ВІЗІТ У ГЕРМАНІЮ. 13-14 траўня Ціханоўская разам Таццянай Хоміч (якая прадстаўляла зняволеную сястру Марыю Калеснікаву) і Веранікай Цапкалай бралі ўдзел у цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага як лаўрэаткі мінулага года. Сёлета прэмія была прысуджаная Уладзіміру Зяленскаму. Падчас цырымоніі Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню публічна паціснулі адно аднаму рукі. Ціханоўская таксама выступіла на Форуме, які штогод праводзіцца напярэдадні цырымоніі.
САЛІДАРНАСЦЬ З ПАЛІТВЯЗНЯМІ. 8 траўня Святлана Ціханоўская далучылася да акцыі салідарнасці з палітвязнямі і расклеіла плакаты з імёнамі Галіны Дзербыш, Кацярыны Андрэевай, Марфы Рабковай у Вільні. Акцыя была ініцыяваная прадстаўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльных пытаннях Вольгай Гарбуновай. Святлана Ціханоўская таксама заклікала беларусак і беларусаў падтрымаць зборы для палітвязняў, якія арганізавалі беларускія актывісткі і актывісты.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі звярнуўся да беларусаў з нагоды Дня салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі 21 траўня: «Заклікаю кожнага з вас дбаць пра палітзняволеных не толькі 21 траўня, але і кожны дзень. Нашая задача – стаць голасам палітзняволеных і ў Беларусі, і ў міжнароднай супольнасці».
РЭАКЦЫЯ НА ПРЫСУДЫ. 11 траўня Паўлу Белавусу вынеслі прысуд – 13 гадоў зняволення. Святлана Ціханоўская пракаментавала: «Гэта прысуд усім беларусам, якія мараць пра сапраўдную беларускую Беларусь». Дапамагчы сям'і Паўла Белавуса можна тут.
ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ. 9 траўня, у Дзень перамогі, Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «У нашага народа ўсё яшчэ ёсць выбар. Які шлях развіцця нам бліжэй? Рэпрэсіі, войны, крызіс, міжнародныя ваенныя злачынствы, перапісванне гісторыі, вымыванне найлепшых спецыялістаў – ці ўсё ж такі свабода, інтэграцыя ў еўрапейскую эканоміку, рост узроўню жыцця, годныя заробкі і пенсіі, магчымасць свабодна падарожнічаць па свеце, інвестыцыі ўсяго цывілізаванага свету ў нашую краіну?»
БЕЛАРУСЬ-ЕС. 11 траўня прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай рады, грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя бралі ўдзел у сустрэчы высокага ўзроўню ў Еўракамісіі ў Бруселі па выпрацоўцы плана дапамогі Беларусі. Ад ЕС удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх 27 краінаў, Еўракамісіі, службы знешніх дзеянняў ЕС.
БЕЛАРУСЬ-ІЗРАІЛЬ. Святлана Ціханоўская сустрэлася з амбасадаркай Ізраіля ў Літве Хадас Вітэнберг-Сільверстайн. Абмяркоўвалі сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, пагрозу размяшчэння ядзернай зброі, беларуска-ізраільскія культурныя сувязі і супрацу Ізраіля з дэмакратычнай Беларуссю.
БЕЛАРУСЬ-НАРВЕГІЯ. Святлана Ціханоўская сустрэлася з камітэтам па замежных справах парламента Нарвегіі. Абмяркоўвалі праграмы падтрымкі для палітвязняў, культурніцкія праекты, праграму хросных для палітвязняў і стварэнне ў парламенце групы сяброў Беларусі.
МІЖНАРОДНЫЯ ВЫСТУПЫ. 12 траўня Святлана Ціханоўская выступіла на 5-м форуме «Наша будучыня» ў Варшаве. У сваім выступе яна заклікала падтрымліваць тых, хто змагаецца, як ва Украіне, так і ў Беларусі. А таксама дапамагаць і падтрымліваць беларускіх палітзняволеных. Таксама Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у 34-м Гайдэльбергскім сімпозіуме і выступіла з прамовай. Відэазварот можна паглядзець па спасылцы.
ГЛАБАЛЬНЫ ПАРЛАМЕНЦКІ КАНГРЭС адбыўся ў Вільні 12-13 траўня. Ад Беларусі выступілі Наталля Пінчук і дарадца Святланы Ціханоўскай па міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька. Кангрэс адкрылі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і старшыня Сейма Вікторыя Чмілітэ-Нільсан. З уступнымі словамі выступілі намеснік Генеральнага сакратара ААН Гай Райдэр, прэзідэнт Міжпарламенцкага саюза Дуартэ Пачэку.
МАГЧЫМАСЦІ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Выйшаў новы выпуск дайджэсту «Асвета», дзе сабраныя міжнародныя магчымасці для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў.
РАЗМОВЫ З БЕЛАРУСАМІ. У пятніцу, 12 траўня, Святлана Ціханоўская правяла штотыднёвыя асабістыя размовы з беларусамі. Разам з ёй была дарадца па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. Прачытаць пра тое, што такое асабістыя размовы і як яны праходзяць можна тут.
ВАЛАНЦЁРЫ ОФІСА. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сустрэўся з валанцёрамі Офіса і расказаў пра стратэгію дэмакратычных сілаў, планы і міжнародныя сустрэчы. Як прайшла размова чытайце па спасылцы. Падтрымаць валанцёрскую праграму Офіса: рабіце данаты праз BYSOL або станавіцеся валанцёрам праз @AskOffice_bot.
ЭКСПЕРТНАЯ ДЫСКУСІЯ. 11 траўня Офіс Святланы Ціханоўскай і Оксфардская абсерваторыя па Беларусі правялі дыскусію на тэму беларуска-еўрапейскіх адносінаў з удзелам дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, былога амбасадара ЕС у Беларусі Дзірка Шубеля, экспертаў Вольгі Дрындовай і Рыгора Ніжнікава. Аналітычныя брыфы па выніках папярэдніх вэбінараў вы можаце прачытаць тут.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Наша Ніва (Беларусь), RTE Radio1 (Ірландыя), Virgin Media News (Ірландыя), Mid West Radio (Ірландыя), Independent (Ірландыя), RTE (Ірландыя), Sisa Journal (Паўднёвая Карэя), N.News (Паўднёвая Карэя).