• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Канцэпцыя праекта арганічнага закону Рэспублікі Беларусь “Аб Канстытуцыйным Судзе”

    Канцэпцыя праекта арганічнага закону Рэспублікі Беларусь “Аб Канстытуцыйным Судзе”

    Цяжка пераацаніць значэнне Канстытуцыйнага Суда ў палітычнай сістэме новай Беларусі. Гэта менавіта той інстытут, які можа зрабіць Канстытуцыю дакументам прамога дзеяння, засцерагчы судовую сістэму ад вонкавага ўплыву, абараніць правы і свабоды грамадзян ад самавольства.

    Існуючы Канстытуцыйны Суд не валодае якасцямі, неабходнымі для эфектыўнай дзейнасці – у яго для гэтага няма ні незалежнасці, ні працэсуальных правоў. Грамадзяне Беларусі, у адрозненне ад грамадзян дэмакратычных краін, не маюць прамога доступу да канстытуцыйнага правасуддзя і не могуць абараніць свае правы, нават калі закон, за парушэнне якога яны прыцягнуты да адказнасці, носіць відавочна антыканстытуцыйны характар.

    З іншага боку, менавіта адсутнасць незалежнасці, самастойнасці ў прыняцці рашэнняў прывяла да сітуацыі, калі, пачынаючы з 2008 і па 2022 год КС праверыў у парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю больш за 1200 законаў і не выявіў у выніку ніводнай неканстытуцыйнай нормы.

    Нядзіўна, што праект Закону аб Канстытуцыйным Судзе ўвайшоў у лік прыярытэтных. Для таго, каб забяспечыць яго адпаведнасць найлепшым міжнародным практыкам, рашэнням Венецыянскай камісіі, група міжнародных і беларускіх экспертаў падрыхтавала і прадстаўляе на суд грамадскасці праект Канцэпцыі гэтага закону, які дае кожнаму магчымасць скласці ўяўленне аб будучым законе і прыняць удзел у яго распрацоўцы.

     

    КАНЦЭПЦЫЯ ПРАЕКТА АРГАНІЧНАГА ЗАКОНУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

    “АБ КАНСТЫТУЦЫЙНЫМ СУДЗЕ”

    (2 варыянт. Праект ад 06.12.2022)

     

    1. Прававая аснова Канцэпцыі

    1.1 Канцэпцыя распрацавана на аснове палажэнняў арт. 81 (п. 3.6 ч. 6), 129 (ч. 5) праекта Канстытуцыі, у адпаведнасці з якімі склад, арганізацыя і дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, а таксама парадак судаводства ў ім павінны рэгулявацца арганічным законам. Прапанаваныя асноўныя палажэнні Арганічнага закону падрыхтаваны з улікам і ў развіццё палажэння главы 10 “Канстытуцыйны суд” (арт. 127-129), а таксама іншых артыкулаў Канстытуцыі, якія тычацца паўнамоцтваў КС, прызначэння і статусу суддзяў.

    1.2 У адпаведнасці з арт. 164 (п. 3.9 ч. 3) праекта Канстытуцыі (з прапанаванымі папраўкамі) арганічны закон аб Канстытуцыйным Судзе павінен быць прыняты Соймам на працягу трох месяцаў з моманту фарміравання Сойма. Паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда спыняюцца неадкладна пасля ўваходжання ў сілу гэтай Канстытуцыі, новыя суддзі КС павінны быць прызначаныя не пазней за тры месяцы пасля пачатку паўнамоцтваў Сойма (арт. 168 (ч. 1-2) праекта Канстытуцыі (з прапанаванымі папраўкамі)).

    1.3. Канцэпцыя распрацавана з улікам досведу прававога рэгулявання арганізацыі і дзейнасці КС шэрагу еўрапейскіх краін (Літвы, Германіі, Украіны і некаторых іншых краін), а таксама дакладаў і рэкамендацый Венецыянскай камісіі Рады Еўропы па канстытуцыйным правасуддзі, складзе, рашэннях і выкананні рашэнняў канстытуцыйных судоў, асобных меркаваннях у канстытуцыйных судах, асабістым доступе да канстытуцыйнага правасуддзя, незалежнасці суддзяў.

