Клан Лукашэнкі ператварыў Беларусь у месца злачынства. Калі дзяржаўная судовая сістэма не працуе, мы зробім усё, каб вярнуць у нашую краіну закон і сумленнае следства.
Адказаць за свае злачынствы павінен кожны, хто цынічна парушыў і парушае закон: ад сябраў выбарчых камісій і праўладных назіральнікаў да чыноўнікаў, ідэолагаў, афіцэраў і шараговых супрацоўнікаў сілавых структур, што аддавалі і выконвалі злачынныя загады. Не пазбегнуць пакарання і бізнесмены, што нажываліся на карупцыі і няроўнасці перад законам, створанымі Лукашэнкам і яго памагатымі.
Для гэтага Святлана Ціханоўская абвяшчае народны трыбунал. Вось яго план:
- Пачынаем з тых, хто пагражае нашаму праву на пратэст. Нейтралізуем ідэолагаў і памагатых рэжыму, што ладзяць рэпрэсіі на месцах, пагражаючы звальненнямі, адлічэннямі і турмой. Аб'ядноўваемся, адстойваем калег і паплечнікаў перад тымі, хто спрабуе ціснуць на іх, – і такім чынам спыняем беззаконне на месцах. Называем іх імёны телеграм-каналам, раздрукоўваем іх твары для улётак у паштовых скрынях суседзяў – любымі мірнымі спосабамі расказваем усім, як клічуць і як выглядаюць тыя, хто перашкаджае беларусам жыць свабодна.
- Вядзем працу па прызнанні Лукашэнкі і яго памагатых тэрарыстычнай арганізацыяй.
- Падаем заявы пра завядзенне крымінальных спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Гэта справы беларусаў, што пасля гвалту і катаванняў з боку сілавікоў выехалі з Беларусі. Першая такая заява ўжо пададзеная ў Вільні.
- Збіраем і правяраем доказы злачынстваў рэжыму ў Адзіную Кнігу Рэгістрацыі Злачынстваў. Кожны беларус зможа адправіць у яе сведчанні беззаконня. Кожны парушальнік закона, які будзе садзейнічаць збору доказаў, палегчыць сваё пакаранне. Галоўнае паспець зрабіць гэта да таго, як калега гэтага парушальніка дасць сведчанні супраць яго ж.
- Да сярэдзіны снежня самыя высокапастаўленыя і адыёзныя падазраваныя будуць вынесеныя на асобны сайт, дзе дзякуючы Адзінай Кнізе кожны зможа азнаёміцца са злачынствамі, у якіх іх абвінавачваюць, і сведчаннямі.
- На платформе «Голас» пройдзе працэс Народнага Абвінавачвання па гэтым спісе падазраваных. Кожны беларус зможа прагаласаваць за тое, каб гэтыя людзі былі прыцягнутыя да суда. Мы не выносім прысуд да сумленнага суда, але ўсе людзі, за абвінавачванне якіх прагаласуе народ Беларусі, першымі будуць прыцягнутыя да адказнасці.
- Пасля падвядзення вынікаў апытання на «Голасе» 20 снежня народ Беларусі выйдзе на масавы марш з заявай Народнага Абвінавачвання і пакажа ўсяму свету, што справядлівага суда над злачынцамі патрабуе большасць.
- А пакуль у краіне не адноўлены закон, адзіны механізм прыняцця рашэнняў – голас большасці. Калі большасць галасуе за тое, што гэтыя людзі павінны быць адданыя суду, то па артыкуле 109 КПК РБ кожны грамадзянін мае права захапіць і прымусова даставіць у орган улады асобу, што затрыманая пры здзяйсненні злачынства або спробе схавацца пасля яго здзяйснення. Гэта тычыцца не толькі Аляксандра Лукашэнкі, але і ўсіх, чые злачынствы будуць засведчаныя народам. Дапамога ў арышце/захопе галоўных злачынцаў будзе ўзнагароджаная змякчэннем адказнасці за здзейсненыя раней злачынствы.
Гэты план створаны для збору матэрыялаў для санкцыйных спісаў, расследаванняў спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі і сумленных судоў у новай Беларусі. Кожнае гэтае дзеянне дапамагае вярнуць закон у нашую родную краіну.