9 лістапада ў Берліне Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у закрытым круглым стале, прысвечаным транснацыянальным рэпрэсіям, якія ладзіць рэжым Лукашэнкі. Сустрэча была арганізаваная Freedom House сумесна з Нямецкім фондам Маршала, у офісе якога прайшло мерапрыемства.
У дыскусіі ўзялі ўдзел прэзідэнт Freedom House Джэймі Флай, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Германіі, нямецкія эксперты, беларускія журналісты, праваабаронцы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Галоўная тэма — як абараніць беларусаў, якія з’ехалі ад рэпрэсій, але працягваюць сутыкацца з пагрозамі нават за межамі краіны.
Удзельнікі абмеркавалі выкарыстанне рэжымам міжнародных механізмаў вышуку, у тым ліку Інтэрпола, завочныя крымінальныя справы, ануляванне дакументаў, ціск на сваякоў у Беларусі, спробы вярбоўкі і запалохванне актывістаў з боку спецслужбаў.
Святлана Ціханоўская прадставіла прапановы па ўзмацненні абароны беларусаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Сярод асноўных прапановаў:
– Абарона ад палітычна матываванага вышуку. Не дапускаць выкарыстання Інтэрпола і міждзяржаўных механізмаў вышуку для пераследу беларускіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў. Забяспечыць дадатковую праверку запытаў рэжыму і не дапускаць экстрадыцыі людзей па палітычных справах.
– Спрасціць выдачу праязных дакументаў і дазволаў на жыхарства беларусам, якія не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь. Выпрацаваць адзіны еўрапейскі падыход да пратэрмінаваных пашпартоў, каб людзі не залежалі ад рашэнняў рэжыму.
– Абарона ад пагроз спецслужбаў. Стварыць зразумелыя механізмы, праз якія беларусы змогуць бяспечна паведамляць пра пагрозы, сачэнне, спробы вярбоўкі і шантаж праз сваякоў. Узмацніць супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі еўрапейскіх краін.
– Супольныя дзеянні на ўзроўні ЕС, АБСЕ і Рады Еўропы. Дамагацца прызнання транснацыянальных рэпрэсій асобнай пагрозай бяспецы, наладзіць абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі і распрацаваць агульныя рэкамендацыі па абароне людзей, якіх пераследуюць аўтарытарныя рэжымы.
– Адказнасць арганізатараў пераследу. Дакументаваць выпадкі транснацыянальных рэпрэсій і выкарыстоўваць гэтыя звесткі для санкцый супраць адказных супрацоўнікаў спецслужбаў і іншых прадстаўнікоў рэжыму.
Святлана Ціханоўская:
«Для многіх беларусаў выезд з краіны не азначае, што яны могуць пакінуць пераслед у мінулым. Рэжым працягвае пагражаць ім, заводзіць крымінальныя справы, ціснуць на іх сваякоў, ствараць праблемы з дакументамі. Фактычна ён спрабуе пазбавіць людзей адчування бяспекі нават за межамі Беларусі.
Таму важна, каб еўрапейскія краіны не толькі давалі беларусам прытулак, але і абаранялі іх ад транснацыянальных рэпрэсій. Каб запыты беларускіх уладаў не станавіліся падставай для затрыманняў і выдачы людзей, а беларусы маглі спакойна жыць, працаваць, падарожнічаць і не баяцца за сябе і сваіх блізкіх.
Мы ўдзячныя Германіі за сур’ёзнае стаўленне да гэтай праблемы і разлічваем на далейшае супрацоўніцтва ў пошуку канкрэтных рашэнняў».
У Міністэрстве замежных спраў Германіі ўжо створана асобнае падраздзяленне, якое займаецца пытаннямі транснацыянальных рэпрэсій.
