З 6 верасня па 6 лістапада «Рэпарцёры без межаў» праводзяць кампанію «Паштоўкі для Марыны», прыстасаваную да дня нараджэння галоўнай рэдактаркі партала TUT.by Марыны Золатавай. Праект накіраваны на падтрымку Марыны і ўсіх журналістаў-палітвязняў. Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у гэтай акцыі і запісала відэа для Марыны:
«Ты выконвала найвышэйшыя стандарты журналістыкі і была прыкладам для калегаў. Як бы цяжка ні было, ты знаходзіла выйсце з любой сітуацыі. Сёння кожны твой дзень – гэта марафон. Марафон барацьбы за жыццё, за здароўе, за ўласную годнасць. Але я не сумняваюся, што ты зможаш вытрымаць гэтае выпрабаванне».
Давайце разам далучымся да акцыі і падтрымаем Марыну Золатаву і ўсіх журналістаў-палітвязняў. Для гэтага трэба напісаць словы падтрымкі на электронны адрас postcardsformaryna@rsf.org. 6 лістапада, у дзень нараджэння Марыны, «Рэпарцёры без межаў» перададуць гэтыя пасланні ў амбасады Беларусі ў некалькіх краінах.