     

    1. Агульная характарыстыка прадмета рэгулявання і мэтаў Арганічнага закону

    2.1 Прадмет рэгулявання Арганічнага закону – статус, арганізацыя і дзейнасць КС. Пры гэтым статус КС уключае забеспячэнне незалежнасці і іншыя гарантыі дзейнасці як самога КС, так і яго суддзяў; арганізацыя КС – парадак прызначэння і спынення паўнамоцтваў суддзяў і ўнутраную арганізацыйную структуру КС; дзейнасць і паўнамоцтвы КС, а таксама асаблівасці іх ажыццяўлення, асновы канстытуцыйнага судаводства і выканання рашэнняў.

    2.2 Інстытут канстытуцыйнага кантролю дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь з 1994 г. Першы склад КС, абраны ў красавіку 1994 г. і дапоўнены ў траўні 1996 г., актыўна адстойваў прынцыпы канстытуцыяналізму, прававой дзяржавы,  падзелу ўладаў, прымаў рашэнні, накіраваныя на абарону правоў асобы. На працягу 1994-1996 гг. былі прызнаныя неканстытуцыйнымі поўнасцю ці часткова 14 указаў і адно распараджэнне Прэзідэнта, 16 законаў і шэраг іншых нарматыўных актаў. Аднак з 1997 г. Канстытуцыйны Суд страціў прававую і фактычную незалежнасць ад выканаўчай улады, перастаў выносіць заключэнні аб неканстытуцыйнасці нарматыўных актаў у сувязі з адсутнасцю зваротаў да яго ўпаўнаважаных суб’ектаў, што тлумачылася Старшынёй Суда “дакладнай і зладжанай працай дзяржаўнага механізма і дасягнутымі стабільнасцю і згодай у грамадстве”. У перыяд з 2008 па 2022 гг. Канстытуцыйным Судом на аснове артыкула 116 Канстытуцыі, які замацоўваў яго паўнамоцтва выконваць кантроль над канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, было прынятае 1 (адно) Заключэнне. Пачынаючы з 2008 г. і па 2022 г. КС праверыў у парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю больш за 1200 законаў і не выявіў у выніку ніводнай (sic!) неканстытуцыйнай нормы.

    Канчаткова дыскрэдытаваў сябе дзейны склад КС, прыняўшы 25 жніўня 2020 г. дакумент пад назвай “Канстытуцыйна-прававая пазіцыя па абароне канстытуцыйнага ладу”.[1]

    Прыняцце такога акту як “пазіцыя” не прадугледжвалася дзейным заканадаўствам. У ім КС, не прыводзячы прававых аргументаў і не маючы на гэта прававых паўнамоцтваў, пацвердзіў легітымнасць афіцыйна аб’яўленых Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў выбараў Прэзідэнта ад 9 жніўня 2020 года.  Гэта рашэнне было прынятае ultra vires з грубым парушэннем дзейнай Канстытуцыі і канстытуцыйнага заканадаўства.

    [1] http://www.kc.gov.by/document-67563

     

    2.3 Асноўная мэта Арганічнага закону – заснаваць якасна новы КС, які грунтуецца на вяршэнстве права дэмакратычнай дзяржавы, адпавядаючы прагрэсіўным еўрапейскім стандартам канстытуцыйнай юстыцыі.

    Для гэта пастаўлены спадарожныя мэты: 1) стварыць неабходныя юрыдычныя перадумовы для забеспячэння незалежнасці КС і яго суддзяў, а адначасова і эфектыўнага гарантавання вяршэнства Канстытуцыі, канстытуцыйнага правапарадку і ажыццяўлення канстытуцыйнага правасуддзя; 2) гарантаваць эфектыўную абарону канстытуцыйных правоў шляхам асабістага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя; 3) стварыць спрыяльныя юрыдычныя ўмовы для празрыстай і публічнай дзейнасці КС і яго адкрытасці грамадзянскай супольнасці; 4) стварыць юрыдычныя перадумовы для якаснага адбору суддзяў і работнікаў канцылярыі КС, а таксама для эфектыўнай арганізацыі працы Суда; 5) залажыць юрыдычную аснову для аптымальна канстытуцыйнага судаводства, якое гарантуе адпраўленне якаснага канстытуцыйнага правасуддзя ў магчыма хутчэйшы тэрмін; 6) усталяваць яснае, сукупнае, сістэмнае і паслядоўнае рэгуляванне дзейнасці КС.

