Вітаю ўсіх удзельнікаў Канферэнцыі, яе гасцей, журналістаў — і тых гледачоў, хто далучыўся да нас у жывым эфіры.
Калі я рыхтавалася да канферэнцыі, то прыгадала, што адчувала тыдзень таму – напярэдадні марафону салідарнасці з палітзняволенымі. Я хвалявалася: ці адгукнуцца людзі на заклік? Ці дастаткова мы зрабілі, каб марафон стаў паспяховым? Ці хопіць намаганняў журналістаў, палітыкаў, актывістаў, каб гэта стала натхняльнай падзеяй, а не нагодай для расчаравання?
Я разумею, адкуль ідуць сумневы. На жаль, апошнія тры гады прывучылі нас заўсёды рыхтавацца да горшага.
Мы звыклі, што самага моцнага жадання недастаткова, каб змяніць прагнілую сістэму.
Мы звыклі, што на кожнае публічна сказанае слова прыпадае два словы падтрымкі, але і дзесяць слоў крытыкі.
Мы звыклі, што праз палітыку рэжыму нашую мірную Беларусь сёння называюць краінай-агрэсарам – і ставяць у адзін шэраг з Расіяй.
Мы звыклі, што ў нас няма магічнай сілы, каб заўтра спыніць вайну і выратаваць усіх палонных. Болей за тое, мы пачынаем звыкаць, што месяцамі не маем вестак ад нашых палітзняволеных. Я ніколі не думала, што ў маім жыцці будзе момант, калі я пагляджу на відэа з Сяргеем – і не буду з першага моманту ўпэўненая, ці гэта ён.
З намі адбылося так шмат бесчалавечных, балючых, пакутлівых падзей, што мы прызвычаіліся чакаць горшага.
Але сёння я заклікаю вас адшукаць тое, што пазбавіць нас гэтай дрэннай звычкі.
Хутчэй за ўсё, вы і цяпер перш-наперш падумалі: гэта не наблізіць нашую перамогу. Але ад сёння і далей давайце паспрабуем верыць. Верыць у саміх сябе, у нашую еднасць. Яшчэ Уладзімір Караткевіч казаў: «Вера рухае землі і акіяны».
Нас труціць звычка рыхтавацца да горшага. Аднак згадайце, колькі праектаў мы ўжо з вамі зладзілі. Яшчэ пяць гадоў таму яны здаліся б нам нечым немагчымым. Але сёння яны ўжо частка гісторыі новай Беларусі.
Той самы марафон, на якім мы, беларусы, разам сабралі 570 тысячаў еўра на дапамогу палітзняволеным і іх сем’ям. Гэта выбітнае дасягненне для грамадства, у якім тры гады рэпрэсуюць за салідарнасць.
Тыя ініцыятывы па аднаўленні беларускага тэатра, кнігадрукавання, адукацыі на роднай мове. Гэта дазваляе захаваць нашую ідэнтычнасць – і перадаць новаму пакаленню беларусаў нашыя нацыянальныя каштоўнасці.
Тыя вайсковыя згуртаванні, што змагаюцца зараз ва Украіне. Яны здзяйсняюць подзвіг за подзвігам і дэманструюць усяму свету, чаму нельга ставіць знак роўнасці паміж беларусамі і лукашэнкаўскім рэжымам.
Само тое, што сёння мы знаходзімся тут, ладзім адкрытыя дыскусіі, праводзім публічныя слуханні Кабінета – гэта вялікае дасягненне для грамадства, якое амаль 30 гадоў не бачыла жыцця ў вольнай краіне. Бо празрыстасць, разнастайнасць поглядаў і свабода слова – гэта фундамент, на якім будуецца дэмакратычная ўлада.
Што за будынак з’явіцца на гэтым фундаменце, залежыць толькі ад нас з вамі.
Дарагія сябры,
На гэтай канферэнцыі мы будзем гаварыць пра тое, якой павінна быць новая Беларусь, і як мы можам да яе прыйсці. Якія рэформы трэба правесці, і як вызначыць тых, хто здзяйсняў злачынствы. Мы будзем гаварыць пра метады нашай барацьбы і спосабы падтрымкі нашых палітвязняў. Мы будзем разважаць, якімі павінны быць адносіны з нашымі суседзямі і як вярнуць Беларусь на мапу Еўропы.
Учора разам з прадстаўнікамі Кабінета, Каардынацыйнай Рады, палітычных партый і арганізацый мы распрацавалі некалькі супольных заяваў. Вы ўжо цяпер можаце знайсці іх на сайце Канферэнцыі і далучыцца да іх. Адна з іх – дэкларацыя дэмакратычных сілаў – аб стварэнні руху «Новая Беларусь». Другая – пра еўрапейскі выбар для Беларусі. Трэцяя – пра салідарнасць з Украінай, і апошняя – пра тое, што выбары 2024 года – гэта фарс і імітацыя. Гэтыя дакументы стануць адным з вынікаў нашай Канферэнцыі.
Другі вынік – гэта прэзентацыя пашпартоў Новай Беларусі. Мы пераходзім да новага этапу: падрыхтоўкі да выдачы пашпартоў і кампаніі па іх прызнанні.
І трэцяе – гэта змены ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце і дэмакратычным руху, якія я агучу вечарам, у тым ліку па выніках слуханняў у Каардынацыйнай Радзе.
Я выдатна разумею: мінулая Канферэнцыя не вырашыла ўсіх пытанняў. Яна яшчэ вышэй узняла планку чаканняў ад дэмакратычных сілаў. Хтосьці з вас, напэўна, расчараваўся. Маўляў, Кабінет не спыніў вайну. Кардынацыйная Рада не вызваліла палітзняволеных. А шматлікія дарадцы не прыдумалі рэформаў…
Шлях да Новай Беларусі – гэта справа не аднаго дня. Падчас яго не пазбегнуць памылак, выгарання, спрэчак, узаемных крыўдаў. Аднак варта памятаць і нагадваць іншым: калі кожны чалавек захоча зрабіць іншаму маленькае дзіва — свет зробіцца светам дзіваў.
Так, гэта толькі пачатак шляху да пераменаў у нашай краіне. Але ж я кажу гэта ўжо тры гады, і скажу яшчэ раз – мы асілім гэты шлях толькі разам.
Згадайце, колькі разоў у вас апускаліся рукі. Тыдзень таму я засынала з неспакойным сэрцам, бо перажывала за марафон. Але літаральна праз некалькі гадзін маё сэрца напоўнілася той самай цеплынёй, бо я зноўку адчула, як нас шмат – і як нам не ўсё адно. Гэта быў гонар за беларусаў: за нашых людзей – на волі і за кратамі, за нашых ваяроў-добраахвотнікаў, за нашую краіну, за кожнага і кожную.
Я заклікаю вас: захоўвайце ў памяці менавіта гэтыя моманты – моманты, якія вас натхняюць. Я заклікаю вас змагацца са звычкай заўжды чакаць горшага. Я дзякую вам за ўсё, што вы ўжо зрабілі. І жадаю плённай працы на канферэнцыі, каб зразумець, што мы можам зрабіць яшчэ – каб узмацніць адно аднаго, і каб вярнуць сабе нашую краіну.
Жыве Беларусь!