• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на адкрыцці групы Сяброў дэмакратычнай Беларусі ў парламенце Партугаліі, 2023

    13 лістапада, 2023

    «Паважаныя члены Асамблеі Рэспублікі,

    Дарагія сябры,

    Я рада знаходзіцца ў Лісабоне і разам з вамі адкрываць у партугальскім парламенце групу Сяброў дэмакратычнай Беларусі.

    Ад усяго сэрца хачу падзякаваць парламентарыям, якія далучыліся да яе. І асабліва хачу падзякаваць майму сябру Антоніа Проа, які даўно падтрымлівае нашую барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі. Дзякуй, Антоніа, што далучыліся да нас у Берліне, калі мы адкрывалі там міжпарламенцкі альянс «За дэмакратычную Беларусь».

    Мы ўжо запусцілі такія групы ў 23 парламентах свету – у Еўрапейскім парламенце і ў многіх нацыянальных парламентах краін ЕС, а таксама ў Канадзе, Грузіі, Вялікабрытаніі, Малдове, Нарвегіі, Украіне і ЗША.

    Для нас вялікі гонар, што нас падтрымлівае такая шырокая міжнародная парламенцкая кааліцыя. І мы рады, што сёння да гэтай групы краін далучаецца Партугалія.

    У дэмакратычных краінах у парламентарыяў ёсць вялікі ўплыў. Яны фарміруюць парадак дня і збольшага вызначаюць рашэнні свайго ўрада.

    У дэпутатаў ёсць магчымасць называць рэчы сваімі імёнамі. Яны могуць адкрыта казаць, што Лукашэнка – злачынец, а не прэзідэнт. Што Расія дэ-факта акупуе Беларусь. Я лічу, што надышоў час назваць зло – злом.

    Сітуацыя ў Беларусі не становіцца лепшай. Беларусы вядуць падвойную барацьбу за дэмакратыю і незалежнасць. Лукашэнка дазволіў Расіі весці палітыку неакаланіялізму і ўцягнуў Беларусь у злачынную вайну супраць Украіны.

    У краіне 1500 палітвязняў, а рэальная іх колькасць як мінімум у тры разы вышэйшая. Паліцэйскі тэрор паўсюль. Людзей арыштоўваюць за каментары ў сацыяльных сетках і за адзенне нацыянальных колераў. Зняволеных утрымліваюць у нечалавечых умовах.

    Мой муж Сяргей таксама палітвязень. Я не атрымлівала аб ім вестак з сакавіка. Я не ведаю напэўна, ці жывы ён увогуле. Мая дачка ўвесь час пытаецца: «Мама, калі тата вернецца дадому?» І такіх дзяцей у Беларусі тысячы.

    На жаль, тэма Беларусі зараз не стаіць высока на сусветным парадку дня. Таму нам патрэбны моцныя саюзнікі, бо іх галасамі маглі б казаць тыя, хто пазбаўлены голасу.

    Мы спадзяемся, што Партугалія будзе бараніць дэмакратыю ў Беларусі. А таксама стане нашым акном у свет за межамі Еўропы. Партугаламоўныя краіны адыгрываюць вялікую ролю ў свеце, і іх пазіцыя па многіх пытаннях мае вялікае значэнне.

    Возьмем, напрыклад, санкцыі ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў. Як вядома, кампанія «Беларуськалій», асноўны вытворца калійных угнаенняў у Беларусі, замешана ў ваенных злачынствах ва Украіне, а менавіта ў гвалтоўным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.

    На жаль, нам не заўсёды ўдаецца данесці нашу пазіцыю да калегаў, скажам, у Бразіліі ці Анголе. Я была б вельмі ўдзячная, калі б дапамагчы нам у гэтым маглі нашыя партугальскія сябры.

    Яшчэ адно пытанне – міжнароднае прызнанне новага беларускага пашпарта. Як вядома, Лукашэнка забараніў працягваць нацыянальныя пашпарты ў амбасадах за мяжой. Таму сотні тысячаў беларускіх уцекачоў могуць стаць асобамі без грамадзянства. Каб падоўжыць пашпарт, у іх не застаецца іншых варыянтаў, акрамя як вяртацца ў Беларусь, дзе іх напэўна арыштуюць.

    Таму з наступнага года мы пачнем выдаваць уласны пашпарт, які будзе сведчыць асобу і грамадзянства носьбіта. Так рабілі краіны Балтыі ў часы савецкай акупацыі. Калі ўзоры будуць гатовыя, мы правядзем перамовы з нацыянальнымі ўрадамі па ўсім свеце і папросім іх прызнаць пашпарт. Я спадзяюся, што ваша парламенцкая група зможа ўзняць пытанне аб прызнанні нашага пашпарта перад партугальскім урадам.

    Гэта не адзіны спосаб падтрымаць Беларусь. Вы можаце далучыцца да кампаніі Libereco і стаць сімвалічным хросным бацькам для палітвязня. Стварыць праграму рэабілітацыі былых палітычных вязняў. Даць стыпендыі беларускім мастакам і навукоўцам, каб яны маглі працаваць і вучыцца ў Партугаліі. Заявіць аб сваёй падтрымцы ў сацыяльных сетках. Важны кожны жэст салідарнасці.

    Я хацела б запрасіць вас і вашыя партыі ў Берлін 6 снежня. Там пройдзе форум ста еўрапейскіх партыяў і васьмі беларускіх партыяў, якія больш не могуць працаваць у Беларусі. Прыходзьце абмеркаваць далейшае міжпарламенцкае і міжпартыйнае супрацоўніцтва па пытанні Беларусі.

    Я чула, што ў вас у краіне зараз няпросты палітычны перыяд, але, ведаеце, гэта дэмакратыя, і лепш няпросты перыяд пры дэмакратыі, чым адсутнасць зменаў пры дыктатуры – як у нас у Беларусі.

    Жадаю ўсім вам быць пераабранымі на наступных выбарах і працягнуць працу дзеля лепшай будучыні вашай краіны, а таксама дзеля свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.

    Дарагія сябры,

    Партугальскі народ добра ведае, якое жыць пры дыктатуры. Рэвалюцыя гваздзікоў, якая прайшла ў вас у 1974 годзе, працягвае натхняць многіх людзей, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю сёння.

    Я ўпэўнена, што і мы, беларусы, пройдзем той шлях, які выбрала Партугалія 50 гадоў таму. Шлях пераходу да дэмакратыі і ўступлення ў Еўрапейскі саюз.

    Толькі ў ім мы зможам абараніць сваю ідэнтычнасць, незалежнасць і свабоду ад кіпцюроў «рускага свету».

    Гэты шлях не будзе лёгкім, але я ўпэўнена, што дзякуючы вашай падтрымцы і салідарнасці ў нас усё атрымаецца. Давайце пройдзем гэты шлях разам.

    Дзякуй. Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны