Напярэдадні дня настаўніка ў Беларусі каманда Офіса з дапамогай ініцыятывы hutka.help падрыхтавала спіс педагогаў, якім патрэбная нашая дапамога. Гэтая ініцыятыва не з’яўляецца фондам, таму ў вас ёсць магчымасць дапамагчы чалавеку наўпрост.
Антон Дзеручэнка – настаўнік гісторыі і рэдактар беларускай Вікіпедыі, напісаў больш за 20 тысяч артыкулаў. Вымушана пакінуў Беларусь. Патрэбная дапамога для працягу жыцця ў новай краіне. Таксама можа правесці для вас лекцыі па гісторыі Беларусі ці экскурсію па музеях Варшавы.
Ірына – настаўніца геаграфіі з 30-гадовым стажам. Спачатку ўцякала ад пераследу рэжыму, а потым ад вайны. Для Ірыны актуальная як грашовая дапамога, так і прапановы працы, пажадана дыстанцыйнай.
Аляксандр Мурашоў – доктар педагагічных навук, кандыдат філалагічных навук і былы прафесар кафедры журналістыкі ў ГрДУ ім. Я. Купалы. У 2020 напісаў адкрыты ліст да Лукашэнкі. Падтрэбныя сродкі для публікацыі сваіх твораў.
Таццяна – былая выхавальніца, пакінула Беларусь з-за ціску рэжыму. Яе дачку затрымлівалі 5 разоў. Патрэбная дапамога, каб легалізавацца і ўладкаваць жыццё.
Калі ласка, падтрымлівайце адзін аднаго. Працягвайце быць салідарнымі ды спагадлівымі, бо калі дапамагаеш іншым – самому становіцца лепш.