Учора Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі дзелавых арганізацый і беларускай дыяспары, якія знаходзяцца ў Лондане, у тым ліку прадстаўнікамі Беларуска-брытанскага таварыства, Народнага пасольства і іншых.
Святлане Ціханоўскай прадэманстравалі артэфакты бібліятэкі Францыска Скарыны, у тым ліку старонкі старога друку Францыска Скарыны, кнігі, напісаныя па-беларуску арабскім алфавітам. Паказалі турэмную робу Ларысы Геніюш, Слуцкія паясы, а таксама выставу, прысвечаную цяперашнім беларускім палітвязням.
Ціханоўская наведала беларускую царкву, якая была пабудаваная 6 гадоў таму і выйграла мноства конкурсаў як найлепшы рэлігійны будынак свету. Яна драўляная і лічыцца першай драўлянай царквой пасля вялікага пажару ў Лондане ў 17 стагоддзі. У царкве праводзілі малітву ў памяць пра ахвяраў 2020-га года і пазней, а таксама за свабодную Беларусь.
Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць Веры Рыч, знакамітай перакладчыцы беларускай літаратуры на ангельскую мову, пахаванай тут.
Таксама беларуская лідарка правяла сустрэчу з беларусамі Лондана, на якой абмеркавалі далейшыя планы і дзеянні.