Ціханоўская: «На 27 траўня ў Беларусі 426 палітвязняў. Умовы ўтрымання ў беларускіх турмах набліжаныя да сярэднявечных. Нявінныя людзі падвяргаюцца маральнаму і фізічнаму гвалту, іх катуюць, вымотваюць адсутнасцю сну, прагулак на свежым паветры, прадуктаў. Усе мы бачылі відэа гібелі Вітольда Ашурка – і яно пакідае мала сумненняў, што гэта была гвалтоўная смерць.
Мы змагаемся за тое, каб усе зняволеныя па палітычных матывах выйшлі на волю і былі рэабілітаваныя. Але вязням сумлення і іх родным патрэбная дапамога – і прама зараз. Самае малое, чым мы можам дапамагчы ў гэтых абставінах, – падтрымаць сем'і палітвязняў і перадаваць ім прадукты, фармуючы перадачы.
Як адправіць перадачу палітвязням анлайн?
Валанцёры фонду «Краіна для Жыцця» кожны тыдзень носяць перадачы нашым героям. У мінулым месяцы яны даставілі больш за 2,5 тон перадач. Зараз яны зрабілі сервіс, які дазваляе прама на сайце дапамагчы сабраць гэтыя прадукты і сфармаваць перадачу анлайн – аплаціўшы яе. Валанцёры збяруць і даставяць тавары адрасатам.
Заходзьце на сайт Фонду «Краіна для Жыцця» і выбірайце набор, які вы хочаце перадаць:
- «Канцылярскі» – з канвертамі і аркушамі паперы, каб дапамагчы пісаць лісты і маляваць.
- «Вітамінны» – са свежай садавіной і гароднінай, якіх вельмі не хапае зняволеным.
- «Прадуктовы» – з наборам прадуктаў для паўнавартаснага харчавання.
Вы можаце выбраць штомесячную або аднаразовую дапамогу. Галоўнае – падтрымайце тых, хто апынуўся ў турме, падтрымліваючы ўсіх нас.
А 29 траўня, у дзень затрымання Сяргея Ціханоўскага, пройдзе Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю ва ўсім свеце – і я заклікаю беларусаў унутры краіны падтрымаць адно аднаго ўсімі магчымымі спосабамі: лістамі, ахвяраваннямі і вулічнымі акцыямі».