     

    1. Іншыя арганічныя законы, звязаныя з рэгуляваннем дзейнасці КС

    Канцэпцыя прадугледжвае існаванне адзінага кадыфікаванага закону, які з дастатковай ступенню дэталізацыі, на ўзроўні прынцыповых палажэнняў будзе вызначаць статус КС і яго суддзяў, а таксама рэгуляваць канстытуцыйнае судаводства. У арганічным законе таксама будзе прадугледжана магчымасць унарміравання асобных працэдурных пытанняў, якія не маюць прынцыповага значэння для канстытуцыйнага судаводства, і не урэгуляваных гэтым арганічным законам, на ўзроўні рэгламенту, які зацвярджаецца КС.

    Паколькі статус суддзяў КС па праекце Канстытуцыі (арт. 127 (ч. 7), 122 (ч. 5)) звязаны з агульным статусам суддзяў, асноўныя яго складнікі павінны рэгулявацца арганічнымі законамі аб судовым ладзе і статусе суддзяў,  у тым ліку Нацыянальнай рады правасуддзя. Таму пажадана, каб яны прымаліся і ўвайшлі ў сілу адначасова. Асабліва трэба адзначыць неабходнасць своечасовага прыняцця закону аб ачышчэнні ўлады, прымяненне якога прадугледжана ў працэдуры фарміравання новага складу КС.

    Акрамя гэтага, дзейнасць супрацоўнікаў канцылярыі КС будзе рэгулявацца законамі аб дзяржаўнай службе.

     

    1. Прапануемая структура Арганічнага закону

    Структура Арганічнага закону: раздзелы, главы і артыкулы.

    Раздзел I. Агульныя палажэнні

    Глава 1. Статус і прынцыпы дзейнасці КС

    Глава 2. Паўнамоцтвы КС

    Глава 3. Фарміраванне КС. Статус суддзяў

    Раздзел II. Структура і арганізацыя дзейнасці КС

    Глава 4. Арганізацыйная структура КС

    Глава 5. Старшыня КС

    Глава 6. Канцылярыя КС

    Раздзел III. Канстытуцыйнае судаводства

    Глава 7. Зварот у КС і распачынанне справаводства

    Глава 8. Парадак разгляду справы

    Глава 9. Асаблівасці судаводства па адмысловых катэгорыях спраў

    Глава 10. Рашэнні КС

    Раздзел IV. Заключныя палажэнні

    Глава 11. Уваходжанне ў сілу

    Глава 12. Пераходныя палажэнні

     

    1. Асноўныя палажэнні Арганічнага закону

    5.1. Азначэнне КС.

    Канстытуцыйны Суд – заснаваны па Канстытуцыі орган судовай улады, які шляхам канстытуцыйнага судаводства гарантуе вяршэнства Канстытуцыі і права, канстытуцыйны правапарадак і ажыццяўленне  канстытуцыйнага правасуддзя.

    5.2. Паўнамоцтвы КС. Вырашэнне наступных катэгорый спраў:

    1) адпаведнасць прававых актаў Канстытуцыі – на падставе звароту Прэзідэнта, Урада, адной пятай і больш ад канстытуцыйнага складу Сойма, а таксама судоў (па прававых актах, якія падлягаюць прымяненню судом пры разглядзе канкрэтных спраў) і Упаўнаважанага па правах чалавека (па прававых актах датычна асноўных правоў і свабод чалавека) (арт. 128 (ч. 1) праекта Канстытуцыі). Пры гэтым, зыходзячы з патрабавання забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, Суд павінен кіравацца прынцыпам, што ніводны прававы акт не можа карыстацца імунітэтам ад канстытуцыйнага кантролю;

    2) адпаведнасць міжнародных дагавораў, пададзеных на ратыфікацыю, Канстытуцыі – на падставе звароту Прэзідэнта, Урада, не менш адной пятай ад канстытуцыйнага складу Сойма (арт. 128 (ч. 1) праекта Канстытуцыі);

    3) ушчамленне канстытуцыйных правоў і свабод – на падставе канстытуцыйнай скаргі кожнай асобы, пададзенай у парадку, вызначаным законам (арт. 128 (ч. 1) праекта Канстытуцыі), пасля вычарпання ўсіх іншых прававых механізмаў (адпаведная папраўка ў арт. 128 праекта Канстытуцыі);

