• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • План Святланы Ціханоўскай

    13 лістапада, 2020

    Галоўная палітычная мэта Святланы Ціханоўскай – правесці новыя дэмакратычныя выбары прэзідэнта Беларусі. Каб гэта стала магчымым, маюць быць выкананыя наступныя тры ўмовы:

    1. Спыненне гвалту супраць палітычных апанентаў і мірных пратэстоўцаў;
    2. Вызваленне палітвязняў;
    3. Сыход Аляксандра Лукашэнкі з пасады прэзідэнта.

    Выкананне гэтых умоў абсалютна рэальная справа. Дэмакратычныя сілы і народ Беларусі паспяхова рухаюцца па плане, які быў прапанаваным адміністрацыяй Святланы Ціханоўскай. У гэтага плана тры этапы:

    1. Мірны ціск на рэжым; 
    2. Шырокі нацыянальны дыялог з удзелам усіх палітычных сіл;
    3. Новыя сумленныя і свабодныя выбары прэзідэнта.

    Этап ціску

    Зараз мы знаходзімся на этапе ціску на рэжым. Гэты этап з'яўляецца найбольш працяглым і патрабуе максімальнай кансалідацыі супольнасці. Ён ужо паспяхова рэалізуецца – гэта відавочна дэманструюць прынятыя намі дзеянні:

    • Прызнанне нелегітымнасці Аляксандра Лукашэнкі іншымі дзяржавамі – зроблена.
    • Прызнанне Святланы Ціханоўскай і створанай ёю Каардынацыйнай Рады легітымнымі прадстаўнікамі народа Беларусі, з якімі вядзе перамовы сусветная дыпламатыя – зроблена.
    • Увядзенне санкцый супраць пасобнікаў рэжыму – зроблена, і санкцыйныя лісты пашыраюцца.
    • Стварэнне ўмоў, якія паралізуюць працу клана Лукашэнкі – рэалізуецца. Эфектыўнасць міністэрстваў у Беларусі (акрамя сілавых) мінімальныя. Яны не могуць займацца рэалістычным планаваннем і на дадзены момант толькі ствараюць бачнасць захавання статус-кво.
    • Забастоўкі: бачныя і “італьянскія” – рэалізуюцца.
    • Масавыя мірныя пратэсты – рэалізуюцца.
    • Ціск на фінансавую сістэму – рэалізуецца. Са жніўня крэдытна-банкаўская сістэма Беларусі перажывае крызіс. Асабліва адчувальны ўдар быў нанесены праз забіранне ўкладаў з банкаў, дэвальвацыю рубля і вымушанае наступнае расходаванне золата-валютнага рэзерву. Банкі амаль што перасталі выдаваць крэдыты фізічным асобам і адчувальна скарацілі крэдытаванне прадпрыемстваў. Без дыялогу з грамадствам, мірнага вырашэння палітычнага крызісу, аднаўлення даверу і змены эканамічнай палітыкі дзеючая сістэма прыйдзе да вострага крызісу ў наступныя 2-6 месяцаў.
    • Спыненне знешніх кантрактаў клана Лукашэнкі – ужо рэалізуецца. Велікабрытанія, Францыя, Германія, Швецыя і ўся Еўракамісія, ЗША і Украіна не прызналі вынікі выбараў, а Лукашэнку – легітымным прэзідэнтам. Больш з ім немагчыма мець паўнавартасныя кантакты. Пад пытаннем знаходзяцца праграмы тэхнічнай і іншай дапамогі, атрыманне займаў ад еўрапейскіх і сусветных банкаў, абмен тэхналогіямі, супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі іншых краін на любым узроўні. Страты рэжыму складуць сотні мільёнаў, калі не мільярды даляраў. Чакаецца, что частка гэтых сум пасля перамогі дэмакратыі будзе накіраваная на падтрымку беларускага грамадства, частка – на фармаванне фонду падтрымкі беларускай эканомікі пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі.

    Максімальна аслаблі пазіцыі Лукашэнкі і ў стасунках з Расіяй. Іншыя краіны, напрыклад, Кітай, нягледзячы на некаторыя заявы, занялі нейтральную пазіцыю па агульнай сітуацыі ў Беларусі.

