічалі ў жорсткім разгоне пратэстоўцаў у Мінску.

    Цяпер мы рэструктурызуемся, лепш арганізуемся, нацэленыя на супольную працу з усімі ініцыятывамі і арганізацыямі, новымі і старымі, каб прадаўжаць пратэст. Вельмі важна, каб мірныя пратэсты працягваліся ў любой форме. Гэта тое, што я называю партызанкай. Акцыі, раённыя шэсці, флэшмобы, перформансы.

    Вынікі года:

    • Беларускі народ аб'яднаўся.
    • Адбылася дэлегітымізацыі Лукашэнкі ва ўсім свеце.
    • Вынікі выбараў не былі прызнаныя іншымі краінамі.
    • Вызначаныя новыя палітычныя і дыпламатычныя кантакты – каля 25 краін ва ўсім свеце.

    Алесь Аляхновіч, прадстаўнік у эканоміцы

    Беларуская эканоміка знаходзіцца ў стагнацыі доўгі час. Можна казаць пра страчанае дзесяцігоддзе. Замест таго каб даганяць суседзяў, мы ад іх адстаем. Беларусы ў 2020 годзе знаходзяцца на ўзроўні 2010-га – з улікам інфляцыі ў далярах гаворка ідзе пра ўсё тыя абяцаныя 500 даляраў. Рэжым не збіраецца нічога мяняць, а без пераменаў патэнцыял росту эканомікі блізкі да нуля. Пасля рэпрэсій нават сектар IT перастаў развівацца. Ідзе адток інвестыцый і капіталу. Замест пошуку выйсця з крызісу рэжым яшчэ больш закручвае гайкі. Ад спецыялістаў дзяржаўныя пасты перайшлі да людзей у пагонах. Застаецца дачакацца, калі амапаўцаў пашлюць працаваць лекарамі. Нас чакае поўны застой. Калі б не дапамога Расеі фінансавая, было б яшчэ горш. Але рэжым рана ці позна сыдзе. Што мы можам зрабіць?

    Ёсць чатыры асноўныя кірункі працы:

    1. Праца над эканамічнай праграмай развіцця Беларусі. Бачанне інстытуцыйных асноў было апублікаванае два месяцы таму, яго падпісалі 60 эканамістаў. Гэтая вядомыя спецыялісты, якія гатовыя дапамагаць новай Беларусі. Канцэпцыя праграмы падрыхтаваная і цяпер дэталізуецца.

    2. Шчыльная праца з міжнароднымі інстытутамі і ўрадамі для забеспячэння працы Беларусі пасля развязання крызісу. Мы ў пастаянным кантакце з Еўракамісіяй. На экспертным узроўні мы абменьваемся інфармацыяй пра сітуацыю, пра прыярытэтныя рэформы і падтрымку эканомікі. План ЕС уключае развіццё трансгранічных праектаў, экалагічных у межах усходняга партнёрства, бязвіз, падтрымку ўступлення ў СГА. ЕБРР і ЕІБ гатовыя дапамагаць Беларусі. Як толькі палітычны крызіс будзе развязаны, мы можам спадзявацца на падтрымку СБ, МВФ, міжнародных інвестараў, дыяспары.

    3. Эканамічны ціск на рэжым. Ёсць план, які быў створаны з мэтай прыпынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў. Няма аднаго механізму, які прымусіць рэжым спыніць гвалт, таму гэта набор механізмаў. Чым больш рэпрэсій, тым большы эканамічны ціск. Як толькі крызіс спыніцца, усе санкцыі будуць спыненыя.

    4. Падтрымка пацярпелых ад рэпрэсій, прафсаюзаў і страйкамаў, студэнтаў, выкладчыкаў, малога бізнэсу.

    Анатоль Лябедзька, прадстаўнік у канстытуцыйнай рэформе

    Каманда Святланы Ціханоўскай зыходзіць з таго, што неабходна мяняць не толькі прозвішчы архітэктараў мясцовага ГУЛАГу, але і саму сістэму, створаную за 26 гадоў кіравання былога прэзідэнта Беларусі. Калі гэтага не зрабіць, то рызыкі і пагрозы вяртання лукашызму застаюцца вельмі высокімі. Канстытуцыя новай Беларусі – гэта прававая аснова новай краіны, у якой галоўнай мэтай з'яўляецца чалавек і яго годнасць.

