Святлана Ціханоўская: «Хутка Новы год. Для нашых дзяцей гэтае свята – сапраўдны цуд. І чым больш складаны час, тым больш яны чакаюць запаветных падарункаў пад ялінкай. Таму мы з вамі як бацькі заўсёды імкнемся стварыць для сваіх дзяцей свята. Каб, узгадваючы пра сваё дзяцінства, яны памяталі ў першую чаргу цеплыню і клопат.
Я спадзяюся, вашыя сем'і ў гэтым годзе змогуць сустракаць Каляды і Новы год разам. Але мы з вамі ведаем, што не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Тысячы беларускіх дзяцей у гэтыя святы не змогуць абняць маму ці тату, а нехта – абодвух, бо іх бацькоў незаконна трымаюць у турмах па палітычных матывах. Гэта рэальнасць, у якой зараз знаходзіцца нашая краіна, але мы можам дапамагчы маленькім беларусам: зрабіць ім падарункі, якія яны спадзяюцца атрымаць.
Фонд «Краіна для жыцця» цяпер прымае лісты ад дзяцей палітвязняў, у якіх яны распавядаюць Дзеду Марозу пра свае мары. Далучыцеся да гэтай акцыі, усяго адзін данат ад вас можа ўвасобіць мару Машы, чый тата ў ШІЗА. Або Толі, які апошні раз бачыў маму два гады таму. Распавядзіце сябрам пра гэтую акцыю, запрасіце калегаў і зрабіце гэта карпаратыўнай добрай справай напярэдадні Калядаў. Узгадайце сябе дзіцем – у вас, пэўна, дагэтуль з'яўляецца ўсмешка, калі вы ўзгадваеце запаветны падарунак, атрыманы даўным-даўно. А зараз вы можаце зрабіць такімі ж шчаслівымі і іншых дзяцей. Для гэтага трэба перайсці па спасылцы ў профілі і запоўніць заяўку.
Дарэчы, Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры, выпраўляе мяне і кажа, што ў беларускай традыцыі прынята пісаць не Дзеду Марозу, як у рускай, а Святому Мікалаю. Ці ведаеце вы пра гэта? Можа, у гэтым годзе мы разам распавядзем дзеткам пра яго? Ці вашыя дзеці і так пішуць яму лісты?»
Анкету для ўдзелу ў акцыі можна запоўніць тут.
Прыняць удзел у акцыі «Пошта Дзеда Мароза» і павіншаваць дзяцей палітвязняў можна тут.