    З улікам нелегітымнага статусу Лукашэнкі, усе пагадненні, якія ён збіраецца падпісваць з любой краінай (з Расіяй у тым ліку), не будуць прызнаныя міжнароднай супольнасцю. Таксама пад пытанне трапяць рашэнні аб продажы маёмасці, атрыманні вялікіх крэдытаў і інш.

    Кожны гэты крок аказвае ціск на клан Лукашэнкі, прымушае яго рабіць палітычныя памылкі і нават шкодзіць самому сабе. Кожны гэты крок няўмольна прыводзіць да моманту, калі пасобнікі клана разумеюць: найлепш для ўсіх будзе сесці за стол перамоў, а не весці вайну са сваім народам. Усеагульны ціск прывядзе або да расколу эліт, або гатоўнасці наменклатуры – з Лукашэнкам або без яго – да перамоў. Гэта адбудзецца ў любым выпадку, паколькі кожны дзень пратэстаў, забастовак і замарозкі кантактаў з іншымі краінамі пазбаўляе рэжым рэальнай улады і сродкаў для існавання. Менавіта таму зараз вельмі важна, каб кожны беларус выказваў свой мірны пратэст любымі даступнымі яму метадамі. Мы ўпэўненыя, што ад этапа ціску Беларусь прыйдзе да дыялогу на працягу некалькіх бліжэйшых месяцаў.

    Этап дыялогу

    На этапе дыялогу Святлана Ціханоўская, яе кабінет прадстаўнікоў і Каардынацыйная рада ў працэсе перамоў з прадстаўнікамі дзяржапарату вызначаць парадак правядзення новых сумленных і свабодных выбараў прэзідэнта. Для гарантыі выканання дамоўленасцей пасярэднікамі ў перамовах могуць выступіць міжнародныя партнёры Беларусі – перш за ўсё, ЕЗ і Расія. Перамовам павінны папярэднічаць непасрэдныя кантакты з прадстаўнікамі альтэрнатыўных палітычных сіл, каб была магчымасць выпрацаваць падыходы да вырашэння палітычнага крызісу (у тым ліку – рэформы Канстытуцыі, вызваленне палітвязняў і спыненне гвалту).

    Па выніках перамоў у Беларусі мае быць сфармаваны пераходны ўрад, які будзе дзейнічаць да ўступлення на пасаду новага прэзідэнта. Галоўная задача пераходнага ўрада – без палітычных і эканамічных шокаў забяспечыць кіраванне краінай да моманту правядзення выбараў і з'яўлення ў Беларусі новай легітымнай улады.

    Этап новых выбараў

    На этапе выбараў народ Беларусі зможа абраць новага прэзідэнта, які законна ўступіць на сваю пасаду. Адначасова з выбарамі пройдзе рэферэндум па ўнясенні правак у Канстытуцыю. У гэты момант заяўлены Святланай Ціханоўскай план будзе лічыцца цалкам выкананым.

     

    Адказы на галоўныя пытанні па плане Святланы Ціханоўскай

    1. Перамога – гэта сыход Лукашэнкі ці новыя выбары? 

    Сыход Аляксандра Лукашэнкі і новыя выбары – ключавыя задачы плана Святланы Ціханоўскай. Але сапраўдная перамога – гэта стварэнне ўмоў, каб такі рэжым у найноўшай беларускай гісторыі ніколі не паўтарыўся. Таму канчатковая перамога – зацвярджэнне ў Беларусі дэмакратыі. Для гэтага аднолькава неабходныя канстытуцыйная і палітычная рэформы.

    2. Што чакае Канстытуцыю?  

    У дзеючай Канстытуцыі не выконваюцца базавыя прынцыпы падзелу ўлады — уся ўлада сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека. Таму пытанне аб падзеле ўлады неабходна выносіць на абмеркаванне на рэферэндуме. Новая рэдакцыя Канстытуцыі будзе заснаваная на Канстытуцыі 1994 года. Каманда Святланы Ціханоўскай лічыць, што варта перадаць значную частку паўнамоцтваў ад прэзідэнта да парламента і ўрада, зрабіць парламент аднапалатным, гарантаваць выбарнасць мясцовых кіраўнікоў і незалежнасць суддзяў ад выканаўчай улады, а таксама правесці іншыя дэмакратычныя рэформы. Рэферэндум па змене Канстытуцыі варта правесці адначасова з новымі выбарамі.