    Нашы задачы:

    • Да абмеркавання і падрыхтоўкі Канстытуцыі запрасіць як мага больш грамадзянаў краіны.
    • Паводле вынікаў агульнанароднага абмеркавання мець праект Канстытуцыі, за які гатовая прагаласаваць канстытуцыйная большасць выбарнікаў Беларусі.

    Дзе мы знаходзімся?

    • За аснову ўзятая Канстытуцыя 1994 года.
    • Тры раздзелы праекта Канстытуцыі ёсць у адкрытым доступе.
    • Што абмяркоўваецца: парламенцка-прэзідэнцкая форма кіравання, дзе ключавой структурай з'яўляецца аднапалатны парламент, які складаецца з 220 дэпутатаў, абраных паводле змяшанай сістэмы. Краіна, якая па-за ваеннымі блокамі і з зафіксаваным у ААН нейтральным статусам. У Беларусі ўведзеная забарона альбо мараторый на смяротнае пакаранне.

    Канстытуцыйная рэформа і Лукашэнка – гэта паралельныя прамыя, якія не перасякаюцца. Канстытуцыйная рэформа паводле лякалаў Лукашэнкі – гэта кансервацыя ўсяго таго, супраць чаго ў жніўні 2020 года выступілі мільёны беларусаў.

    Вольга Шпарага, прадстаўніца ў адукацыі

    Офіс адукацыі пачаў працаваць у лістападзе 2020-га. Дапамога рэпрэсаваным у сферы адукацыі – наш прыярытэт. Другі прыярытэт – падрыхтоўка рэформы сістэмы адукацыі. Мы займаемся распрацоўкай дакумента для дэмакратызацыі адукацыі падчас транзіту.

    Рэжым спрабуе вярнуць сабе кантроль, узмацніць уплыў і не дапусціць самакіравання. Паводле крымінальных справаў праходзіць 20 прадстаўнікоў студэнтаў, у тым ліку Алана Гебрэмарыям. Адлічаны 131 чалавек. 399 студэнтаў затрымліваліся. Студэнтаў прымусова адпраўляюць у войска, звальняюць выкладчыкаў. З рэпрэсіямі сутыкнуліся больш за 100 выкладчыкаў. Настаўнікі і адміністратары школ зазнаюць пераслед і звальненні. У Бярозаўскім раёне звольнілі 4 дырэктараў.

    Беспрэцэдэнтны не толькі ціск, але і міжнародная падтрымка. Не менш за 400 студэнтаў падпалі пад рэпрэсіі, з іх не менш за 130 атрымалі дапамогу ад 23 ВНУ 9 краін: Літва, Германія, Славакія, Польшча, Чэхія, Латвія, Украіна, Нарвегія. Паводле праграмы Каліноўскага падтрымка прапанаваная 660 студэнтам. Паводле нашай (пакуль не поўнай) інфармацыі не менш за 20 выкладчыкаў атрымаюць дапамогу для працягу дзейнасці. Паводле звестак «Сумленнага ўніверсітэта», дапамогу атрымалі 6 настаўнікаў, 5 педагогаў дашкольнай адукацыі.

    У падтрымку беларускай акадэміі выказваюцца прадстаўнікі асноўных універсітэтаў свету, у тым ліку Оксфард, Прынстан, Універсітэцкі каледж Лондана, МТІ.

    Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік у міжнародных пытаннях

    Мэтай каманды было стварэнне ўмоваў для пачатку ўнутрыпалітычнага дыялогу для перадачы ўлады і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

    Асноўныя задачы:

    1. Кансалідацыя пазіцыі міжнароднай супольнасці ў дачыненні да падзеяў у Беларусі. Непрызнанне рэжыму.
    2. Арганізацыя ціску на рэжым, каб спыніць гвалт і спыніць беззаконне.
    3. Пошук варыянтаў дапамогі для пацярпелых ад рэпрэсій і міжнароднай медыяцыі з мэтай пачатку дыялогу і падрыхтоўкі выбараў.

