• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская — з нагоды Дзядоў

    02 лістапада, 2026

    «На Дзяды асабліва хочацца пачуць галасы тых, каго ўжо няма побач.

    Бывае, згатуеш нешта па бабуліным рэцэпце — і ўспомніш, як яна завіхалася на кухні. Ці пачуеш знаёмы выраз і ўсміхнешся: так жа дзядуля казаў. Саміх людзей ужо няма побач, а столькі ад іх засталося ў нашым жыцці. Нават у тым, як мы сустракаем гасцей ці клічам дзяцей вячэраць.

    На Дзяды мы збіраемся, каб іх успомніць. Бабулю і дзядулю, бацькоў, сяброў, суседскую цётку, якая ведала нас з маленства і заўсёды мела для нас пачастунак. Прыгадваем, якімі яны былі, што любілі, як умелі суцешыць. Часам плачам, часам смяёмся з гісторыі, якую ўжо столькі разоў чулі. І радуемся, што побач ёсць хтосьці, хто таксама яе памятае.

    Мне вельмі хочацца, каб за такімі размовамі былі і нашы дзеці. Каб маглі распытаць, пагартаць разам з намі альбом, даведацца, чыю ўсмешку ці характар яны атрымалі ў спадчыну. Каб людзі, якіх яны, магчыма, ніколі не бачылі, сталі для іх блізкімі.

    Калісьці нашы старэйшыя гэтак жа перадавалі нам свае ўспаміны, песні, сямейныя звычаі. Дзякуючы гэтай любові і клопату праз пакаленні захавалася столькі нашага, беларускага. І цяпер мы самі можам перадаць гэта далей.

    Сёння не ўсе могуць прыехаць на могілкі блізкіх ці сабрацца ў бацькоўскім доме. Але можна зладзіць свой вечар памяці там, дзе вы цяпер. Прыгатаваць нешта знаёмае з дзяцінства, запаліць свечку, паклікаць блізкіх. Пачаць з простага: «А памятаеце?..» Або расказаць тое, чаго за гэтым сталом яшчэ ніхто не чуў.

    У кожнай сям’і будуць свае імёны і гісторыі. А па ўсёй Беларусі і далёка ад яе ў гэтыя вечары людзі будуць успамінаць сваіх. Ад гэтага мне асабліва цёпла: мы ў розных месцах, але столькі ў нас агульнага.

    Давайце зберажом гэта. Каб і праз шмат гадоў нашы ўнукі запрашалі сваіх блізкіх: «Прыходзьце. Сёння Дзяды».

    Апошнія навіны