    3. Што пасля перамогі дэмакратыі будзе з суддзямі і супрацоўнікамі сілавых ведамстваў, якія ажыццяўлялі гвалт супраць мірных грамадзян або выносілі неабгрунтаваныя прысуды? 

    Усе суддзі, якія прымалі неабгрунтаваныя рашэнні ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, будуць звольненыя з пасад і больш не змогуць працаваць у органах юстыцыі і весці прыватную юрыдычную практыку. Выключэнні будуць зробленыя для тых, хто на любым этапе крызісу стаў выносіць пратэстоўцам апраўдальныя прысуды або спыняць вядзенне палітычных спраў, а таксама публічна адмаўляцца ад разгляду такіх спраў ці тармазіць іх разгляд у фармаце італьянскай забастоўкі.

    Звольненыя будуць і ўсе старшыні судоў, у якіх прымалі палітычна матываваны прысуды. А ўсе суддзі, пракуроры і следчыя, вінаватыя ў вынясенні заведама направамерных прысудаў і іншых рашэнняў, будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Усе іншыя суддзі атрымаюць магчымасць працягнуць сваю працу на ранейшых пасадах. Вакантныя пасады будуць запаўняцца на аснове нацыянальнага конкурсу.

    Усе супрацоўнікі сілавых структур прыносілі прысягу, у якой яны кляліся свята выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і быць адданымі народу, абараняць правы і свабоды грамадзян. Тыя, хто не парушаў Канстытуцыю і не выконваў злачынных загадаў, працягнуць службу. Тыя ж, хто займаўся адвольнымі арыштамі, збіццём, катаваннямі, адкажуць паводле закону.

    Усе злачынствы, учыненыя супрацоўнікамі міліцыі, спецпадраздзяленняў і іншых структур, будуць расследаваныя, і вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. У дачыненні да тых, хто служыў у структурах, якія займаліся рэпрэсіямі, але не быў заўважаны ў канкрэтных злачынствах, будзе праведзеная праверка і пераатэстацыя.

    Людзі, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады і былі пакараныя за гэта ці былі вымушаныя звольніцца, будуць адноўленыя на ранейшых пасадах з захаваннем стажу і выплатай кампенсацый.

    У новых праваахоўных органах Беларусі не будзе месца садыстам, гвалтаўнікам і тым, хто прывык да беспакаранасці. Дзяржава мае манаполію на законны гвалт, і ён павінны прымяняцца толькі да тых, хто парушае правы грамадзян і закон. Для гэтага будзе праведзеная рэформа сілавога блока і арміі.

    4. Што пасля перамогі дэмакратыі ў Беларусі будзе з Лукашэнкам і яго прыхільнікамі?

    Усім вядома, што Аляксандр Лукашэнка прайграў прэзідэнцкія выбары і застаецца ва ўладзе незаконна. Пасля таго, як ён правёў сваю таемную інаўгурацыю, ён страціў ранейшыя паўнамоцтвы, але не набыў новых, таму што беларусы адмовілі яму ў даверы і падтрымцы. Цяпер ён – звычайны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, ён мае ўсе правы, у тым ліку права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Тое, што цяпер робіць Лукашэнка, — гэта злачынства, прадугледжанае часткамі 2 і 3 артыкула 357 Крымінальнага кодэкса – захоп цi ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. За гэта прадугледжанае пакаранне ад 10 гадоў пазбаўлення волі.

    Набліжаныя Аляксандра Лукашэнкі – розныя людзі, і мы зыходзім з таго, што падтрымка яго як палітычнага дзеяча – гэта іх законнае права. Мы паважаем меркаванні тых, хто з намі не згодны, — гэта дэмакратычны прынцып. Калі ж яны парушалі закон – па гэтых фактах будуць заведзеныя справы, і людзі панясуць справядлівую адказнасць.

    5. Што будзе з усімі, хто атрымаў штрафы і крымінальныя тэрміны ад рэжыму? 

    Усе, хто быў прыцягнуты да адказнасці па палітычных матывах, будуць прызнаныя невінаватымі. Яны атрымаюць кампенсацыі за прамыя і ўскосныя выдаткі. Таксама будуць запушчаныя праграмы рэабілітацыі і іншай дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій.

    6. Калі Сяргей Ціханоўскі выйдзе з турмы – ці зойме ён месца Святланы Ціханоўскай? 