    Што было запланавана і выканана:

    Устанаўленне і развіццё кантактаў з замежнымі ўрадамі, таварыствамі і міжнароднымі арганізацыямі з мэтай інфармавання іх пра сітуацыю ў Беларусі.

    – Устаноўлены сталыя кантакты з кіраўніцтвам 25 краін, праведзена 10 візітаў у краіны.
    – Падрыхтаваныя даклады, прынятыя рэзалюцыі Еўрапарламента і нацыянальных парламентаў, законаў.
    – Узяты ўдзел у публічных мерапрыемствах, у тым ліку ў міжнародных арганізацыях, наладжаная праца з сусветнымі СМІ.
    – Усталяваны сталы інфармацыйны абмен з беларускай дыяспарай за мяжой.

    Кансалідацыя рэакцыі міжнароднай супольнасці на дзеянні рэжыму праз прыняцце палітычнай пазіцыі.

    – Непрызнанне сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і легітымнасці Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта.
    – Асуджэнне спробы захопу ўлады, гвалту супраць мірнага пратэсту і ўсталяванага ў краіне беззаконня.
    – Замарозка палітычных кантактаў, прыпыненне рэалізацыі праграмаў з дзяржустановамі, уведзенне візавых і фінансавых санкцый супраць асобаў і прадпрыемстваў.
    – Увядзенне ЕС і ЗША санкцый супраць адказных за парушэнні правоў чалавека, а таксама прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым і парушаюць правы працоўных.

    Мабілізацыя дапамогі для пацярпелых ад рэпрэсій і грамадзянскай супольнасці, пытанні юрыдычных наступстваў і міжнародная медыяцыя.

    – Дапамога памерам 53 мільёны еўра перанакіраваная з праграмаў фінансавання дзяржустаноў на мэты грамадзянскай супольнасці і барацьбы з covid.
    – Дамоўленасць пра распрацоўку Усёабдымнага плана для Беларусі (макраэканамічная дапамога, падтрымка бізнэсу, спрашчэнне візавага рэжыму).
    – Запуск працэсу для прызнання АМАПу і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі.
    – Ужыванне ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі.
    – Заклікі задзейнічаць міжнародныя арганізацыі, як АБСЕ, для шматбаковай медыяцыі з удзелам асноўных гульцоў.

    Гары Паганяйла, прадстаўнік у правах чалавека

    З тэхнічных прычынаў не змог падключыцца, але даслаў Канстытуцыйна-прававы аналіз Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і Федэральнай службай войскаў нацыянальнай гвардыі Расійскай Федэрацыі ад 19 лiстапада 2020 года.

    Аляксандр Дабравольскі, палітычны дарадца

    Скажу толькі адно: хачу павіншаваць з Новым годам. Шмат што адбылося ў нашай краіне. Мы можам сказаць, што людзі змяніліся. З'явіўся легітымны альтэрнатыўны лідар – Святлана Ціханоўская, якую абралі людзі і якой давяраюць. Яна мае палітычную легітымнасць як унутры краіны, так і ў свеце. У Новы год мы ўваходзім з новай краінай. Засталося абраць для нашай новай Беларусі новае кіраўніцтва. Мы пастараемся зрабіць супольнымі намаганнямі так, каб гэта адбылося як мага хутчэй.

    Франак Вячорка, дарадца ў міжнародных пытаннях

    Далучаюся да віншаванняў. За гэты год была праведзеная велізарная праца. Тое, што здолелі атрымаць, – гэта адзінства. Мы працуем разам з Каардынацыйнай радай, Паўлам Латушкам, палітычнымі партыямі, усімі структурамі, ініцыятывамі і праваабаронцамі. Падзеі гэтага года з'ядналі і аб'ядналі ўсіх нас, а салідарнасць – гэта матор і гарантыя поспеху нашай справы.

    Апошнія навіны