«Дарагія сябры,
Дазвольце мне павітаць арганізатараў і ўдзельнікаў 5-га форуму «Наша будучыня».
Для мяне вялікі гонар выступаць перад бліскучымі розумамі новага пакалення, якія падаюць надзею для будучыні Еўропы. Несумненна, кутным каменем гэтай будучыні стане дэмакратыя.
Мой суайчыннік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі пісаў, што сапраўдная дэмакратыя каштоўная тым, што яна заахвочвае адказнасць, мараль і крэатыўнасць у грамадстве.
Сёння Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме. За тое, што ён усё жыццё прысвяціў барацьбе за правы чалавека, рэжым Лукашэнкі асудзіў яго да 10 гадоў зняволення. Ён — другі ў гісторыі нашай краіны лаўрэат Нобелеўскай прэміі.
Калі вы хочаце сустрэць самыя яркія розумы Беларусі — у тым ліку і сярод моладзі — вам давядзецца шукаць іх у турме. Лекары, навукоўцы, журналісты, блогеры, палітолагі і проста выдатныя людзі любых прафесій знаходзяцца ў зняволенні толькі за тое, што яны мелі мужнасць сказаць «не» рэжыму Лукашэнкі, скрадзеным выбарам, паліцэйскаму гвалту і пуцінскай вайне.
Сярод палітычных зняволеных — мой муж Сяргей Ціханоўскі. Яго асудзілі да 19,5 гадоў турмы. Тры гады таму ён быў адным са шматлікіх нізавых актывістаў-відэаблогераў. Больш за год Сяргей падарожнічаў па Беларусі, паказваючы гледачам свайго YouTube-канала, як насамрэч выглядае краіна пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Тая падтрымка, якую ён адчуў з боку людзей, уразіла яго. Ён зразумеў, што прыйшоў час пераменаў.
Неўзабаве пасля таго, як Сяргей абвясціў пра свае намеры балатавацца ў прэзідэнты, яго арыштавалі. Тады я пайшла на выбары і стала кандыдатам замест яго. Я не бачыла сябе як палітыка. Але я хацела паказаць Сяргею, што кахаю яго, і ў мяне не было іншага выбару.
Мяне зарэгістравалі, бо Лукашэнка не верыў, што на выбарах яго пераможа жанчына. «У нас канстытуцыя не пад жанчыну», — казаў ён. Але ён памыляўся. Ён не бачыў, што людзі хочуць пераменаў. 9 жніўня я выйграла выбары. Мы ўсе выйгралі.
Той дзень змяніў маё жыццё і жыццё мільёнаў беларусаў. Людзі запоўнілі вуліцы нашых гарадоў. Беларусы гучна заявілі, што выбіраюць свабоду — а не тыранію, святло — а не цемру, будучыню — а не мінулае.
Але рэжым адказаў жорсткасцю і тэрорам. Таму зараз вы не ўбачыце прыгожых фота з масавых пратэстаў. Але, паверце мне, людзі ўсё гэтак жа спадзяюцца і хочуць волі.
Людзі працягваюць супраціўляцца. Пратэст сышоў у падполле. Людзі далучаюцца да партызанскага руху. Распаўсюджваюць самвыдат. Спыняюць расійскія цягнікі і ваенную тэхніку. Сотні беларускіх добраахвотнікаў са зброяй у руках абараняюць Украіну ад расійскай агрэсіі.
Бо разумеюць: лёсы Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя. Не будзе свабоднай Беларусі без свабоднай Украіны. А без свабоднай Беларусі ні Украіна, ні Еўропа не будуць адчуваць сябе ў бяспецы.
На жаль, барацьба даецца беларусам вялікай цаной. З 2020 года праз турмы прайшлі больш за 60 000 чалавек. Праваабаронцы ўжо страцілі лік палітычным зняволеным. Мы ведаем імёны 1500 з іх, але насамрэч іх можа быць да 5000. Іх утрымліваюць у жудасных умовах, у поўнай ізаляцыі. Літаральна некалькі дзён таму ў турме загінуў палітвязень Мікола Клімовіч, якога асудзілі за карыкатуру на Лукашэнку. А я не атрымлівала навінаў пра свайго мужа з 10 сакавіка.
Праз жорсткія рэпрэсіі пакінуць краіну давялося сотням тысячам беларусаў і беларусак. Дзясяткі тысячаў знайшлі прытулак тут, у Польшчы. Нават у выгнанні яны не спыняюцца працаваць на карысць пераменаў у Беларусі. Таму што мы ўсе хочам вярнуцца дадому.
Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі спрабуюць знішчыць наш дом, сцерці з яго ўсё беларускае, зрабіць Беларусь адной з расійскіх правінцый — цалкам падкантрольнай Расіі. І ў небяспецы не толькі беларусы. Рэжым шукае «здраднікаў» паўсюль, у тым ліку сярод этнічных меншасцяў — напрыклад, сярод палякаў, якія жылі ў Беларусі стагоддзямі.
Вы, напэўна, чулі пра журналіста Анджэя Пачобута. Ён этнічны паляк, які любіць Беларусь. Дзякуючы сваёй смеласці і прынцыповасці ён стаў адным з галоўных апанентаў рэпрэсіўнай сістэмы Лукашэнкі. Ён адмовіўся, калі рэжым прапанаваў яму пакінуць краіну, і ніколі не прасіў памілавання. У лютым яго асудзілі да 8 гадоў турмы.
Некалі ён сказаў: «Я правёў шмат часу ў турмах і калоніях, але тыя, чые годнасць і гонар я абараняю, перажылі значна больш, і іх прыклад заўсёды натхняў мяне. І па-ранейшаму натхняе!»
Давайце прытрымлівацца прыкладу Анджэя Пачобута. Нават у турме ён не губляе надзеі. Нават у самыя цёмныя часы нельга губляць надзею на лепшую будучыню.
За апошнія тры гады я зразумела, што шлях да свабоды не кароткі і не лёгкі, але іншага шляху няма. І гэты шлях не прайсці без мужнасці і салідарнасці.
У нас ёсць мужнасць, але нам патрэбная вашая салідарнасць. Падтрымлівайце людзей, якія працягваюць барацьбу. Як ва Украіне, так і ў Беларусі. Падтрымлівайце палітычных зняволеных і тых, хто знаходзіцца ў выгнанні. Будзьце нашым голасам на міжнароднай арэне.
Мы не выйграем гэтую бітву ў адзіночку. Вашая салідарнасць — гэта ўнёсак у свабодную і дэмакратычную Еўропу. Унёсак у нашую агульную будучыню.
Дзякуй».