    Святлана Ціханоўская была падтрымана народам Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах. У якасці абранага лідара яе не можа замяніць ніхто. Вядома, Сяргея Ціханоўскага падтрымліваюць многія грамадзяне Беларусі, ён быу́ арыштаваны незаконна, і пасля свайго вызвалення ён зможа ўдзельнічаць у выбарах. Да новых выбараў адзіным лідарам, які атрымаў падтрымку выбаршчыкаў, з'яўляецца Святлана Ціханоўская.

    7. У які момант Сьвятлана Ціханоўская вернецца ў Беларусь? 

    Святлана Ціханоўская вернецца ў Беларусь, як толькі знікне пагроза яе арышту.

    8. Як Святлана Ціханоўская ўступіць на пасаду прэзідэнта? 

    Святлана Ціханоўская атрымала большасць галасоў выбаршчыкаў Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах. Але атрымаць цалкам пэўныя даныя аб выніках выбараў не ўяўляецца магчымым з-за масавых фальсіфікацый. Галасы выбаршчыкаў фактычна былі скрадзеныя. Пратаколы большасці участковых камісій схавалі ад назіральнікаў, а пазней наогул былі знішчаны. Гэтага недастаткова для ўстанаўлення сапраўдных вынікаў галасавання. Па гэтай прычыне галоўным патрабаваннем каманды Святланы Ціханоўскай і большасці выбаршчыкаў з'яўляецца правядзенне новых сумленных і празрыстых выбараў.

    У сваёй перадвыбарчай праграме Святлана абяцала пасля сваёй перамогі правесці новыя сумленныя выбары на працягу паўгода. Гэта абяцанне было звязана з тым, што пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі правесці сумленныя выбары немагчыма, і да моманту рэгістрацыі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты іншыя кандыдаты былі пазбаўленыя магчымасці ўдзельнічаць у выбарах, а Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка апынуліся ў турме. Святлана мае намер стрымаць сваё абяцанне, але яе ўступленне на пасаду ўскладняецца адсутнасцю дакументальнага пацверджання вынікаў выбараў. Каманда Святланы Ціханоўскай працуе выключна законнымі метадамі, таму Святлана змагаецца за новыя выбары, не ўступаючы ў пасаду.

    9. Ці будзе Святлана Ціханоўская праводзіць нейкія рэформы, або яе адзіная задача – правесці новыя выбары? 

    Галоўная задача Святланы Ціханоўскай – правесці новыя выбары. Пры гэтым важна, каб пераход да новых выбараў быў мірным, а сітуацыя ў краіне – стабільнай. У сувязі з гэтым каманда Святланы Ціханоўскай займаецца не толькі падрыхтоўкай новых выбараў, але і працуе над тым, каб да правядзення новых выбараў у Беларусі былі прыняты меры для захавання кіравальнасці, забеспячэння грамадскага парадку і стабілізацыі эканомікі. Важна таксама стварыць умовы для развіцця эканомікі, правядзення канстытуцыйнай рэформы і развіцця краіны ў цэлым. Таму Святлана Ціханоўская выкарыстоўвае ўсе магчымасці, у тым ліку свой міжнародны аўтарытэт, працу сваіх прадстаўнікоў і экспертаў, каб стварыць такія ўмовы.

    10. Рэжым сцвярджае, што пратэст здзімаецца, а ранейшая ўлада яшчэ трымаецца. Колькі яшчэ будзе цягнуцца гэтае супрацьстаянне? 

    Няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што пратэст здзімаецца. Нават калі з-за надвор'я або рэпрэсій колькасць удзельнікаў у пратэстных акцыях некалькі знізіцца, пратэст прыме іншыя формы. Пакуль праблемы, якія выклікалі пратэст, не вырашаюцца, для новай хвалі будзе дастаткова любой нагоды. Рэжым зараз перажывае дэзарганізацыю. Акрамя ціску пратэсту, ён апынуўся ў складанай эканамічнай сітуацыі. Знешні ціск таксама не пакідае яму прасторы для манёўра.  Гэта пытанне месяцаў. Існуючая сістэма дэградуе і не вытрымае доўгага палітычнага крызісу.

    Мы ўпэўненыя, што ад этапу ціску Беларусь пяройдзе да дыялогу на працягу бліжэйшых месяцаў. А каб аднавіць закон у нашай краіне, Святлана Ціханоўская запусціла план Народнага Трыбуналу.

    Апошнія навіны