28-29 лістапада ў Варшаве праходзіць першая афлайн-сустрэча Жаночай палітычнай групы, якая аб’ядноўвае прадстаўніц беларускіх дэмакратычных структур, палітычных партый і грамадзянскай супольнасці.
Сёння да ўдзельніц сустрэчы далучылася Святлана Ціханоўская. Разам яны абмеркавалі гісторыю беларускага жаночага руху, ролю жанчын у палітычных працэсах з пачатку 1990-х гадоў да сённяшняга дня, пераемнасць пакаленняў і досвед жаночага лідарства ў 2020 годзе.
Святлана Ціханоўская:
«Беларускія жанчыны маюць вялікі досвед палітычнай дзейнасці. І не толькі з 2020 года. За намі — дзесяцігоддзі працы жанчын, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, за правы чалавека, за дэмакратычныя перамены. Сённяшняя сустрэча яшчэ раз паказала, колькі таленавітых і прафесійных жанчын працуе ў беларускіх дэмакратычных сілах. І вельмі важна, каб у будучай Беларусі нам не давялося нанова змагацца за тыя правы і магчымасці, за якія змагаліся пакаленні беларусак да нас».
Цягам двух дзён удзельніцы таксама абмяркуюць:
– удзел жанчын у сучаснай беларускай палітыцы і бар’еры, з якімі яны сутыкаюцца;
– стварэнне супольнай платформы для прасоўвання інтарэсаў беларусак і ўзмацнення іх палітычнага ўплыву;
– агульныя каштоўнасці, прыярытэты і напрамкі супрацоўніцтва;
– план сумесных дзеянняў на бліжэйшы год.
Юлія Міцкевіч, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя:
«Гэтая сустрэча — значна больш, чым размова. Беларускія жанчыны ўжо паказалі ў 2020 годзе, што могуць весці за сабой краіну. Але палітычнае лідарства не з’яўляецца само па сабе. Яго трэба будаваць праз давер, узаемную падтрымку і супольныя рашэнні. Калі жанчыны з розных структур сядаюць за адзін стол, шукаюць агульныя каштоўнасці і дамаўляюцца пра сумесныя дзеянні, нараджаецца сіла, якая робіць наш голас чутным там, дзе прымаюцца рашэнні. Гэта важна ўжо сёння і будзе важна ў будучай дэмакратычнай Беларусі».