«Мікалай Аўтуховіч – 25 гадоў.
Галіна Дзербыш – 20 гадоў.
Вольга Маёрава – 20 гадоў.
Павел Сава – 20 гадоў.
Павел Рэзановіч – 19 гадоў.
Віктар Снегур – 19 гадоў.
Уладзімір Гундар – 18 гадоў.
Ірына Мельхер – 17 гадоў.
Сяргей Рэзановіч – 16 гадоў.
Любоў Рэзановіч – 15 гадоў.
Ірына Гарачкіна – 6 гадоў, 1 месяц.
Антон Мельхер – 2,5 гады.
Гэта не ўзрост. Гэта вар'яцкія тэрміны, якія людзі атрымалі пасля «суда» па «справе Аўтуховіча» – амаль 200 гадоў на 12 чалавек. Некаторыя з іх нават не знаёмыя адно з адным, але для рэжыма, які стварае ілюзію «тэрарыстычнай пагрозы», гэта няважна.
Дык хто гэтыя «тэрарысты»? Хто нясе такую пагрозу дзяржаве, што рэжым ацаніў яе ў дзесяцігоддзі?
Хворая на анкалогію пенсіянерка Галіна Дзербыш. Інвалід без нагі Уладзімір Гундар – з якога здзекаваліся сілавікі і адбіралі пратэз ды мыліцы. Святар Сяргей Рэзановіч, пенсіянерка Ірына Мельхер, грамадзянскія актывісты і актывісткі.
Але справа ў тым, што не пенсіянеркі і актывісткі здрадзілі Беларусі. Гэта не яны давялі краіну да прорвы: да знішчэння іншадумства, да катаванняў у турмах, да росту цэнаў і падзення заробкаў, да размяшчэння войскаў акупантаў і дапамогі ў нападзе на іншую краіну.
Кожны з нас павінен працаваць і рабіць тое, што можа – каб як мага хутчэй прыйшоў момант, калі Мікалай Аўтуховіч і ўсе зняволеныя па палітычных прычынах будуць на волі. Каб беларусы маглі спакойна жыць у сапраўды сваёй краіне, дзе кожнага чалавека паважаюць і цэняць. Каб Беларусь адстаяла незалежнасць, больш не ўдзельнічала ў войнах і назаўсёды пазбавілася ад дыктатуры. Каб Беларусь стала сапраўднай краінай для жыцця, як марыў Сяргей Ціханоўскі і мільёны беларусаў».