«Шаноўны Намеснік памочніка дзяржсакратара Крыс Сміт,
Шаноўны амбасадар Хербст,
Дарагія сябры,
Для пачатку я хацела б падзякаваць паважаным арганізатарам мерапрыемства з Атлантычнай рады за іх шматгадовую падтрымку.
З 2020 года кожны дзень і кожны тыдзень вы асвятлялі пратэсты, рэпрэсіі і рабілі ўсё, каб захаваць Беларусь на парадку дня тут, у ЗША. Гэта асабліва цяжка сёння, бо ў свеце за ўвагу змагаюцца адразу некалькі маштабных крызісаў.
Я выказваю падзяку Еўразійскаму цэнтру Атлантычнай рады, Шэлбі, амбасадару Хербсту. У 2020 годзе, калі ўспыхнулі нашыя пратэсты, вы прапанавалі ЗША тэрмінова прызначыць спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі, і Джулі Фішэр адчыніла для нас шмат дзвярэй.
Я спадзяюся, што ў выніку Стратэгічнага дыялогу ЗША неўзабаве прызначаць новага спецыяльнага пасланніка. Гэты чалавек стане мостам паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША. Гэта стане важным пасланнем падтрымкі і салідарнасці беларускаму народу.
Сёння мы ўздымаем нашае супрацоўніцтва на новы ўзровень. Стратэгічны дыялог, які мы толькі што завяршылі, дапаможа нам зрабіць нашу працу больш скаардынаванай, больш эфектыўнай і, што важней за ўсё, арыентаванай на больш стратэгічныя мэты.
Як згадаў учора Крыс Сміт, мы не проста надзейныя саюзнікі і партнёры, якія давяраюць адзін аднаму. Цяпер мы стратэгічныя партнёры.
У гісторыі не было такіх выпадкаў, калі ўрад ЗША пачынаў стратэгічны дыялог не з дзяржаўнымі суб’ектамі, а з дэмакратычным рухам. Гэта беспрэцэдэнтна. Гэта новы падыход.
Але мы жывём у такі час, які патрабуе новых рашэнняў.
Па выніках нашага дыялогу мы вырашылі стварыць працоўныя групы па канкрэтных пытаннях, такім як: вызваленне палітвязняў, барацьба з дэзынфармацыяй, падтрымка грамадзянскай супольнасці і культурных ініцыятываў. Мы складзем дарожныя карты дзеянняў і мерапрыемстваў, у рэалізацыю якіх будуць уцягнутыя актары як з амерыканскага, так і з беларускага боку.
Я спадзяюся, што Стратэгічны дыялог ЗША і Беларусі таксама дапаможа ўмацаваць суб’ектнасць беларускіх дэмакратычных сіл і нашых інстытутаў, такіх як Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада. Ён узмоцніць нашыя ініцыятывы грамадзянскай супольнасці і дапаможа ім дагрукацца да людзей на месцах. Так у іх лепш атрымаецца супрацьстаяць таксічным наратывам Расіі і Лукашэнку.
Нам трэба паказаць беларусам станоўчую альтэрнатыву «рускаму свету», будучыню, якая можа наступіць пасля падзення рэжыму.
Толькі ў рамках Еўрапейскай і Трансатлантычнай супольнасці Беларусь можа стаць па-сапраўднаму незалежнай, дэмакратычнай і суверэннай краінай.
Я ведаю, гэты шлях можа быць доўгім, але ў нас няма іншага шляху.
Нам трэба разарваць ланцугі нашай шматвяковай залежнасці ад Расіі і вярнуць Беларусь у Еўропу.
Раней у гэтым годзе на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы я заявіла, што Беларусь павінна выйсці з саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі і АДКБ. Усе дамоўленасці і пагадненні паміж нелегітымным Лукашэнкам і Пуціным павінны быць прызнаныя несапраўднымі. Лукашэнка не мае права казаць і прымаць рашэнні ад імя беларускага народу.
У жніўні 2023 года дэмакратычныя сілы прынялі сумеснае рашэнне ісці па еўрапейскаму шляху развіцця. Мы ўпершыню дасягнулі кансэнсусу па гэтым пытанні.
Я разумею, што ўступленне ў ЕС – гэта працяглы працэс. Але распрацоўка дамовы аб асацыяцыі паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам магла б стаць нашым першым крокам.
На слуханнях у Палаце прадстаўнікоў на гэтым тыдні я папрасіла Кангрэс ЗША падтрымаць еўрапейскія і трансатлантычныя памкненні беларусаў. Многія беларусы хочуць пачуць, што яны з’яўляюцца часткай гэтай супольнасці, – не толькі ад нас, але і ад вас.
Нам трэба паказаць беларусам, што пры пераходзе да дэмакратыі ў іх будзе падтрымка з боку магутных дэмакратычных паплечнікаў.
