17 кастрычніка Юлія Юхно, дырэктарка Цэнтра беларускай дэмакратычнай супольнасці і кіраўніца Народнай Амбасады Беларусі ў Італіі, выступіла на сустрэчы «Шматгранны горад» (Una città molteplice), арганізаванай муніцыпалітэтам Прата ў межах цыкла мерапрыемстваў «Прата — горад за мір».
Галоўнымі тэмамі сустрэчы сталі пытанні міру, узброеных канфліктаў, міжнароднай бяспекі, інтэграцыі і суіснавання розных супольнасцяў.
Падчас выступу Юлія Юхно распавяла пра актуальную сітуацыю ў Беларусі і дзейнасць беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Італіі. Асобную ўвагу яна надала пытанням інтэграцыі беларусаў у мясцовае грамадства, а таксама магчымасцям развіцця супрацоўніцтва з італьянскімі ўладамі і грамадскімі арганізацыямі.
Адным з ключавых пасылаў выступу Юхно стала неабходнасць абароны міру і дэмакратычных каштоўнасцяў:
«Мір і дэмакратыю нельга ўспрымаць як нешта само сабой зразумелае. Гэта каштоўнасці, якія неабходна пастаянна абараняць, захоўваць і ўмацоўваць сумеснымі намаганнямі.
Мы павінны памятаць, што мір, у якім сёння жыве значная частка Еўропы, быў дасягнуты цаной шматлікіх чалавечых жыццяў. Мы не маем права забывацца на гэтыя ахвяры, асабліва сёння, калі свет зноў сутыкаецца з войнамі і пагрозамі бяспецы».