    4) зняцце Прэзідэнта з пасады пры парушэнні Прэзідэнтам Прысягі ці здзяйсненні ім злачынства – на падставе звароту Сойма ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 92 Канстытуцыі (арт. 128 (ч. 1) праекта Канстытуцыі);

    5) канстытуцыйнасць рашэння аб прызначэнні датэрміновых выбараў прадстаўнічага органа мясцовага самакіравання – на падставе звароту Сойма ў адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 118 Канстытуцыі (арт. 128 (ч. 1) праекта Канстытуцыі);

    6) спрэчкі, якія тычацца паўнамоцтваў адпаведных органаў – на падставе звароту Сойма, Прэзідэнта, Урада, Нацыянальнай рады правасуддзя, Управы Нацыянальнага банка, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Упаўнаважанага на правах чалавека, Кантрольнай палаты, Камітэта па наглядзе за дзейнасцю службаў выведкі і бяспекі, Камітэта па этыцы дзяржаўнай службы і процідзеянні карупцыі, органа мясцовага самакіравання (арт. 128 (ч. 2) праекта Канстытуцыі);

    7) канстытуцыйнасць канстытуцыйных паправак (арт. 160 (ч. 2) праекта Канстытуцыі);

    8) канстытуцыйнасць фармулёвак пытанняў, якія выносяцца на нацыянальны рэферэндум (арт. 66 (ч. 2) праекта Канстытуцыі).

    5.3. Механізм прызначэння суддзяў КС Беларусі

    5.3.1    Для адбору кандыдатаў на пасаду суддзі КС ствараецца спецыяльная конкурсная камісія. Функцыянальная задача камісіі – адабраць дастатковую колькасць кандыдатаў для намініруючых суб’ектаў: Прэзідэнта, спікера, Старшыні Вярхоўнага Суда.

    5.3.2    Склад камісіі – 3 нацыянальныя члены і 3 прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Нацыянальныя члены прызначаюцца па адным ад кожнага намініруючага суб’екта. Міжнародныя эксперты прызначаюцца па адным ад Венецыянскай камісіі, Старшыні Еўрапейскага суда па правах чалавека і Камітэта ААН па правах чалавека (як варыянт). Тэрмін паўнамоцтваў члена камісіі – 3 гады.

    5.3.3.   Рашэнні камісіі прымаюцца большасцю, то бок, не менш на 4 галасы.

    5.3.4    Намініруючыя суб’екты падаюць дакументы на кандыдатаў на пасаду суддзі КС, якія ўключаюць не толькі інфармацыю аб іх прафесійных якасцях, але і аб іх маёмасным становішчы і дачыненні да “рэжыму Лукашэнкі”. Такім чынам, згодна з адмысловым законам аб ачышчэнні ўлады, адносна кожнага кандыдата будзе праводзіцца праверка добрапрыстойнасці і люстрацыйная праверка. Таксама ў названым законе будзе прыведзены спіс пасадаў (ці відаў дзейнасці), заняцце якіх падчас кіравання Лукашэнкі не дазваляе ў далейшым прэтэндаваць на пасаду суддзі КС.

    5.3.5.   Кандыдаты адбіраюцца шляхам праверкі дадзенай інфармацыі і правядзення гутаркі камісіі з імі. Пасяджэнні камісіі праводзяцца адкрыта з трансляцыяй на вэб-рэсурсах.

    5.3.6    Конкурс на заняцце вакантнай пасады аб’яўляецца камісіяй не пазней чым за тры месяцы да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў ці дасягнення максімальнага ўзросту знаходжання на пасадзе суддзі КС ці не пазней за адзін месяц з дня ўзнікнення вакансіі на пасаду суддзі, якая стварылася на іншых падставах.

    5.3.7.   Усе намініруючыя суб’екты падаюць па дзве кандыдатуры на кожную вакансію. У выпадку адхілення кандыдатуры камісіяй, намініруючы суб’ект мае права замяніць адхіленую кандыдатуру на іншую, і так да поўнага запаўнення вакансій.

