• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Сустрэча з прэзідэнтам ЗША, удзел у Саміце НАТА, адкрыццё Сквера Вольнай Беларусі ў Беластоку. Вынікі працы Офіса Святланы Ціханоўскай 10-16 ліпеня 2023

    17 ліпеня, 2023

    Уначы 11 ліпеня стала вядома пра смерць палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Алесь быў зняволены за сваю творчасць, якая была ўвасабленнем нязломнага духу беларускага народа. Ён марыў пра свабодную і дэмакратычную Беларусь. І нашая мэта – разам працягваць справу Алеся і наблізіць Беларусь яго мары».

    БЕЛАРУСЬ-ЗША. 12 ліпеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. «Вельмі ўдзячная прэзідэнту за гэтую сустрэчу. Я данесла яму нашую пазіцыю, распавяла, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленне сваёй краіны. Я радая, што ў нас атрымліваецца непублічна пагаварыць пра тое, што нам сапраўды важна. Беларусы могуць разлічваць на падтрымку ЗША», – пракаментавала беларуская лідарка.

    САМІТ НАТА. 12 ліпеня Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у асноўнай праграме Саміту НАТА – сустрэчы жанчын-лідарак. Гэта першы раз у гісторыі, калі беларускі палітык удзельнічае ў мерапрыемствах НАТА. На палях Саміту Ціханоўская правяла размовы з міністаркай замежных справаў Бельгіі, міністрам замежных справаў Люксембурга. Таксама беларуская лідарка прыняла ў сваім Офісе міністра замежных справаў Партугаліі, міністарку замежных справаў Ісландыі і дэлегацыю сенатараў ЗША.

    САЙД-ІВЭНТЫ ПА БЕЛАРУСІ. 11 і 12 ліпеня, падчас Саміту НАТА ў Вільні, Святлана Ціханоўская правяла два сайд-івэнты па Беларусі. Першы сайд-івэнт быў на тэму суверэнітэту Беларусі і трансатлантычнай бяспекі, у ім удзельнічалі міністры замежных справаў Ісландыі і Партугаліі, віцэ-міністр замежных справаў Латвіі, дзяржсакратар Фінляндыі. Другі – пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі і наступствы гэтага для рэгіянальнай бяспекі, удзел бралі былы намеснік дзяржсакратара ЗША, дырэктар Еўразійскага цэнтра Атлантычнай Рады, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. На сайд-івэнтах таксама прысутнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, міжнародныя палітыкі, дыпламаты, эксперты і медыя.

    НОВАЯ СПРАВА СУПРАЦЬ ДАШКЕВІЧА. Дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр пракаментавала новую крымінальную справу супраць Зміцера Дашкевіча: «Чалавек не выйшаў з турмы таму, што хтосьці ў камфортным кабінеце вырашыў разлучыць яго з жонкай і дзецьмі яшчэ на некалькі гадоў. Нехта там у кабінетах руйнуе нашыя жыцці, крадзе ў нас час, які мы можам правесці з блізкімі. І наіўна мяркуе, што застанецца неназваным і невядомым. Дарэмна».

    ВІЗІТ У БЕЛАСТОК. 14-15 ліпеня Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўлам Латушкам і Алінай Коўшык наведала Падляшша. Яны сустрэліся з маршалкам і ваяводам Падляскага ваяводства, а таксама мэрам Беластока. 14 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё сквера Вольнай Беларусі ў Беластоку. Са жніўня 2020 года на гэтым самым месцы праводзяцца акцыі пратэсту супраць дзеянняў дыктатара і яго ўрада. А 15 ліпеня Ціханоўская і Латушка наведалі вёску, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, беларускамоўную школу і агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляскім і ўсклалі кветкі да крыжа ў памяць забітых жыхароў вёскі Заляшаны.

    ЗАКОН АБ ГРАМАДЗЯНСТВЕ. 11 ліпеня ў Беларусі набыў моц абноўлены закон «Аб грамадзянстве». Каго, як і за што, згодна з новым законам, могуць пазбавіць беларускага грамадзянства? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. 

    РЭЗАЛЮЦЫЯ ПА АБСЕ. На 30-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ была прынятая выніковая дэкларацыя і шэраг рэзалюцый па Беларусі. Беларусь паставіла ў АБСЕ своеасаблівы рэкорд – у тэксце выніковай дэкларацыі нашая краіна згадваецца 64 разы. Парламенцкая асамблея АБСЕ прызнала «мяккую анексію» Беларусі Расіяй, што яшчэ было ў дэкларацыі – чытайце па спасылцы

    АДУКАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ. 28-30 верасня ў Вільні адбудзецца канферэнцыя «Дэкаланізацыя адукацыі і навукі ў Беларусі і Украіне: тэарэтычныя выклікі і практычныя задачы». Правядзенне канферэнцыі было ініцыяванае дарадцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, прафесаркай ЕГУ – Таццянай Шчытцовай. Для таго, каб прыняць удзел у канферэнцыі, неабходна да 15 ліпеня запоўніць анлайн-форму.

    ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. 13 ліпеня Валанцёры Офіса правялі размову са Святланай Ціханоўскай і Франакам Вячоркам. Падчас размовы абмяркоўвалі: якія наступствы Саміт НАТА будзе мець для Беларусі і што ўвогуле робяць у галіне нацыянальнай бяспекі.

    РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У чацвер, 13 ліпеня, Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.

    ВІЗІТ У ІТАЛІЮ. 5-7 ліпеня Святлана Ціханоўская разам з камандай Офіса знаходзілася з працоўным візітам у Рыме. Паглядзець, як прайшоў візіт і якія яго вынікі – можна ў гэтым відэа.

    МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю БелСАТ (Беларусь), Маша Єфросиніна (Украіна), Corriere della Sera (Італія), RAI TG1 (Італія), RaiNews (Італія), Il Foglio (Італія), Sky TV (Італія), Avvenire (Італія), LA7 TG (Італія), Radio Radicale (Італія), News Agency La Nova (Італія), La Vanguardia (Італія), Formiche (Італія). 

    Апошнія навіны