Беларуская лідарка выступіла на сайд-івэнце «Пагроза незалежнасці Беларусі і міжнародны адказ» на палях Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Яна заклікала міжнародную супольнасць выпрацаваць стратэгію захавання незалежнасці Беларусі і пачаць адважнае супрацьдзеянне дыктатарам.
«Чым больш свет прызнае і падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы, тым большы ціск мы аказваем на нелегітымны рэжым. Наша легітымнасць і падтрымка большасці беларусаў – гэта зброя нашай мірнай барацьбы.
Калі казаць пра падраздзяленні ААН, то яны пакуль не выкарыстоўваюць у Беларусі ўсіх магчымасцяў сваіх мандатаў. УВКБ ААН, ЮНЕСКА, ЮНІСЕФ, Сусветная арганізацыя аховы здароўя не выказваюцца з нагоды крызісу ў Беларусі. Ствараецца ўражанне, што ААН на баку рэжыму. І прапаганда карыстаецца гэтым. Занадта доўга свет належным чынам не рэагаваў на дзеянні рэжыму, а рэжым заставаўся беспакараным. Так больш быць не павінна.
Наступіў вырашальны момант: ці будзе Беларусь свабоднай еўрапейскай краінай альбо стане ахвярай расійскага неакаланіялізму? Беларусы поўныя рашучасці перамагчы і захаваць сваю нацыю. Мы заклікаем іншыя дзяржавы дапамагчы нам адстаяць нашае права на годную будучыню ў незалежнай краіне».