27 кастрычніка ў Дубліне Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэм’ер-міністрам Ірландыі Міхалам О’Марцінам.
Абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, падтрымку Украіны, вызваленне палітвязняў, еўрапейскую будучыню Беларусі і далейшую супрацоўніцтва з Ірландыяй.
Ціханоўская распавяла пра сітуацыю ўнутры Беларусі, працяг рэпрэсіяў і ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай вайне супраць Украіны. Таксама абмеркавалі развіццё супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з украінскім кіраўніцтвам і важнасць уліку беларускага пытання ў будучых мірных перамовах.
Ціханоўская асобна распавяла пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, а таксама пра ініцыятывы беларускіх валанцёраў па падтрымцы ўкраінцаў напярэдадні халоднай зімы, у тым ліку збор сродкаў на генератары.
Асобную ўвагу надалі вызваленню палітвязняў і дапамозе рэпрэсаваным, у тым ліку — намаганням амерыканскай адміністрацыі. Ціханоўская падкрэсліла неабходнасць працягваць працу дзеля вызвалення ўсіх зняволеных па палітычных матывах, захоўваючы міжнародны ціск на рэжым да рэальных сістэмных зменаў у Беларусі.
Важнай тэмай сустрэчы стала еўрапейская будучыня Беларусі. Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларусам вельмі важна чуць ад лідараў ЕС выразнае пасланне: Беларусь — частка Еўропы, і яе будучыня — у еўрапейскай сям’і. Міхал О’Марцін выказаў гатоўнасць падтрымліваць гэтую пазіцыю, у тым ліку падчас будучага саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ірландыі.
Таксама абмеркавалі падтрымку беларускай дыяспары, пытанні легалізацыі беларусаў за мяжой і праблемы з пратэрмінаванымі пашпартамі. Асобную ўвагу надалі дапамозе рэпрэсаваным і вызваленым палітвязням, якія вымушана знаходзяцца ў эміграцыі і маюць патрэбу ў падтрымцы для пачатку новага жыцця.
Святлана Ціханоўская падзякавала прэм’ер-міністру Міхалу О’Марціну, ураду і народу Ірландыі за шматгадовую салідарнасць і падтрымку дэмакратычнай Беларусі, а таксама за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі рэпрэсаваным беларусам і захаванне беларускага пытання ў парадку дня Рады ЕС падчас ірландскага старшынства. Яна таксама выказала ўдзячнасць за арганізацыю канферэнцыі, прысвечанай ірландскай і беларускай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці, і адзначыла працу амбасады Ірландыі ў Літве ў падтрымцы беларускай культуры, грамадзянскай супольнасці і супольных адукацыйных ініцыятываў.
