Сёння Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніком Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем.
Падчас сустрэчы Ціханоўская:
– Расказала пра прысуд Віктару Бабарыку і пра іншыя суды над беларусамі. Усе невінаватыя людзі павінны быць вызваленыя – зрабіць гэта можна па Акце аб рэабілітацыі.
– Прапанавала канцэпт, як беларускі народ можа быць прадстаўлены ва Усходнім партнёрстве, раз Лукашэнка самаўхіліўся з гэтай праграмы. Яна таксама прапанавала, каб дэмакратычныя сілы прадставілі Беларусь на саміце Усходняга партнёрства.
– На пытанне Мішэля пра адзінства сілавога блока і дэмакратычных сіл адказала, што сярод сілавікоў адзінства няма даўно, а дэмакратычныя сілы, як і раней, працуюць разам на адзіную мэту: «З кантактаў з супрацоўнікамі сілавых структур мы разумеем, што ў рэжыме яны бачаць толькі гвалт і ніякай будучыні. Яны выдатна ведаюць, што іх будучыня – за дэмакратычнымі пераменамі».
– Заявіла, што варта пашыраць праграмы дапамогі палітвязням і іх сем'ям, незалежным медыя і прыватнаму бізнесу, а таксама План ЕС для новай Беларусі. Таксама цяпер важна, каб Украіна далучылася да санкцый ЕС і каб былі зачыненыя шчыліны ў санкцыях – тады ў рэжыма не будзе шляхоў для іх абыходу.
– Заклікала падтрымаць канферэнцыю па вырашэнні крызісу ў Беларусі на ўзроўні ЕС.