Паколькі ЕС ужо паабяцаў выдзеліць 3 мільярды еўра для дэмакратычнай Беларусі, мы таксама просім ЗША разглядзець магчымасць уключэння Беларусі ў план аднаўлення рэгіянальнай эканомікі, каб забяспечыць хуткі і плаўны пераход ад тыраніі да дэмакратыі.
Рак тыраніі распаўсюджваецца вельмі хутка. Калі яго не стрымаць, ён распаўсюдзіцца на ўсю Еўропу. Я разумею, што санкцыі – гэта не панацэя. Але яны дапамагаюць лячыць рак. Нам патрэбныя эфектыўныя санкцыі супраць Лукашэнкі і Пуціна, і ў іх не павінна быць шчылінаў. Нам трэба зрабіць так, каб усе тыя, хто дапамагае абыходзіць санкцыі, былі пакараныя.
Індывідуальныя санкцыі таксама вельмі важныя. Калі б суддзі, якія пасадзілі Алеся Бяляцкага ў турму дзесяць гадоў таму, ведалі, што яны апынуцца ў санкцыйным спісе, Бяляцкага, верагодна, не пасадзілі б у турму ў чарговы раз.
Верагодна, не было б і тысячаў прыгавораў супраць іншых палітычных зняволеных. Я кажу не толькі пра суддзяў, але і пра ўсіх пракурораў, супрацоўнікаў КДБ, прапагандыстаў і алігархах. Яны таксама павінны панесці пакаранне.
Трэба прыцягнуць Лукашэнку і ягоных паплечнікаў да адказнасці. Занадта доўга яны адчувалі беспакаранасць за свае дзеянні. І ў іх доўгі паслужны спіс злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці, угон самалёта Ryanair, арганізацыя міграцыйнага крызісу на межах ЕС, выкраданне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
У ЗША вялікі досвед у прасоўванні такіх справаў у МКС, Міжнародным судзе і ў нацыянальных судах у рамках універсальнай юрысдыкцыі. І для мяне незразумела, чаму да гэтага часу няма ордара на арышт Лукашэнкі. Дзякуючы ордару ён стаў бы таксічным нават для яго ўласных паслугачоў.
І нарэшце, нам трэба падтрымаць тых, хто так чакае пераменаў. Я кажу пра палітвязняў. Ім патрэбная рэабілітацыя, а іх сем’ям – падтрымка.
Я кажу пра незалежныя СМІ і блогераў, якія супрацьстаяць прапагандзе і аб’ядноўваюць людзей унутры краіны і ў выгнанні.
Я кажу пра дэмакратычныя інстытуты, пра групы грамадзянскай супольнасці і, вядома, пра беларускую дыяспару. Дадатковая матэрыяльная дапамога Кангрэса мела б вырашальнае значэнне.
Многія беларусы жывуць тут, у ЗША. Было б выдатным пасланнем салідарнасці, калі б ЗША распаўсюдзілі дзеянні часовага абароненага статусу і на беларусаў. Людзі не могуць вярнуцца дадому, каб падоўжыць дакументы, бо іх тут жа затрымаюць.
Дарагія сябры,
Падтрымліваючы Беларусь, вы таксама падтрымліваеце Украіну. Лёсы нашых краін пераплеценыя. Калі Беларусь не будзе свабоднай, Украіна не зможа адчуваць сябе ў бяспецы, і наадварот.
Дэмакратычныя перамены ў Беларусі стануць вялізарным ударам для Пуціна і вялікай дапамогай Украіне. І перамога Украіны стане канчатковым ударам па расійскім імперыялізме.
Таму падтрымка Беларусі і падтрымка Украіны – гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў мір і бяспеку ў Еўропе.
Давайце дапаможам Украіне перамагчы ў гэтай вайне.
Дарагія сябры,
Для беларусаў Злучаныя Штаты – маяк надзеі і абаронцы дэмакратыі.
І беларусы ўскладаюць вялізныя спадзяванні на тыя перамовы, якія мы праводзілі апошнія некалькі дзён.
Давайце апраўдаем гэтыя чаканні. Патрэбныя не толькі твіты, але і канкрэтныя дзеянні!
Давайце не падвядзём усіх тых беларусаў, якія ідуць на ахвяры дзеля каштоўнасцяў, якімі так шануе амерыканскі народ.
250 гадоў таму ваенны афіцэр Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся ў Беларусі, адправіўся ў Злучаныя Штаты, каб дапамагчы бацькам-заснавальнікам выйграць вайну за незалежнасць. Пасля гэтага ён, як вядома, вярнуўся дадому, каб ваяваць за сваю Радзіму і вызваліць яе ад ярма Расійскай імперыі.
Нам трэба тое самае зрабіць для Беларусі. І мы разлічваем, што Злучаныя Штаты Амерыкі, самыя магутныя абаронцы дэмакратыі ў свеце, падтрымаюць нас, беларусаў, у нашым імкненні да свабоды.
Дзякуй.
Божа, благаславі Амерыку! Жыве Беларусь!»