• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская сустрэлася са спікеркамі парламентаў Германіі і Францыі і ўзяла ўдзел у мерапрыемствах да гадавіны падзення Берлінскай сцяны

    09 лістапада, 2026

    9 лістапада ў Берліне Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Бундэстага Юліяй Клёкнер і старшынёй Нацыянальнага сходу Францыі Яэль Брон-Півэ.

    Сустрэча адбылася ў рамках саміту «Жанчыны, свабода і бяспека», прымеркаванага да 37-й гадавіны падзення Берлінскай сцяны. У мерапрыемстве таксама ўзяла ўдзел Масіх Алінеджад — вядомая іранская журналістка і праваабаронца, якая змагаецца за правы жанчын і супраць рэпрэсій у Іране.

    Мерапрыемствы прайшлі ў Бундэстагу і каля мемарыяла Берлінскай сцяны. У дыскусіі разам з палітыкамі ўдзельнічалі нямецкія школьнікі, якія задавалі пытанні пра жаночае лідарства, абарону дэмакратыі, палітычных зняволеных і ролю грамадства ў адстойванні свабоды і правоў чалавека.

    Святлана Ціханоўская распавяла пра беларускія пратэсты 2020 года, ролю жанчын у дэмакратычным руху, мужнасць палітвязняў і працяг барацьбы беларусаў за свабоду. Яна падкрэсліла, што нават ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій беларускае грамадства працягвае супраціў і захоўвае веру ў перамены.

    Святлана Ціханоўская:

    «Падзенне Берлінскай сцяны нагадвае нам, што нават самыя моцныя дыктатуры не вечныя. Калісьці здавалася немагчымым, што гэтая сцяна ўпадзе, а Германія зноў стане адзінай. Але мужнасць людзей і іх імкненне да свабоды змянілі гісторыю.

    Сёння Еўропа зноў сутыкаецца з выклікамі. Дыктатуры правяраюць яе на трываласць, спрабуюць пасеяць страх, раскалоць грамадствы і прымусіць адмовіцца ад прынцыпаў.

    Але сіла Еўропы — не толькі ў яе эканоміцы ці арміях. Яе сіла — у каштоўнасцях, у дэмакратыі, свабодзе і павазе да чалавечай годнасці. І гэтыя каштоўнасці трэба абараняць не толькі словамі, але і дзеяннямі — прынцыпова і паслядоўна.

    Беларусы хочуць быць часткай такой Еўропы. І я веру, што аднойчы мы таксама зможам святкаваць падзенне нашай дыктатуры і вяртанне Беларусі ў еўрапейскую сям’ю».

    Ціханоўская падзякавала Германіі і Францыі за падтрымку беларускага народа, дэмакратычных сіл і палітычных зняволеных. Яна заклікала еўрапейскіх лідараў захоўваць адзінства і не ісці на кампрамісы з дыктатурамі за кошт правоў чалавека і бяспекі еўрапейскіх краін.

    Апошнія навіны