    5.3.8 Пра пачатак конкурсу для адбору кандыдатур на пасаду суддзі Канстытуцыйнага Суда паведамляецца на афіцыйным вэб-сайце адпаведна Прэзідэнта Беларусі, Сойма, Вярхоўнага Суда не пазней за тры месяцы да дня сканчэння тэрміну паўнамоцтваў ці дасягнення максімальнага ўзросту знаходжання на пасадзе суддзі Канстытуцыйнага Суда, або не пазней за адзін месяц з дня ўзнікнення вакансіі на пасаду суддзі Канстытуцыйнага Суда ў выпадку, калі паўнамоцтвы суддзі прыпыненыя ці ён звольнены з пасады на падставах, прадугледжаных арт. 127 п. 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

    5.3.9    Конкурс цягнецца не менш за два месяцы. Калі на працягу гэтага тэрміну адзін ці болей намініруючых суб’ектаў не здолеюць запоўніць свае вакансіі, камісія мае права прапанаваць падаваць заявы ўсім жадаючым, адпаведна крытэрыям адбору.

    5.3.10. Канстытуцыйны Суд, створаны ў адпаведнасці з новым Законам аб КС, прыступае да выканання абавязкаў пасля поўнага фарміравання і выбрання Старшыні і намесніка Старшыні. Старшыня і намеснік выбіраюцца таксама пасля сканчэння фарміравання суда.

    5.4. Структура КС.

    5.4.1 З улікам чаканай нязначнай колькасці зваротаў, у параўнанні з Федэральным канстытуцыйным судом Германіі ці іншымі сталымі юрысдыкцыйнымі інстытуцыямі, і неабходнасці фарміравання трывалай афіцыйнай канстытуцыйнай дактрыны, прапануецца фарміраванне Канстытуцыйнага Суда як калегіяльнага органа без унутранага падзелу на палаты (сенаты), упаўнаважанага прымаць рашэнні ідэнтычнай юрыдычнай сілы, як і рашэнні ўсяго Канстытуцыйнага Суда, па выніках разгляду канстытуцыйных скаргаў.

    5.4.2 У складзе Суда могуць фарміравацца калегіі для вырашэння пытанняў аб пачатку справаводства па зваротах і скаргах, а таксама іншых працэдурных пытаннях. Пытанні кіравання ўнутранымі працэсамі будуць ускладзеныя на Старшыню Суда, які будзе ўпаўнаважаны ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва Канцылярыяй Суда, прадстаўляць яго інтарэсы ва ўзаемадзеяннях з іншымі органамі, установамі, міжнароднымі арганізацыямі, аб’яднаннямі грамадзян. Пры ажыццяўленні юрысдыкцыйнай дзейнасці Старшыня вядзе пасяджэнні Суда (акрамя выпадкаў выканання функцыі суддзі-дакладчыка ў канкрэтным справаводстве), кантралюе падрыхтоўку пытанняў, якія будуць разглядацца Судом, падпісвае прынятыя Судом рашэнні, прымае рашэнні аб іх публікацыі і г.д.

    5.4.3 Старшыня будзе выбірацца суддзямі з іх ліку шляхам тайнага галасавання тэрмінам на 3 гады без права перавыбрання. Па прадстаўленні Старшыні суддзі таксама выбіраюць на аналагічных тэмпаральных умовах яго намесніка.

    5.4.4 Арганізацыйнае, фінансавае і адміністратыўнае забеспячэнне Суда ажыццяўляецца Канцылярыяй Суда, кіраўнік якой прызначаецца Судом на яго паседжанні па прадстаўленні Старшыні Суда. Кіраўнік Канцылярыі Суда з’яўляецца кіраўніком дзяржаўнай службы ў Судзе. Ён адказвае за распрацоўку бюджэту Суда і яго выкананне.

    5.5. Канстытуцыйнае судаводства.

    5.5.1 Канстытуцыйнае судаводства будзе ажыццяўляцца на падставе прынцыпаў галоснасці, калегіяльнасці, недапушчэння канфліктаў інтарэсаў, аператыўнасці разгляду пытанняў.

    5.5.2 Прынцып галоснасці забяспечваецца шляхам інфармавання грамадскасці аб атрыманых зваротах і скаргах, прасоўванні іх разгляду, пасяджэннях Суда, парадку дня, прынятых рашэннях. Пасяджэнні Суда з’яўляюцца адкрытымі, слуханні могуць праводзіцца ў пісьмовай форме. Выключэнні з забеспячэння галоснасці дапускаюцца ў выпадку неабходнасці абароны дзяржаўнай, камерцыйнай тайны ці канфідэнцыяльнай інфармацыі.

    5.5.3 Прынцып калегіяльнасці заключаецца ў прыняцці асноўных рашэнняў выключна на пасяджэннях Суда за наяўнасцю кворуму у 2/3 ад агульнага складу Суда. Суддзям гарантуецца магчымасць прымаць удзел у фарміраванні парадку дня, ацэнцы доказаў і матэрыялаў па справе, ініцыяванні дадатковых працэдурных пытанняў, выказвання асобнага меркавання, якое з’яўляецца неад’емнай часткай прынятага рашэння. Рашэнні прымаюцца простай большасцю ад агульнага складу Суда.

    5.5.4 Прынцып недапушчэння канфліктаў інтарэсаў забяспечваецца шляхам укаранення аўтаматычнага размеркавання паміж суддзямі зваротаў і скаргаў, атрыманых на разгляд Суда. Суддзі, якія маюць дачыненне да бакоў у справаводстве ці пытанняў, якія сталі прадметам канстытуцыйнага судаводства, могуць быць адхіленыя ад разгляду адпаведнай справы шляхам заявы яму (ёй) адводу (самаадводу).

    5.5.5 Прынцып аператыўнасці разгляду пытанняў заключаецца ў вызначэнні дакладных тэрмінаў разгляду пытанняў адкрыцця справаводства па атрыманых зваротах і скаргах, а таксама тэрмінаў канстытуцыйнага справаводства.

    5.6. Пры разглядзе спраў канстытуцыйнай юстыцыі КС павінен кіравацца прынцыпам, што разгляд такой справы не толькі важны для бакоў, але і звычайна служыць публічнаму інтарэсу – тлумачэнню Канстытуцыі і забеспячэнню яе вяршэнства шляхам прыбірання з прававой сістэмы антыканстытуцыйных актаў. Таму Суд абавязаны не абмяжоўвацца рамкамі заявы, калі бачыць, што аспрэчваемы акт супярэчыць Канстытуцыі па іншых матывах ці іншых яе палажэннях, чым азначаныя заяўнікам, то бок, павінен ацэньваць адпаведнасць Канстытуцыі як адзінаму цэламу; Суд таксама павінен прызнаць антыканстытуцыйнымі, калі бачыць падставу для гэтага, тыя прававыя акты ці іх палажэнні, якія датычацца справы, але якія не аспрэчвае заяўнік. Акрамя таго, Суд не можа прыпыніць справаводства, калі акт, што  аспрэчваецца, прызнаецца страціўшым сілу, калі гэта справа адкрыта па звароце суда ці на падставе індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі, ці працяг разгляду справы служыць грамадскаму інтарэсу, абароне правоў чалавека і развіццю прававой сістэмы.

    1. Пераходныя палажэнні Арганічнага закону аб укараненні яго ў жыццё

    6.1 Дзейны склад Канстытуцыйнага Суда спыняе сваё існаванне неадкладна пасля ўваходжання ў сілу Канстытуцыі новай Беларусі ці правядзення першых дэмакратычных выбараў (у залежнасці ад таго, што адбудзецца раней).

    6.2. Закон аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь уваходзіць у сілу з дня яго апублікавання.

    6.3 Сакратарыят дзейнага Канстытуцыйнага Суда на працягу 30 дзён пасля стварэння новага суда правяраецца на наяўнасць неабходнай кваліфікацыі, наяўнасць ці адсутнасць кампраметуючых абставін у папярэдняй дзейнасці. У выпадку паспяховага праходжання праверкі перапрызначаецца ў Канцылярыю новага Канстытуцыйнага Суда ў адпаведнасці са штатна-арганізацыйнай структурай Канцылярыі. Пры адсутнасці магчымасцяў для працаўладкавання, асобы, якія прайшлі праверку, звальняюцца ў адпаведнасці з Працоўным кодэксам РБ, з выплатай адпаведнай дапамогі.

    6.4 Праверку праводзіць камісія, склад якой вызначае Старшыня Суда (з абавязковым прыцягненнем кіраўніка Канцылярыі).

    6.5 Канцылярыя Канстытуцыйнага суда ажыццяўляе прыёмку будынка КС і іншай маёмасці ў кіраўнікоў Сакратарыяту ў адпаведнасці з інвентарызацыйным вопісам, а архіўныя матэрыялы – па адпаведным спісе.

    Апошнія навіны